/ Навіны / Гісторыя Лідскага замка другой паловы XX ст. па ўспамінах сучаснікаў

Гісторыя Лідскага замка другой паловы XX ст. па ўспамінах сучаснікаў

Гісторыя пачынаецца з памяці. Успаміны звычайных людзей, дзяцінства якіх праходзіла ля старых руін, ці выдатных асоб, прафесійная дзейнасць якіх была звязана з адраджэннем цвярдыні, папаўняюць старонкі доўгай гісторыі Лідскага замка.

Адно з першых пасляваенных упамінанняў пра замак было напісана Палеесам А. у 1947 г. у часопісе “Беларусь”: “Нямыя, але красамоўныя сведкі далёкіх мінулых часоў – руіны Лідскага замка і цяпер яшчэ ўзвышаюцца над акружаючай мясцовасцю ў прадмесці горада. Размешчаныя ў форме чатырохкутніка на невялікім узвышэнні, яны ўяўляюць сабой і цяпер чатыры сцяны, вышынёю ў 8-9 метраў. У паўночна-ўсходнім вуглу замкавай сцяны можна разгледзець сляды адной з былых замкавых вежаў”. [1]

Лідскі замак 1949 г. [2]
У 1952 г. замак наведалі архітэктары Юрый Ягораў і  Анатоль Міцянін, які зрабіў некалькі здымкаў.

Лідскі замак. Малы праём ва ўсходняй сцяне. 1952 г.

У 1953 г. Лiдскi замак увайшоў у спiс помнікaў архiтэктуры БССР, якiя былi ўзяты пад дзяржаўную ахову. На гэтым зацікаўленасць з боку афіцыйных устаноў на праблемах замка ў 1950-я гг. была закончана. І гэта зразумела, бо першачаргова вырашаліся пытанні аднаўлення народнай гаспадаркі. [3]

У Лідскім гісторыка-мастацкім музеі захоўваюцца рукапісныя нататкі Уладзіміра Міхайлавіча Логаша (на працягу 1969 – 1980 гадоў займаў пасаду старшыні Лідскага гарвыканкама) “Як выспявала і нараджалася ідэя па аднаўленню Лідскага замка”, запісаныя ў верасні 2009 г. і перададзеныя ў 2023 г. на захоўванне ў музей яго сынам Логашам У. У.

Старонкі з рукапісных нататкаў У. М. Логаша “Як выспявала і нараджалася ідэя па аднаўленню Лідскага замка”

Уладзімір Міхайлавіч успамінае: “… у тыя далёкія часы, яшчэ ў 1955 г., горад ляжаў у развалінах часоў вайны… Сам замак таксама меў агромістыя праломы, ад былых вежаў амаль нічога не засталося”.

Але і ў памяці людзей не так многа звестак пра замак 50-х гг. XX ст. Удовік Мікалай Анісьевіч 1938 г. н. успамінаў, што пасля вучобы ў Кіеўскім танкава-тэхнічным вучылішчы быў накіраваны на службу ў Ліду. Прыбыў у горад 26 кастрычніка 1959 г. Ад жалезнадарожнай станцыі да замка (сёння бульвар Гедыміна) было балота. Сам жа замак знаходзіўся ў руінах. Прагледзеўшы выданні газеты “Уперад” за 1959 г., 1960 г. не знойдзена ніякіх, нават самых дробязных успамінаў пра Лідскі замак.

Не мяняецца значна сітуацыя і ў пачатку 1960-х гг. Не бачылі лідчане замак як месца культурнага адпачынку. У газеце “Уперад” за 1961 г. надрукаваны артыкул электразваршчыка завода сельгасмашын Філіповіча М. “Арганізаваць адпачынак працоўных”, дзе ён выказвае меркаванне аб неабходнасці стварэння ў горадзе культурных зон, але замак як месца адпачынку не разглядаецца наогул. [4]

У. М. Логаш успамінае: “Ходзячы кожны дзень на працу – замак пастаянна быў навідавоку. На замкавым двары былі горы друзу і хламу, з суседніх дамоў пасвіліся козы, за замкавымі сценамі хаваліся п’яніцы каб выпіць. З боку ўлад за замкам не было ніякага нагляду і клопату – ўсё цякло само па сабе”.

