/ Навіны / І калядоўшчыкі насілі…

І калядоўшчыкі насілі…

Бяроза для продкаў была сакральным дрэвам. Ля яе вясной праводзілі абрад “кумлення”, у якасці абярэга галінкамі ўпрыгожвалі двор і хатнюю прастору на Зялёныя святкі. Дрэўца лічылі ўвасабленнем жаночай прывабнасці, маладосці, чысціні. Здаўна сок, лісце, пупышкі і суквецце (завушніцы), бярозавы дзёгаць, вугаль з драўніны актыўна прымянялі ў народнай медыцыне. Бярозу ўзгадвалі ў песнях, загадках, прыказках, прымаўках.

Багата розных хатніх прадметаў выраблялі з драўніны, але асобна трэба сказаць пра выкарыстанне бяросты – верхняга слоя кары бярозы.

Нарыхтоўкай бяросты займаліся тройчы ў год: у перыяд інтэнсіўнага руху соку – увесну, у чэрвені (ліпені) – падчас цвіцення шыпшынніка, і падчас восеньскага лістападу. Берасцяное лыка адразу пасля зняцця скручвалі ў клубкі, інакш яно станавілася непрыгодным для работы. Захоўваць неабходна было на гарышчы ці ў іншым месцы, якое добра праветрывалася. У клубках лыка магло захоўвацца гадамі.

Бяроста – матэрыял лёгкадаступны, таму выкарыстоўваўся для розных гаспадарча-бытавых патрэб, пачынаючы ад дзіцячых цацак, посуду (берасцянкі для захавання мёду, прыпраў і круп, сальніцы і інш.) да будоўлі дамоў. Дзіцячыя цацкі-бразготкі (шаргункі), зробленыя з “цёплага” матэрыялу (так казалі пра бяросту) лічыліся абярэгам. Плялі з бяросты пастухоўскія торбы, лапці. Праўда, лапці былі не такія трывалыя, як з ліпавага лыка. Гліняную пасудзіну з трэшчынай не спяшаліся выкідваць, а апляталі берасцянымі стужкамі, засмаліўшы па краях жывіцай.

Незвычайным вырабам з бяросты можна назваць вярэньку (заплечны кораб) для пераносу прадуктаў, гародніны, збору ягад і грыбоў. Вярэнькі на іншых тэрыторыях мелі назвы пайва, пестар, пляцёнка, шэнька, катомка і інш.

Для зручнасці да верхняй часткі заплечнага кораба прыладжвалі шлейкі, што дазваляла несці выраб на спіне. Шырокае горла прыкрывалася сплеценым вечкам. Для большай трываласці край прашывалі скураной стужкай. Апрацаваная пэўным спосабам бяроста набывала трываласць, воданепранікальнасць і не трэскалася на марозе. У іх выдатна захоўваліся прадукты ў любое надвор’е, таму ў іх неслі ежу на сенакос, бралі ў лес падчас нарыхтоўкі дроў, хадзілі на балота ў журавіны. У некаторых вёсках на Каляды ў такі кораб складвалі пачастункі, якімі адорвалі калядоўшчыкаў гаспадары.

Промысел з бяросты не знік, ён прыстасаваўся да нашага часу і працягвае жыць ва ўмелых руках майстроў, якія выкарыстоўваюць вопыт продкаў, накоплены за вякі.
На фотаздымку: берасцяны заплечны кораб (лак. назва – катомка), які бытаваў у вёсцы Дамейкі Лідскага раёна.

Куратар праекта “Слоўка за слоўкам” – навуковы супрацоўнік І. Клімовіч.

Выкарыстаныя крыніцы:

Этнаграфія Беларусі: Энцыкл. (Беларус. Сав. Энцыкл.: Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. Рэд.) і інш.. – Мн.: БелСЭ, 1989. – с.78, 126.
Інтэрнэтрэсурсы: https://ru.wikipedia.org/wiki/%D0%91%D0%B5%D1%80%D0%B5%D1%81%D1%82%D0%B0