/ Навіны / Феакцістаў Іван Аляксеевіч

Феакцістаў Іван Аляксеевіч

Феакцістаў Іван Аляксеевіч, камандзір узвода вайсковай разведкі партызанскага атрада «Іскра»

Нарадзіўся ў сяле Паляна (цяпер Жалезніца), Холмскага раёна Калінінскай (цяпер Цвярской) вобласці. Закончыў 5 класаў. Пасля школы з бацькамі працаваў у калгасе. У Чырвонай Арміі з 1939 г., сяржант. Са студзеня 1942 г. жыў на хутары Пятры ў сям’і Аляксея Буйніцкага. «У пачатку 1942 года збег з фашысцкага палону і волей лёсу аказаўся ў Дакудаве. Мой стрыечны брат Аляксей (Буйніцкі з хутара Пятры) знайшоў для яго прытулак. Так ў нелегальным становішчы і жыў Іван, пакуль не пазнаёміўся з трыма адстаўшымі франтавікамі. Сховішча зрабілі пад сціртой у гумне». (У. Буйніцкі. Першае хрышчэнне. // «Уперад», 6 ліпеня 1968 г.).

І. Феакцістаў успамінаў: «У сакавіку 1942 г. я першы ў Лідскім раёне са зброяй у руках пачаў барацьбу з фашысцкім зверам і прыняўся за арганізацыю партызанскага атрада».

У групу ўвайшлі Уладзімір Бурнос, Уладзімір Ёлкін, Васілій Елпашаў, Фёдар Рыбак. У пачатку жніўня група Феакцістава забіла 5 фашыстаў, вызваліла двух настаўніц, спаліла драўляны мост праз Дзітву, узарвала цыстэрну з гпручым, зпілавала тэлефонныя слупы. Пётр Сляткоў – чырвонаармеец 213-га палка 56-й стралковай дывізіі, акружэнец, далучыўся да групы Феакцістава ў сярэдзіне жніўня 1942 г.

Да красавіцкага складу – Феакцістаў, Бурнос, Ёлкін, Елпашаў, Рыбак – у пачатку лета 1942 г. далучыліся Дубаграй, Ермолаў, Фралоў і “Цімашэнка”. Васільеў, Глухараў, Зямскоў і Карэлін беглі з поезда, які ішоў на захад, і з групай Феакцістава сустрэліся ля вёскі Боркі 10 жніўня. Каля 25 жніўня да групы паміж вёскамі Мелігава і Бурносы далучыўся Іван Пралыгін. Сустрэча Слядкова і Паніча з групай Феакцістава адбылася пасля 25 жніўня.

Да пачатку верасня 1942 г. у групе Феакцістава было 16 чалавек: лейтэнант Ёлкін Уладзімір, малодшы палітрук Ярмолаў Анатоль Фёдаравіч, сяржанты Феакцістаў Іван Аляксеевіч 1919 г.н. і Васільеў Мікалай Аляксандравіч 1918 г.н., палітрук Зямскоў Фёдар Аляксеевіч 1915 г.н.; чырвонаармейцы Глухараў Аляксей Ціханавіч 1920 г.н., Елпашаў Васіль Фёдаравіч 1921 г.н., Сляткоў Пётр Якаўлевіч, Паніч Андрэй, Дубаграй Мікалай, Карэлін Данііл Трафімавіч, Фралоў Георгій, чырвонафлоцец Пралыгін Іван 1917 г.н., 40-гадовы з крымінальным мінулым Цімафей, які называў сябе «Цімашэнкай». Большасць гэтых 20-27 гадовых хлопцаў пабывалі ў палоне і гатовы былі пераносіць любыя пазбаўленні, толькі не палон.

Група Феакцістава злучылася з партызанскімі групамі Коннага, Ермолава, Дзямідава і на іх базе ў снежні 1942 г. быў створаны партызанскі атрад «Іскра».

У снежні 1942 г. Іван Аляесеевіч выбраны намеснікам камандзіра па разведцы, з 23.02.1943 г. – камандзір узвода, з 05.06.1943 г. – камандзір узвода вайсковай разведкі.

Група Івана Феакцістава пад Гутна ў снежні 1942 г. узарвала эшалон. Пра гэты падрыў на старонках газеты «Уперад» расказаў В. Буйніцкі. (Буйніцкі В. Першае хрышчэнне. // «Уперад»,  6 ліпеня 1968 г.): «У снежні 1942 г. вечарам Іван Феакцістаў падышоў да мяне і кажа: “Абкручвай, Віталій, анучамі калёсы. На вяселле паедзем. Будзем жаніць фрыцаў”.  Абгарнуў я абады калес анучамі, абвязаў тэлефонным дротам, а бацька да мяне: “Я сам паеду. Куды табе, малакасосу такому, партызаніць, ужо”. Але для мяне гэта было справай гонару. «Калі не пусціце, то заўтра ж пакіну дом, – кажу,- і падамся на фронт”. Фёакцістаў запэўніў, што бярэ нада мною апеку і усе будзе добра. А калі сцямнела, абвязаныя колы глуха забарабанілі па мёрзлай зямлі.  3 Пятроў накіраваліся ў Сухвальню, а там у кірунку Хутнаў, дзе днём і ноччу грукацелі варожыя цягнікі. Выехалі з лесу.
У гэтым месцы ахоўваецца слабей чыгунка, – адзначыў Феакцістаў, – тут і прыпынімся. А ты чакай нас, – кіўнуў на мяне”. I пайшлі. А мне жудасна аднаму ў хмызняку на возе. Бачу, падышлі да палатна. Іван прыклаў вуха да рэек. Пасля ўсхапіўся і хутка-хутка замітусіліся. Я пасля здагадаўся, што здалёку ішоў цягнік. Феакцістаў, відаць, хваляваўся: абураўся на хлопцаў, кідаў кароткія загады. «Свяці, – не вытрымау ён  нарэшце. Федзя пстрыкнуў у далонях ліхтарыкам. I адразу ж ажыло ўсё навокал. Заляскаталі злева выстралы, кулі слізганулі па хмызняку. I, як на злосць, справа паказаўся сноп святла – ішоў цягнік. Ліхтарык імгненна патух, успыхнула запалка. I тут жа хлопцы покатам паляцелі ад рэек. “Чорт, – чагосьці вылаяўся Феакцістаў і таропка ўхапіўся за лейцы. – Трымайся, хлопцы». Мы не паспелі праскочыць і сотні метраў, як грамавы раскат аглушыў наваколле, цемру паласнула бліскавіца. I тут жа праз лічаныя імгненні адбылося неверагоднае: пачаўся такі лязгат і выбухі, што, здавалася, сама зямля расколецца. Над намі з шыпеннем і свістам паляцелі абломкі, а над чыгункай запалыхаў цэлы фантан агню». 

Іван Аляксеевіч прымаў актыўны ўдзел у барацьбе з ворагам. Праявіў сябе як таленавіты разведчык. Ён удзельнічаў у засадах і баях, знішчэнні аб’ектаў праціўніка, рэйкавай вайне.

Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, шматлікімі медалямі.

Пасля вайны – загадчык гаспадаркай Баранавіцкага аблвыканкама, старшыня сельсавета, аб’ездчык Слонімскага лясніцтва (1953-1956), ляснік Жыровіцкага лясніцтва Слонімскага лясгаса (з лістапада 1956 г.).

Жыў у Слоніме, меў двух сыноў.

Супрацоўнікі музея вялі перапіску з Іванам Аляксеевічам. У фондах музея захоўваюцца яго ўспаміны, аўтабіяграфія, фатаграфіі і інш.