/ Музей без межаў Навіны / Эстафета дабра ў Доме Валянціна Таўлая

Эстафета дабра ў Доме Валянціна Таўлая

З 3 снежня 2020 года ў сценах Дома Валянціна Таўлая працуе інклюзіўны праект “Перадай дабро па крузе”, у якім задзейнічаны людзі з абмежаванымі магчымасцямі. У рамках праекта тут праводзяцца сустрэчы з людзьмі, у якіх праяўлены творчыя здольнасці – гэта пісьменнікі, музыканты, мастакі, артысты, майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якія хоць нявольныя ў рухах, з абмежаванасцямі ў здароўі, але з багатым унутраным светам і з мноствам захапленняў, заняткаў па душы і добрых спраў. Іх у Лідзе нямала.

Першай ластаўкай праекта стала Ганна Брэйва. Далейшымі эстафетчыкамі дабра сталі: Алеся Лянцэвіч, Вольга Мікша, маці і дачка Ала і Марына Кулеш, Сяргей Пачабут і Вера Саннікава, Дзмітрый Федчэнка, Дзяніс Бубноўскі і Надзея Санкевіч, Анастасія Лянцэвіч, Максім Бацкалевіч.

За час працы праекта было арганізавана 6 выстаў, на якіх наведвальнікі пазнаёміліся з работамі, выкананымі ў тэхніцы стрынг-арт, кінусайга, фаамірана і фетра, вышыўка бісерам, крыжыкам, гладдзю, змешаная тэхніка, графіка, мягкія цацкі і інш. Тут гучалі цікавыя гісторыі, былі прадэманстраваны канцэртныя выступленні, гучалі вершы, песні.

Пачатак 2022 года стаў вызначальным і паказальным у правядзенні інклюзіўнага праекта. 10 лютага ў Рэспубліканскім конкурсе культурных праектаў патрыятычнай тэматыкі ў намінацыі “Лепшы інтэрактыўны музейны праект для спецыяльных аудыторый або інклюзіўны праект” Лідскі гісторыка-мастацкі музей атрымаў Дыплом пераможцы за інклюзіўны праект “Перадай дабро па крузе…”

Праект “Перадай дабро па крузе” доўгатэрміновы. Ён ужо знайшоў свайго ўдзячнага наведвальніка. А партнёры мерапрыемстваў – прадстаўнікі аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў ДУ “Лідскі раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва” гарадоў Ліды і Бярозаўка, Лідскай раённай арганізацыі ГА “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку”, лідскай аб’яднанай арганізацыі ГА “Беларускае таварыства інвалідаў” прапаноўваюць новыя сустрэчы з творчымі людзьмі з інваліднасцю. Цеснае супрацоўніцтва з імі стала свайго роду сяброўскім, аб’яднаным адной мэтай – дарыць радасць і перадаваць дабро па крузе.

Эстафета дабра працягваецца!