Адзначыць юбілей найстарэйшага пісьменніка горада Ліды Уладзіміра Васько сабраліся вучні 8 класа СШ №1. Уладзіміру Гаўрылавічу Васько 2 студзеня споўнілася 85 гадоў. Імпрэза пад назвай “Эх, каб радкі мае ляталі, як тыя ластаўкі ў гары!”прайшла ў цёплай абстаноўцы, па-хатняму. Бо мерапрыемства было арганізавана таксама ў Доме, дзе жыў беларускі паэт Валянцін Таўлай. Такія сустрэчы, дарэчы, адбываліся часта і пры жыцці В. Таўлая ў гэтым жа, на той час драўляным, доме (хаце). Сёлетні юбіляр расказаў вучняў пра сутнасць паняцця “паэзія”, пра пачуцці, якія павінны быць закладзены ў душы чалавека, пра майстэрства ў напісанні вершаў. З задавальненнем зачытаў свае вершы, якія ім былі нядаўна напісаныя.
Трэба зазначыць, што, нягледзячы на сталы ўзрост, У. Васько – паэт з маладой душой. Яго творы добра ўспрымаюцца юнымі слухачамі. І гэта было заўважана на імпрэзе. Ад супрацоўнікаў Лідскага гісторыка-мастацкага музея юбіляру была падаравана кніга Уладзіміра Ліхадзедава “Ліда. Падарожжа ў часе”.
Але ж на сустрэчу быў запрошаны і сённяшні кіраўнік літаратурнага аб’яднання “Суквецце”, што пры рэдакцыі “Лідскай газеты”, Аляксандр Мацулевіч. Шаноўны паэт, вядучы карэспандэнт раённай газеты звярнуўся да аўдыторыі з просьбай: калі хто піша вершы, каб звярталіся да яго, з задавальненнем падтрымае, выслухае і змесціць на літаратурнай старонцы творы. Гэта шанц для маладых асоб, хто спрабуе сябе ў паэзіі і такім чынам патрапіць у друк. А. Мацулевіч таксама зачытаў свае вершы, напісаныя паводле гістарычных падзей, якія адбываліся на тэрыторыі Лідчыны.
У сваю чаргу куратар Дома Таўлая Алесь Хітрун падзяліўся гісторыяй дома, у якім жыў В. Таўлай, расказаў пра свой асноўны накірунак у працы – пра навукова-даследчую дзейнасць, якую праводзіць у Доме-музеі паэта Валянціна Таўлая. Зачытаў свае вершы і гумарынкі.
Для знаёмства з творчасцю Уладзіміра Васько і Аляксандра Мацулевіча былі прадстаўлены зборнікі і іншыя архіўныя матэрыялы.
/ Навіны / “Эх, каб радкі мае ляталі, як тыя ластаўкі ў гары!”