
Дзямідаў Валянцін Аляксеевіч (14.12.1917-15.04.2005) – камандзір роты атрада «Іскра» (12.1942-02.1943), начальнік штаба (05-08.1943), начальнік штаба разведкі брыгады імя Кірава (22.08.1943-07.1944).
Валянцін Аляксеевіч нарадзіўся 14 снежня 1917 г. у с. Чаромушнае Арлоўскай вобласці. Скончыў школу ФЗН у Маскве пры першай аўтабазе Массавета, працаваў аўтаслесарам у Падольскім трэсце сталовых. У маі 1936 г. прызваны ў РСЧА. Скончыў Звенігарадскае стралкова-кулямётнае вучылішча (1938-1940), камандзір вучэбнага ўзвода палкавой школы ў 463 стралковым палку 118 стралковай дывізіі, камандзір аўтавучэбнага ўзвода 663 аўтабатальёна (10.1940-05.1941), з мая 1941 – лейтэнант, памошнік камандзіра 463 аўтабатальёна па тэхнічнай частцы ў г. Кастраме.
Валянцін Аляесеевіч успамінаў: «З дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны, з 22 чэрвеня, накіраваў першы эшалон батальёна на фронт, займаўся ўкамплектаваннем машын і асабістым складам другога эшалона батальёна. 25 чэрвеня другім эшалонам выехаў на фронт у раён гарадоў Востраў-Пскоў Ленінградскай вобласці. На 633 аўтатранспартны батальён 118 стралковай дыізіі былі ўскладзены задачы забяспячэння ўчастка фронта, занятага дывізіяй, гаручым, боепрыпасамі, харчаннем. Таксама мы забяспечвалі пры неабходнасці перакідванне артылерыйскіх батарэй з адной пазіцыі на другую. Пры поўным укамплектаваніі наш батальён меў 230 чалавек асабістага складу і да 200 аўтамабіляў. Большасць з іх транспартныя, а частка спецыяльнага прызначэння, паходныя майстэрні, легкавыя машыны і іншыя. Пры выездзе з Кастрамы асабістаму складу патрэбнае ўзбраенне (вінтоўкі) поўнасцю не былі выдадзены. Не атрымалі мы на батальён ні аднаго кулямёта. Па ўказанні намесніка камандзіра 118 стралковай дывізіі ўзбраенне мы павінны былі атрымаць па прыбыцці на фронт. На пярэдні ўчастак фронта ў раёне Пскова я прыбыў 28 чэрвеня. Да гэтага часу ў першым эшалоне нашага батальёна ў баях былі ўжо значныя страты як у матэрыяльнай частцы, так і ў людзях.
Штаб нашага батальёна знаходзіўся у пяці кіламетрах ад Пскова ў лесе. У баях на перадавой асабісты склад батальёна ўдзел не прымаў. Аднак, пры выкананні сваіх задач, мы падвяргаліся бамбардзіроўкам авіяцыяй, артылерыйскаму абстрэлу, нападзенням дзесантных груп праціўніка…
…18 ліпеня, адбіваючы атакі гітлераўцаў на беразе Чудскага возера, быў паранены і адначасова кантужаны. Далей быў палон і доўгія восем месяцаў нечалавечых умоў канцлагера ў Эбелроце (Усходняя Прусія). У красавіку месяцы з групай у сем чалавек удалося збегчы. З групы засталося толькі двое – я і чырвонаармеец Лупашчанка».
Летам-восенню 1942 г. у Воранаўскім раёне малодшы лейтэнант Валянцін Дзямідаў сфарміраваў сваю групу. У яе ўваходзілі: Дзямідаў Валянцін, Лупашчанка Сцяпан – лейтэнант, Цімафееў Рыгор – малодшы палітрук, Зыранаў Фёдар, Дудараў Васіль – фельчар, Грыша «Ленінградскі», Маркевіч Міхал – селянін з в. Барташуны, Карыцін Фёдар – малодшы лейтэнант, Пузырыцкі – яўрэй, Дзёмушкін Мікалай – лейтэнант, Лернер Іосіф – матарыст. Дыслакавалася група на хутарах за 8-12 км на ўсход ад Воранава. Група дабывала сабе зброю для барацьбы з ворагам. Група пад кіраўніцтвам Дзямідава далучаецца да іншых груп (Феакцістава, Зямскога, Грыгор’ева, Коннага), якія, аб’яднаўшыся, ствараюць партызанскі атрад «Іскра».
Валянцін Аляксеевіч – камандзір роты атрада «Іскра» (12.1942-02.1943), начальнік штаба (05-08.1943 г.), начальнік штаба разведкі брыгады імя Кірава (22.08.1943-07.1944).
Дзямідаў В. А. успамінаў: «Памятаецца першае пасля аб’яднання наша баявое выступленне. На перагоне паміж станцыямі Гаўя і Гутна мы ўзарвалі варожы эшалон. Тэхніка і баявая амуніцыя немцаў былі пагружаны ў 37 вагонах і замаскіраваны цюкамі сена. І вось састаў паляцеў пад адхон. Партызаны закідалі вагоны бутэлькамі з гаручай сумессю».