Над Лідскім замкам навісла чарговая пагроза знікнення, каб не ініцыятыва Уладзіміра Міхайлавіча. “Паступова са сцен выпадалі валуны і каменне. У 1966 г. у сувязі з ростам аб’ёмаў будаўніцтва будаўнічае ўпраўленне перарасло ў будаўнічы трэст № 19. Калі я стаў упраўляючым трэста, узнікла ідэя на замкавым двары стварыць спартыўныя пляцоўкі для маладых будаўнікоў. Была выказана просьба гарвыканкаму, каб замак перадалі пад шэфскі нагляд трэста. Паросьба была задаволена.

Перш наперш мы вывозілі непатрэбны хлам, сіламі трэстаўскай моладзі падраўнялі зямлю і зрабілі пляцоўкі для гульні ў мяч, з вуліцы Камсамольскай на тэрыторыю замка завялі вадаправод і зімой сталі заліваць каток. Выдзялілі спецыялістаў, і самыя небяспечныя месцы, дзе каменні пагражалі выпадзеннем, падмацавалі цэментным растворам. Гэта было зроблена яшчэ і таму, што ў той час у горадзе хадзіла такая думка і пагалоска, нават ад высокіх чыноўнікаў: парэшткі сцен замка лепш разабраць, і камень пусціць на будоўлі горада”. [5]

Калi ў вepacнi 1967 г. ЦК КПБ i Савет Miнiстраў БССР прынялi Пастанову аб правядзеннi неадкладных рамонтна-рэстаўрацыйных работ на помніках гісторыі i архiтэктуры, то руiны лідскiх муроў трапілі ў зацверджаны дакумент пад № 13. Рашэннем мясцовых улад Лідскі замак перададзены пад шэфскі нагляд будаўнічаму трэсту № 19. У замкавым двары абсталяваны футбольнае поле з варотамі, валейбольная пляцоўка са слупамі, яма для скачкоў у даўжыню і лаўкі. Падведзена вада і некалькі зімаў, наколькі дазваляла надворўе, там заліваўся каток для забаў. [6]

Замкавы двор у 1960-я гг.

Замак паступова становіцца месцам правядзення гарадскіх мерапрыемстваў. 24 – 25 лютага 1968 г. у горадзе праводзілася свята “Снежны фэст”. У замку гучала музыка ў выкананні духавога аркестра, праводзіліся танцы на лёдзе, карагоды, масавыя гульні. [7] У 1973 г. свята провадаў зімы “пачалося ў чатырнаццаць гадзін каля сцен старажытнай крэпасці. Тут сапраўды было на што паглядзець, чаму здзівіцца. Тэатралізаваную калону ўзначалілі тры былінныя асілкі. … За імі рушылі апошнія – хто на вазах, хто на размаляваных аўтамашынах, – персанажы казачных твораў”. [8]

“Падчас святкаванняў каля сцен замка праходзілі дэманстранты. Пасля людзі збіраліся, часта кучкаваліся за ўсходняй сцяной, бо там быў зацішок”. (З успамінаў Логаша Уладзіміра Уладзіміравіча, 1958 г. н.)

Дэманстранты ля сцен замка падчас святкавання 1 мая (к. 60-х гг. XXст.) [Фота з асабістага архіва Логаша У. У.]
Замак надоўга заставаўся месцам дзіцячых гульняў.

“На зімовых канікулах часта вабілі час ля сцен замка. Каталіся на санках са схілаў, забуляліся на замкавым двары. Дарэчы, папасць туды было даволі лёгка. Праход быў на месцы паўночна-заходняга вугла, дзе варотаў не было. Замкавыя руіны выглядалі тады таямніча.”. (З успамінаў Козел Людмілы Васільеўны, 1959 г.н.)

