/ Архіў Фотасправаздачы / Фотасправаздача з адкрыцця выстаўкі «Странники» ў канферэнц-зале Лідскага замка

Фотасправаздача з адкрыцця выстаўкі «Странники» ў канферэнц-зале Лідскага замка

«Странники» – так называецца выстаўка жывапісных работ і графікі маскоўскага мастака-касміста, пісьменніка, паэта і даследчыка Дзмітрыя Астапчука, урачыстае адкрыццё якой адбылося ў канферэнц-зале Лідскага замка 17 кастрычніка 2019 года.

На адкрыцці прысутнічалі мастак з жонкай Ліаннай Хасцікян і іх сябры-аднадумцы.

«Мастацтва – гэта шлях ад сэрца да сэрца!», – сцвярджае мастак, а прадстаўленыя на выстаўцы працы раскрываюць асноўную тэму яго творчасці – тэму Прыгажосці і Гармоніі. Прыгажосць прыўносіць радасць, узнёслы настрой, накіроўвае чалавека да дабрыни і міласэрнасці, заклікае да яднання ў гэтай Прыгажосці. Тэма «Странники» сімвалізуе рух наперад, імкненне, само жыццё.

Работы мастака належаць да мастацкай плыні «Касмізм», якое зарадзілася ў Расіі ў 20-х гадах мінулага стагоддзя. Вельмі дакладна сказаў У. І. Вярнадскі: «Художественное творчество выявляет нам Космос, проходящий через сознание живого существа». Усё ў нашым свеце мае сваю нябачную аснову, якую найбольш чулыя майстры могуць не толькі ўлавіць, але і захаваць на сваіх палотнах.

Дзмітрый імкнецца выкарыстоўваць выдатныя спалучэнні колеру, цалкам выключыўшы чорныя фарбы. З яго палотнаў ідзе гарманічная энергія, якая ўзвышае нас над паўсядзённай мітуснёй і вылечвае душу.