Яфім Данілавіч Гапееў, упаўнаважаны ЦК КП(б)Б і ЦШПР па Лідскім міжраённым партцэнтры, камандзір Лідскага партызанскага злучэння.
Яфім Данілавіч Гапееў нарадзіўся 8 сакавіка 1903 г. у сяле Лявенка Старадубскага раёна Бранскай вобласці. Самастойную працоўную дзейнасць пачаў з 1925 г. Працаваў рабочым вапнавага завода, затым забойшчыкам шахты “Глузская” ў Данбасе. З 1931 г. па 1933 г. служыў у Чырвонай Арміі. Службу праходзіў у 40-м кавалерыйскім палку, там жа па першай рабочай катэгорыі ўступіў у партыю. Пасля вучобы ў двухгадовай ветэрынарнай школе атрымаў званне ваеннага ветэрынарнага фельчара. У лістападзе 1933 г. дэмабілізаваны і як член партыі накіраваны для ўмацавання калгасаў у Асобны пагранічны Дзяржынскі раён на пасаду раённага ветінспектара. У 1937 г. накіраваны ў горад Віцебск дырэктарам рэспубліканскага іпадрома. У 1938 г. прызначаны загадчыкам ваеннага аддзела Віцебскага абкама партыі. З далучэннем Заходняй Беларусі ў верасні 1939 г. накіраваны ў Воранаўскі раён для ўмацавання савецкай улады на пасадзе другога сакратара Воранаўскага райкама партыі, дзе яго і застала вайна.
У першыя дні вайны ўдзельнічаў у абарончых баях у якасці камісара зводнага батальёна народнага апалчэння Гомеля. Быў паранены, пад Добрушам трапіў у акружэнне, пешшу выйшаў з яго; дабраўся да Масквы, дзе прайшоў спецпадрыхтоўку. У лютым 1942 г. быў накіраваны ў тыл гітлераўцаў на тэрыторыю Мінскай вобласці для выканання спецзадання.
З сакавіка 1943 г. упаўнаважаны ЦШПР і ЦК КП(б)Б па Лідскім міжрайпартцэнтры, член Баранавіцкага падпольнага абкама партыі. З верасня 1943 г. – сакратар Лідскага падпольнага гаркама-райкама КП(б)Б. Адначасова з сакавіка 1943 г. па ліпень 1944 г. – камандзір партызанскага злучэння Лідскай зоны, якая ахоплівала Лідскі, Юрацішскі, Радунскі, Воранаўскі, Навагрудскі, Любчанскі, Іўеўскі раёны. Склад злучэння: 6 брыгад, 1 асобны сямейны атрад агульнай колькасцю 4200 чалавек.
Я. Гапеева стварыў партызанскі тэатр. “Наш тэатр” – так называлі партызаны акцёрскую трупу, якая давала спектаклі як для партызан, так і для мясцовага насельніцтва. Яфім Данілавіч верыў у сілу мастацтва, прыраўноўваў агітацыйную працу сярод насельніцтвы і партызан да баявой дзейнасці, лічыў, што жывое слова часам б’е мацней кулі.
Узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Суворава ІІ ст., медалямі “Партызану Айчыннай вайны” І і ІІ ст. Ганаровы грамадзянін горада Ліды. Пасля вайны – на партыйнай рабоце. Памёр у 1990 годзе, пахаваны на Кальварыйскіх могілках у Мінску.
Яфім Данілавіч успамінаў: “Партизаны Лидского соединения и подпольные организации наносили чувствительные удары по врагу. Они уничтожали технику, коммуникации врага, вражеские эшелоны, разрушали связь, железнодорожное полотно, мосты и другие сооружения. Громили немецко-полицейские гарнизоны. Только живой силы врага было уничтожено около 10 тысяч человек. Спущено под откос 210 эшелонов, 1103 вагона с живой силой противника, 412 платформ с военной техникой, 15 железнодорожных моста. В результате разрушения железнодорожного полотна было задержано движение поездов на 4006 часов, разбито 8 немецко-полицейских гарнизона, 20 волостных управ и т.д.
Партизаны помогали освобождать край от немецко-фашистских захватчиков. На территории Лидского района активную борьбу с фашистскими захватчиками вела партизанская бригада имени Кирова (командир Васильев)”.
Яфім Данілавіч неаднаразова прыязджаў у Ліду на дні вызвалення горада, на сустрэчы, адкрыцці помнікаў, наведваў музей. У фондах музея захоўваюцца яго асабістыя рэчы і дакументы.
У 2019 г. на базе выстаўкі, прысвечанай Вялікай Айчыннай вайне на Лідчыне, прайшла прэзентацыя кнігі “С верой в Победу: борьба партизан и подпольщиков Лидского партизанского соединения в годы Великой Отечественной войны”. У кнігу пакладзены ўспаміны ўдзельнікаў падзей. Дадзены матэрыял яшчэ пры жыцці сабраў Я. Гапееў, але кнігу не паспеў выдаць, мару бацькі ажыццявіла дачка. Саставіцель і аўтар кнігі – Нона Яфімаўна Якаўлева (Гапеева).