“Крэпасць- месца, дзе збіраліся кампаніі дзяцей. Ні варотаў, ні вартаўнікоў не было. Тут мы гулялі ў футбол, каталіся з горак. У жмені заграбалі пясок і прадувалі. У выніку ў руках заставаліся тонкія макароніны –  гэта быў спрасованы порах. Не дзіўна, бо ў часы вайны тут размяшчаліся парахавыя склады. Паўднёвая сцяна выкарыстоўвалася стралковай секцыяй. Стралялі з “мелкашкі” (спартыўная вінтоўка). На поўдзень і ўсход ад замка быў прыватны сектар. Вада ў студнях была вельмі чыстая. Было многа крыніц”. (З успамінаў Козел Міхаіла Іванавіча, 1955 г. н.)

“На тэрыторыі замка часта праводзіліся спартыўныя мерапрыемствы па футболу, валейболу, стральбе. Стрэльбішча размяшчалася бліжэй да паўднёва-ўсходняга вугла. Памятаю, што стаялі на тэрыторыі замка лаўкі, бліжэй да паўночнай сцяны (прыкладна на месцы сучаснага будынка адміністрацыі). У 60 – 70-я гг. XX ст. у горад прыязджаў звярынец (практычна кожны год). Часта размяшчаўся на тэрыторыі замкавага двара, клеткі размяшчаліся па кругу, уздоўж замкавых сцен”. (З успамінаў Логаша Уладзіміра Уладзіміравіча, 1958 г. н.)

Паўночна-ўсходні вуга і лавы для гледачоў. 1969 г.

“З самага дзяцінства люблю спорт. Пры школе № 8 (сёння гэта будынак музычнага каледжа) была арганізавана футбольная каманда, трэніроўкі праходзілі ў двары Лідскага замка. Было гэта прыкладна ў канцы 1960-х гг. Тут былі ўстаноўлены футбольныя вароты, белай цэглай абазначаны межы поля. Праёмы ў паўднёвай і ўсходняй сценах замка былі закладзены цэглай. А ўваход ў замак размяшчаўся на месцы развалу паўночна-заходняга вугла. З жалезных прутоў вароты былі часцей адкрыты, і людзі маглі свабодна перамяшчацца па тэрыторыі замка”. (З успамінаў Папялёнка Андрэя Аляксандравіча, 1959 г. н.)

Вароты на месцы паўночна-заходняга вугла, 1970-я гг.

“Вельмі яркія дзіцячыя ўспаміны пакінуў год, калі на тэтыторыі замка размяшчаўся маскоўскі звярынец. У двары знаходзіліся клеткі з жывёламі. Былі тут нават белыя мядзведзі. А каля малога ўваходу ва ўсходняй сцяне замка было арганізавана штосьці накшталт басейна, і  там знаходзіўся бегемот. Помню, як у яго адкрытую пашчу дзеці кідалі цукеркі ў каляровых абгортках”. (З успамінаў Часневіч Інэсы Альфрэдаўны, 1966 г. н.)

У. М. Логаш успамінае: “… калі напрыканцы 1969 г. мяне абралі старшынёй Лідскага гарвыканкама, у ліку другіх планаў і задумак, пачала выспяваць ідэя аднаўлення замка! … Перш за ўсё трэба было разбудзіць грамадскую думку. … Ні ў гістарыяграфіі, ні ў школе ў падручніках па гісторыі не было і ўпаміна аб Вялікім княстве Літоўскім, Рускім і Жамойцкім”.

