/ Фотасправаздачы / Фотасправаздача з адкрыцця выстаўкі “У Таўлая пабываем”. 105 гадоў з дня нараджэння беларускага паэта

Фотасправаздача з адкрыцця выстаўкі “У Таўлая пабываем”. 105 гадоў з дня нараджэння беларускага паэта

Да Таўлая завітаем

8 лютага, у доме, па вуліцы Замкавая,7, у якім пражываў (з 1939 па 1941 гады) заходнебеларускі паэт Валянцін Таўлай сабраліся прыхільнікі творчасці пісьменніка. Менавіта яму споўнілася 105 год з дня нараджэння. Супрацоўнікі Лідскага гісторыка-мастацкага музея арганізавалі да гэтай даты мерапрыемства.

У мемарыяльным пакоі Валянціна Таўлая (дарэчы, адзіным у Беларусі) змянілася экспазіцыя. У ім з’явілася новая мэбля. Так, лідскі паэт Міхась Мельнік падараваў для дома Таўлая крэсла-гушкалку, так як па ўспамінах сястры В.Таўлая Ніны яно таксама тут размяшчалася. Акрамя гэтага ў пакоі паэта ёсць і пудзіла вераб’я паводле першага верша В.Таўлая “Верабейка”, напісанага ў Лідзе. А рабочы патыфон прывадлівае сваім граннем. Кнігі тых часоў на этажэрцы, стол з друкаркай, пяро з чарнільніцай, газета “Уперад” 1940 года, старая лампа – жырандоль, партфель з рукапісамі раскрываюць вобраз Валянціна Таўлая ў час яго пражывання ў гэтым доме. Ажывіць прастору, у якую патрапілі лідскія паэты, супрацоўнікі бібліятэкі імя Янкі Купалы і яго філіяла №6 імя Валянціна Таўлая, супрацоўнікі гісторыка-мастацкага музея паспрабавалі самыя музейшчыкі. Так, ролю Валянціна Таўлая сыграў Алесь Хітрун, а яго жонкі Кіры Бранд – Ганна Некрашэвіч. У ролі чытальніка выступіў Ілля Пузаткін. Інсцэніраваны аповяд “У Таўлая пабываем” раскрыў гістарычныя моманты з жыцця паэта ў горадзе Ліда.

А ў суседняй зале адкрылася выстава з той жа назвай. Ідэя яе арганізаваць узнікла пасля паездкі яе куратара Алеся Хітруна ў Беларускі дзяржаўны музей-архіў літаратуры і мастацтва, у якім змяшчаецца асабісты фонд В.Таўлая ў колькасці звыш 240 адзінак. Копіі аўтографаў (рукапісаў), машынапісаў з вершамі і артыкуламі, фотаздымкаў і інш., якія маюць непасрэднае дачыненне да лідскага перыяду паэта былі прывезены ў Ліду.

Трэба зазначыць, што ў гэтай зале за кубкам кавы і смачным печывам сабраліся ўсе, хто наведаў у гэты дзень дом паэта. Сярод іх былі шаноўныя госці. Краязнавец з Дзятлава Валерый Петрыкевіч прыгадаў пісьменнікаў, якія сябравалі з яго бацькам і былі знаёмыя некалі з Валянцінам Таўлаем. Пісьменнік Сяргей Чыгрын са Слоніма паказаў рэдкія фотаздымкі Валянціна Таўлая і распавёў раней невядомыя факты з біяграфіі заходнебеларускага літаратара. Мясцовы пісьменнік Уладзімір Васько падзяліўся ўспамінамі пра сустрэчу з сябрамі В.Таўлая – Максімам Танкам і Анатолем Іверсам. Пад час вечарыны гучалі вершы, прысвечаныя Таўлаю Аляксандрам Мацулевічам, Міхасём Мельнікам, а таксама песні ў выкананні барда Сяргея Чарняка.

Супрацоўнікі музея плануюць і ў далейшым арганізоўваць інсцэніраваны аповяд “У Таўлая пабываем” па заяўках, як новую форму правядзення экскурсіі. А дзейнасць выставы працягнецца на кароткі час. Так што, гайда, у дом Таўлая.

Алесь Хітрун,
навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея.