/ Навіны / Дзятлава Ганна Пракоф’еўна

Дзятлава Ганна Пракоф’еўна

Дзятлава Ганна Пракоф’еўна (15.07.1915 – 08.08.1988), сакратар Лідскага падпольнага гаркама-райкама ЛКСМБ, з сакавіка 1944 г. – намеснік камандзіра партызанскай брыгады імя Кірава па камсамоле.

Ганна Дзятлава, 1942 г.

Ганна Пракоф’еўна нарадзілася 15 ліпеня 1915 г. у в. Луг Сенінскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям’і. Вучылася ў Сідарнічаскай няпоўнай сярэдняй школе. З 1934 г. паступіла ў Мінскую зубалячэбную школу, пасля заканчэння якой з 1937 г. па 1940 г. працавала зубным урачом у мястэчку Кубліцы Ушачскага раёна Віцебскай вобласці. Займалася актыўнай грамадскай дзейнасцю, з 1940 г. уступіла ў рады КП(б)Б. У 1940-1941 гг. працавала загадчыкам аддзела прапаганды і агітацыі Беластокскага ГК ЛКСМБ, а затым прапагандыстам Беластокскага РК КП(б)Б, дзе і застала яе вайна.

У гады Вялікай Айчыннай вайны Г. П. Дзятлава з’яўлялася актыўным удзельнікам партызанскага руху ў Беларусі. У 1942 г. у складзе спецгрупы ЦК КП(б)Б змагалася на Калінінскім фронце. Упаўнаважаная Мінскага абкама ЛКСМБ у Барысаўскім міжрайцэнтры (11.1942-08.1943), пры Лідскім міжрайцэнтры (10.1943 г. – 07.1944 г.). У лістападзе 1943 г. Ганна Пракоф’еўна была зацверджана сакратаром Лідскага падпольнага гаркама-райкама ЛКСМБ, з сакавіка 1944 г. – намеснікам камісара партызанскай брыгады імя С. М. Кірава па камсамоле.

З успамінаў Ганны Дзятлавай: “Камсамольцы самааддана змагаліся з ворагам, удзельнічалі ў дыверсійна-разведавацельнай дзейнасці, агентурнай рабоце, разбуралі камунікацыі ворага, тым самым наносячы яму паражэнне ў асноўных месцах яго распалажэння: аэрадром, гебітскамісарыят, гарадская электрастанцыя, дэпо чыгункі, ваенны гарадок. Моладзь рэгулярна распаўсюджвала антыфашысцкую літаратуру, якая выкрывала дзейнасць нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх памагатых. Камсамольцы праводзілі гутаркі з мясцовай моладдзю, чыталі ім зводкі Савінфармбюро, лістоўкі партыйнага і камсамольскага падполля, распаўсюджвалі сярод насельніцтва газету “Уперад”. Наборшчыкамі ў тыпаграфіі працавалі таксама камсамольцы, а паведамленні па рдаыё прымала маладая радыстка Ніна Юдзінцава.
На камсамольскіх пасяджаннях разбіраліся пытанні прыёму ў камсамол, аб узмацненні баявой і палітычнай работы сярод партызан і моладзі ў населенных пунктах, аб зрыве вывазу моладзі ў Германію, аб барацьбе з Саюзам моладзі Беларусі (СМБ), аб разлажэнні дабраахвотных груп самааховы і інш. Нягледзечы на суровыя ўмовы партызанскага жыцця, моладзь весялілася, жартавала, спявала. У Кіраўскай брыгадзе ў адной з першых у злучэнні, зявілася агітбрыгада, якая аб’ядноўвала энтузіястаў мастацкай самадзейнасці”.

Узнагародджана ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны І ступені, медалямі.

З 1944 па 1946 гг. на партыйнай рабоце: прапагандыст Лідскага ГК КП(б)Б, загадчык аддзела гаркама па рабоце сярод жанчын. З 1947 г. па 1979 г. працавала зубным урачом Лідскай раённай бальніцы.

Вяла актыўную шэфскую патрыятычную работу ў школах горада і раёна. Удзельнічала ва ўсіх партызанскіх сустрэчах і злётах.

Персанальны пенсіянер рэспубліканскага значэння. У 1980 г. прысвоена званне “Ганаровы грамадзянін горада Ліды”.

Памерла 8 жніўня 1988 г. Пахавана на лідскіх гарадскіх могілках.

У навуковых фондах музея знаходзяцца дакументы Г. П. Дзятлавай.