У 1970 г. “гутарыла” з руінамі замка экспедыцыя Акадэміі навук БССР. Праведзены першыя археалагічныя доследы на замкавым двары пад кiраўнiцтвам Мiхася Ткачова. У выніку сучаснікі даведаліся шмат новага з гісторыі горада. [9]

У пачатку 1970 г. зноў было вырашана некалькі ўмацаваць кладку сцен, для чаго было даручана трэсту № 19 правесці замазку месц, дзе найбольш быў пашкоджаны раствор кладкі. Работу выканалі, але не зусім надзейна. Стала відавочным, што такі аб’ект патрабуе да сябе іншага падыходу. Прыкладна тады пачалі зараджацца ідэі аднаўлення замка ў тым выглядзе, у якім ён быў створаны нашымі продкамі. “У 1972 г. на адной з сесій абласнога Савета дэпутатаў я афіцыйна падняў пытанне аб рэстаўрацыі Лідскага замка. Падтрымалі гэту ідэю старшыня Гродзенскага аблвыканкама Фамічоў Р. Ф. і 2-гі сакратар Гродзенскага абкома КПБ Кабяк С. Ц., які перад гэтым працаваў у Лідзе. Ад імя абласнога Савета дэпутатаў мая прапанова пайшла ў Міністэрства культуры БССР. І ў хуткім часе гэта дало вынік. Міністэрства культуры даручыла Рэспубліканскім рэстаўрацыйным майстэрням, што размяшчаліся ў Мінску на тагачаснай вуліцы Горкага пачаць распрацоўку гэтага аб’екта”. [10] На старонках газеты “Гродзенская праўда” У. М. Логаш выказаў прапанову аб магчымым удзеле ў аднаўленні замка шведаў, чые войскі ў час Паўночнай вайны разбурылі замкавыя вежы і частку сцен.

З восені 1973 г. У. М. Логаш выступае адным з ініцыятараў рэстаўрацыі Лідскага замка. “Мой бацька, Логаш Уладзімір Міхайлавіч, з 1969 г. па 1980 г. знаходзіўся на пасадзе старшыні Лідскага гарвыканкама. З’яўляўся адным з актыўных ініцыятараў рэканструкцыі і рэстаўрацыі Лідскага замка. Займацца падобнай справай было тады даволі складана. Па – першае, у савецкі перыяд гісторыя ВКЛ не была так цікавая і актуальная як сёння. Па – другое, неабходна было здабыць неабходную цэглу ў часы дэфіцыту (выпісвалі з Літвы). Але праца па аднаўленні пачалася”. (З успамінаў Логаша Уладзіміра Уладзіміравіча, 1958 г. н.)

Праз некаторы час, калі ідэя пачала выспяваць і пашырацца, удалося ўключыць у план работ рэспубліканскай рэстаўрацыйнай майстэрні гэты аб’ект. Каб распрацаваць дэталёвы праект рэстаўрацыi, патрабавалiся значныя археалагiчныя даследаваннi. У 1974 г. на тэрыторыi замка 12

невялiкiх шурфоў заклаў Яраслаў 3вяруга . У 1977-1978, а таксама ў 1980 i 1985 гадах раскопкi ў замку праводзiў А. А. Трусаў., на працягу 1986 і 1987 гадоў – А. К. Краўцэвіч.

У. М. Логаш знайшоў агульную мову з археолагам Алегам Трусавым і аўтарам праекту рэстаўрацыі архітэктарам Сяргеем Багласавым, аказваў ім пастаянную дапамогу, арганізаваў мясцовую каманду работнікаў. [11]

У. М. Логаш успамінае: “Неўзабаве ў гарвыканкам з Майстэрань наведаліся два маладых энергічных спецыяліста, … Трусаў Алег Анатольевіч як гісторык і археолаг пачаў весці археалагічныя раскопкі і пошук гістарычных звестак аб замку ў розных крыніцах. Багласаў Сяргей Георгіевіч як архітэктар пачаў распрацоўваць праект кансервацыі рэштак замка, а затым і праект яго рэстаўрацыі…”