Пра злучэнне з часцямі Чырвонай Арміі 8 ліпеня Валянцін Аляксеевіч успамінаў: «8 ліпеня атрад “Іскра” злучыўся з рэгулярнымі часцямі Чырвонай Арміі ў раёне в. Морына, Крывічы, Альхоўка. На дзень злучэння з Чырвонай Арміяй атрад складаўся з трох рот, 6 узводаў, 12 аддзяленняў, 264 чалавекі, з іх 9 камуністаў, 11 кандыдатаў, 61 камсамолец.
5 ліпеня сустрэліся з вайсковай выведкай, абгаварылі, што мы ведалі прапраціўніка і яго намеры. Асядлалі коней, развіталіся з разведкай і паехалі ў Морына, па дарозе заехалі ў Крывічы, пагаварылі з людзьмі.
7 ліпеня ў Морына сустрэліся з вайсковымі часцямі, у авангардзе ішоў полк Вяршыгоры. Прыехалі разведчыкі Вяршыгоры, запрасілі на сустрэчу нашага камандзіра брыгады капітана Васільева. Сустрэліся з Вяршыгорай, ён нам параіў ісці разам з наступаючымі часткамі на Ліду.
У той жа дзень пры вяртанні ў брыгаду мне паведамілі, што арыштаваны і зачынены ў зямлянцы казакі, не каўпакоўцы, а казакі, у іх забралі коней і сёдлы. Я ахову зняў, вызваліў казакоў, сярод іх дзве дзяўчыны былі, пакарміў іх. Прылятаюць да нас чалавек 50 коннікаў ад Вяршыгоры, адзін з іх Герой Савецкага Саюза. Жадалі скандаліць. З прабачэннямі адпусцілі арыштаваных.
8 ліпеня з часткамі, якія наступаюць на Ліду, выступіла брыгада. Ліда была вызвалена конным корпусам генерала Аслікоўскага. Я з ім сустракаўся. Вельмі добры чалавек, баявы, разумны.
У мяне быў накірунак, падпісаны райкамам партыі для працы ў органах. Мяне аформілі оперупаўнаважаным Лідскага аддзела НКУС па барацьбе з бандытызмам з 8 ліпеня 1944 г.».
Пасля вызвалення – старшы оперупаўнаважаны аддзялення па барацьбе з бандытызмам, начальнік угалоўнага розыску КДБ (1947-1950), старшыня калгаса «Радзіма» (сакавік 1953-1964), начальнік аддзела кадраў лакафарбавага завода. Узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны І ст., Чырвонай Зоркі і 11 медалямі.
Кіраўнік Лідскай партызанскай зоны Я. Д. Гапееў успамінаў: «Дзямідаў В. А. на ўсіх паручаемых яму ўчастках у глыбокім тыле праціўніка годна апраўдаў высокае званне камуніста і патрыёта Радзімы. Ён асабіста і на чале групы ажыццяўляў дзёрзкія дыверсіі і аперацыі на чыгунцы і шашэйнай дарозе, на аб’ектах ваеннага значэння і ў г. Лідзе. Акрамя гэтага, забяспечваў падрыхтоўку і паспяховае ажыццяўленне баявых аперацый атрада “Іскра” і брыгады імя Кірава ў раёнах Лідскай зоны».
Жаніўся на Алене Граблі.

Алена нарадзілася ў 1926 г. у в. Граблі Іўеўскага раёна. Маці – дэпутат Народнрага Сходу Заходняй Беларусі. Немцы расстралялі маці і бацьку. Алена сядзела ў Іўеўскай турме, уцякла, са студзеня 1943 г. – сувязная, з сакавіка 1944 г. у атрадзе «Іскра». Брат Міхаіл загінуў у атрадзе Радзецкага летам 1942 г., сястру расстралялі белапалякі.
13 сакавіка 1943 г., дзякуючы Алене, партызански атрад «Іскра» не быў акружаны ворагам у в. Покасць. З гэтага часу Алена становіцца партызанкай атрада, у якім, як разведчыца, знаходзілася да злучэння з часцямі Чырвонай Арміі. За адвагу і мужнасць у барацьбе з акупантамі ўзнагароджана дзвюма ордэнамі Айчыннай вайны ІІ ступені і шматлікімі медалямі.
Пражывала сям’я ў г. Лідзе. Валянцін Аляксеевіч быў членам раённага Савета ветэранаў вайны, дэпутатам раённага Савета. Нягледзячы на прыклонны ўзрост, ён сістэматычна выступаў з лекцыямі і дакладамі перад працоўнымі, моладдзю, вучнямі раёна.
Памёр В. Дзямідаў 15 красавіка 2005 г. Пахаваны ў Лідзе.
Актыўную жыццёвую пазіцыю займала Алена Дзямідава. Яна прымала ўдзел у гарадскіх і музейных мерапрыемствах, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне.
У музеі захоўваюцца ўспаміны сям’і Дзямідавых пра барацьбу ў тыле ворага.