Развіваць уяўленні пра свет, знаёміць з гісторыка-культурнай спадчынай свайго народа дапамагаюць музейна-педагагічныя заняткі – адзін з самых цікавых і ўдзячных накірункаў у рабоце музейшчыка. Ствараючы атмасферу цеплыні і добразычлівасці, даверу і саўдзельніцтва, глядзіш – сумны ўсміхаецца, актыўна ўключаецца ў бяседу. Сціплы задае цікавыя пытанні і робіць дзівосныя вывады, а няўпэўнены ў сабе перамагае ў конкурсах. “Усёзнайка” атрымае задавальненне ад таго, што быў правай рукой супрацоўніка музея. Непаседа?! А для яго ёсць гульні! “Артыстам” жа – шырокае поле дзейнасці, бо можна прымераць на сябе самыя розныя ролі, прадэманстраваць свае здольнасці. Так музей становіцца цудоўным, нейкім казачным месцам для нефармальнага ўзаемадзеяння з культурнымі каштоўнасцямі.
Сябры, наведвайце музеі!
Прапануем фота-мікс з архіва музейна-педагагічных заняткаў у цыкле “Згадкі з беларускай хаткі”.
Куратар цыкла заняткаў І.Клімовіч