У жніўні 2023 г. на ўрачыстым адкрыцці ў Лідскім замку выставы “Скарбы археалогіі” сярод ганаровых гасцей прысутнічаў Трусаў Алег Анатольевіч, які таксама падзяліўся ўспамінамі пра раскопкі: “Упершыню я сюды прыехаў у верасні 1976 г. разам з Багласавым С. Паўстала пытанне, дзе ўзяць людзей на раскопкі. Далі нам вучняў старэйшых класаў (з дзецьмі тут капаў яшчэ Ткачоў М.). Капаць было немагчыма, усюды камень. Дзеці пакапалі тры дні і ўцяклі. Тады я зразумеў, што з дзецьмі нічога не зробіш. І вырашылі мы стварыць першы ў БССР і нават ў СССР будаўнічы атрад. Для арганізацыі раскопак у Лідскім замку ў 1977 г. было прынята рашэнне стварыць будаўнічы атрад імя Пічэты (першага рэктара БДУ). Бралі туды толькі мужчын, бо праца была цяжкая. Жадаючых было многа –  добра плацілі. У 1977 г. тут працавала больш трыццаці чалавек. Тры дзяўчыны памагалі мне мыць знаходкі. Сабранае каменне мы складалі, каб потым іх можна было прымяніць  на рэстаўрацыйных работах. Мы вярталі тое, што калісьці звалілася са сцен.

Традыцыя адзначаць Дзень археолага ў Беларусі таксама пачалася з Ліды. Пасвячэнне ў археолагі праходзіла праз цалаванне корда. У ваколіцах Ліды студэнты знайшлі корд, адзіны на ўсю Беларусь тады і сёння, які я перадаў на захаванне ў Лідскі музей”.

С. Багласаў прапанаваў варыянт поўнага аднаўлення замка. Праект быў прыняты Лідскім гаркомам партыі і гарвыканкамам. Яго эскізны малюнак быў вывешаны недалёка ад замка, і ўсе лідчане маглі яго бачыць.

Толькі ў 1977 г. пад кіраўніцтвам архітэктара С. Багласава пачалася поўная кансервацыя, а потым і рэстаўрацыя Лідскага замка. [12] Паралельна з раскопкамі праводзілася кансервацыя рэшткаў муроў, а затым і аднаўленчыя работы. І перш за ўсё закладваліся вуглы сцен, якія былі ўзарваны падчас вайны са шведамі.

Агульны від на замак з вокнаў гасцініцы. Ліпень 1978 г.

Летам 1978 г. для вядзення рэстаўрацыі быў створаны вытворчы ўчастак. Для вядзення рэстаўрацыйных работ стварылі брыгаду з дванаццаці чалавек, а ўзначаліў справу майстар Іосіф Мацейка. Першай над сценамі замка ўзнялася паўночна-ўсходняя вежа. У 1982 г. была зроблена поўная кансервацыя замка. На той час меркавалася, што аднаўленне замка будзе завершана да 1985 г. Але надзеі не апраўдаліся. З часам сталі праяўляцца памылкі рэстаўрацыйных работ.

Від замка ў 1980 г.

Так вясной 1986 г. адбылося абрушэнне новаўзведзенай заходняй сцяны. Былі і ёсць розныя меркаванні наконт прычын гэтага здарэння.

“Добра памятаю абвал заходняй сцяны ў 1986г., раніцай а пятай гадзіне. Жыў я тады на сёмым паверсе інтэрната насупраць замка, вокны выходзілі якраз на замак. Пачуў моцны грохат. Высунуў нос у вакно, і ўбачыў ужо раскіданае каменне па вуліцы (тады Камсамольскай). Адбылося ўсё імгненна. Добра, што гэта была раніца. Людзей на вуліцы няма. Ніводны чалавек не стаў ахвярай. Як потым аказалася, сцяну адбудоўвалі яшчэ ў савецкія часы “халтуршчыкі”. Замест цэменту часта выкарыстоўвалі пясок. У 2005г. мы гэту сцяну разбіралі. Шэсць чалавек за тыдзень сцяну разварацілі. Яе, шырынёй каля метра, піхалі нагой, і яна падала”. (З успамінаў Гулецкага Віктара Пятровіча, 1954 г. н.)

 “У 1986 г. адбыўся абвал заходняй сцяны. Магчыма, прычынай таму было парушэнне тэхналогіі рэканструкцыі. Час быў такі, што многае кралі”. (З успамінаў Логаша Уладзіміра Уладзіміравіча, 1958 г. н.)

А, магчыма, прычына была ў праліку праекціроўшчыкаў: не маючы адпаведнай апаратуры, яны не заўважылі ў сцяне ўнутранай трэшчыны. Калі сцяну пачалі дабудоўваць, то шчыліна павялічылася, і сцяна з’ехала ўніз.

У сярэдзіне 1980-х гг. дабудоўвалі ўжо іншыя людзі. Падпарадкоўваліся яны не сталічным рэстаўрацыйным майстэрням, як брыгада Мацейкі, а на той момант нядаўна ўтворанаму прадпрыемству “Гроднарэстаўрацыя”. Каб хутчэй здаць аб’ект, “рэстаўратары” груба парушалі тэхналогію і праектную дакументацыю (не выканалі арміравання ўнутры сцяны, паклалі туды абы- якія матэрыялы). [13] “Аднаўленне замка вялося ў 1980-я гг. Памятаю, як на паўночнай сцяне, уверсе працавалі людзі. Як пазней даведалася, сярод іх былі і тыя, якія такім чынам адбывалі 15 сутак на прымусовых работах.” (З успамінаў Часневіч Інэсы Альфрэдаўны, 1966 г. н.)

Нягледзячы на археалагічныя раскопкі, рэстаўрацыйныя работы, замак усё яшчэ не выклікае цікавасці як турыстычны аб’ект. “З 1984 г. працую ў музеі. Закончыўшы курсы экскурсаводаў, суправаджала турыстаў па гораду, але замак мы не наведвалі. Толькі праязджалі паблізу замкавых руін і турыстам падаваўся мінімум інфармацыі. Глабальных ведаў пра замак і яго гісторыю тады яшчэ не было ў экскурсаводаў”. (З успамінаў Драб Ганны Мікалаеўны, 1956 г. н.)

Пражываю ў горадзе Лідзе з 1985г. Людзі мала цікавіліся гісторыяй руін замка. Мала хто ведаў, што замак – уладар тут яшчэ з часоў Вялікага княства Літоўскага”. (З успамінаў Каладзяжнай Анастасіі Аляксандраўны, 1948 г. н.)

Далей падзеі для замка развіваліся не лепшым чынам. У 1988 г., каб заахвоціць работнікаў, якія пажадаюць працаваць на рэстаўрацыйных работах, было прынята рашэнне гарадскімі ўладамі забяспечыць кватэрамі рабочых. Але кватэр так ніхто і не атрымаў. Работнікі звольніліся па ўласнаму жаданню, засталіся толькі самыя стойкія.

На работы адпускаліся зусім мізэрныя сумы, ды і тыя немагчыма было асвоіць у поўнай меры і з карысцю. Дабіцца тэхнікі, каб падвесці камяні з поля, практычна немагчыма. Амаль адсутнічалі піламатэрыялы. На будоўлю паступала 120 кубаметраў лесу, але пасля распілоўкі на камбінаце будаўнічых матэрыялаў яны не вярнуліся ў замак. [14]

Дырэктар таварыства з абмежаванай адказнасцю “Гама” Бірукоў Ю. А. успамінае: “ У 1995 г. паміж гарвыканкамам і вытворча-камерцыйнай фірмай “Дызайн” была заключана бартэрная здзелка. Па гэтым дагаворы … мы абавязаліся выканаць рэстаўрацыю крэпасці. Калі на будоўлі ўжо было асвоена 15 тысяч долараў, правяраючыя органы неўзабаве прызначылі дагавор незаконным, … і яго скасавалі. … фірма, нават, панесла ўбыткі. Пазней работы па рэстаўрацыі вяліся толькі за лік рэспубліканскага бюджэту. Калі ў 1998 г. фінансаванне ўзнавілася, заказчык, у ролі якога выступала абласная дырэкцыя па рэстаўрацыі гісторыка-культурных каштоўнасцей, заключыла дагавор на падрадныя работы з ТАА “Гама”. У 1999 г. фінансаванне з рэспубліканскага бюджэту прыпынілася, і ўсе работы сталі. … Будоўля быццам бы замарожана, а між іншым, належныя работы па кансервацыі аб’екта не праведзены, і крэпасць працягвае разбурацца…” [15]

Доўгі час Лідскі замак стаяў фактычна безгаспадарчым і не закансерваваным, таму многае з таго, што было зроблена ў 1970 – 1980-я гг. было разбурана, ніякіх работ па яго захаванні не праводзілася.

Сярод абарончых збудаванняў сярэднявечча, што захаваліся на тэрыторыі Беларусі, Лідскі замак – гэта першынец, які атрымаў сваё адраджэнне. Але, пачынаючы такую цяжкую працу ў далёкія 70-я гг., ніхто тады і не падумаў, што аднаўленне зацягнецца амаль на сорак гадоў.

Старшы навуковы супрацоўнік Таццяна Ліпніцкая

1. Палеес, А. Замак у Лідзе / А. Палеес // Беларусь. –1947. – № 10.

2. Гісторыка-культурная спадчына Лідчыны: зб. Навук. арт. / Нац. Акад. навук Беларусі, Ін-т гісторыі; уклад .: К. В. Сыцько, А. Б. Доўнар; рэдкал.: В. Л. Лакіза (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская навука, 2022. – С. 215.

3. Сливкин, В. В. Лидский замок. Прошлое и будущее. Часть 1 / В. В. Сливкин [Электронный ресурс]. – Режим доступа: https://mitrander.livejournal.com/4658.html. – Дата доступа: 13.08. 2023.

4. Філіповіч, М. Арганізаваць адпачынак працоўных / М. Філіповіч // Уперад. – 1961. – 9 верасня – С. 2.

5. Рукапісныя нататкі У. М. Логаша “Як выспявала і нараджалася ідэя па аднаўленню Лідскага замка”, запісаныя ў верасні 2009 г.

6. Трусаў, А. Мінулае і сучаснасць Лідскага замка / А. Трусаў // Лідскі летапісец. – 2007. – №2 (38). – С. 14 – 29.

7. Лідскі гістарычны каляндар // Лідскі летапісец. – 2008. – № 1 (41). – С. 18.

8. Старадуб, А. Свята провадаў зімы / А. Старадуб // Уперад. – 1973. – 7 сакавіка – С. 3.

9. Нідэр, А. Расказваюць муры замка / А. Нідэр // Уперад.  – 1971. – 25 жніўня – С. 4.

10. Рукапісныя нататкі У. М. Логаша “Як выспявала і нараджалася ідэя па аднаўленню Лідскага замка”, запісаныя ў верасні 2009 г.

11. Лідскія юбіляры 2012 года. 80 гадоў Уладзіміру Логашу. // Лідскі летапісец. – 2012. – № 1 (57). – С. 14.

12. Габрусь, Т. Замак на рэчцы Лідзея / Т. Габрусь // Роднае слова. – 2001. – №1. – С. 93 – 95.

13. Русак, Н. Узнясенні і абрушэнні Лідскай крэпасці / Н. Русак // Культура. –  2004. – № 16. – 17-23 красавіка – С. 5.

14. Бараўцоў, Г. Абараніць святыню / Г. Бараўцоў // Уперад. – 1990. – 29 снежня – С. 3.

15. Казлова, С. Глядзяць з дакорам старыя сцены, або Што сказаў бы Гедымін? / С. Казлова // Лідская газета. – 2001. – 12 чэрвеня – С. 2.