/ Навіны / Дзіджытабулізм

Дзіджытабулізм

Пра што вы падумаеце, пачуўшы слова дзіджытабулізм? Сучасныя лічбавыя тэхналогіі? Інтэрнэт? Віртуальная рэальнасць?

Насамрэч, дзіджытабулізм – адзін з самых старажытных відаў калекцыянавання.

Слова ўтворана ад лацінскага digitus – палец – і значыць калекцыянаванне напарсткаў.

(Цікава, што слова гэта сапраўды аднакарэннае з digit – лічба. Палец – старажытнарымская адзінка даўжыні, прыблізна роўная 1,85 см. Пальцы выкарыстоўваліся для ліку да дзесяці)

Напарстак – гэта каўпачок для пальца, каб абараніць яго ад іголкі падчас шыцця. Прадмет мае доўгую гісторыю. Ім пачалі карыстацца ў найстаражытныя часы, больш дзвюх тысяч гадоў таму ці нават яшчэ раней у Кітаі і Егіпце.

Напарсткі выраблялі з косці, скуры, гліны, каменю, парцаляны. Пазней іх сталі рабіць з медзі, бронзы, а заможныя людзі замаўлялі напарсткі з золата і срэбра.

Па напарстаках можна было меркаваць аб заможнасці сям’і: для працы выкарыстоўваліся звычайныя металічныя, а парцалянавыя, са слановай косці або перламутру падавалі, напрыклад, у якасці падарунка нявесце.

Напарстак меў і сімвалічнае значэнне. У Х стагоддзі жанчыны насілі іх на шыйных ланцужках, верачы ў іх сілу. Напарсткі служылі знакамі кахання ці важных падзей. У Індакітаі іх выкарыстоўвалі як шлюбны пярсцёнак, пазначаючы на іх імя нявесты і дзень, калі яна выйшла замуж. З дапамогай напарсткаў варажылі на жаніха.

Яшчэ некалькі цікавостак.

У ранні перыяд Новага часу напарсткі выкарыстоўваліся для вымярэння пораху.

Віктарыянскія школьныя настаўнікі стукалі па галовах непаслухмяных вучняў напарсткамі.

У Першую сусветную вайну жонкі салдат здалі каля паўмільёна напарсткаў з срэбра на патрэбы фронту.

Калісьці напарстак быў прадметам першай неабходнасці ў любой гаспадыні, а сёння амаль страціў сваё практычнае значэнне. Аднак ён вельмі запатрабаваны ў калекцыянераў, таму што адкрывае неабмежаваныя магчымасці дзякуючы разнастайнасці матэрыялаў, формаў, сюжэтаў. У напарстку можна рэалізаваць розныя накірункі мастацтва: мастацкую мініяцюру, тонкую ювелірную працу, міні-скульптуру.

На фота – дзіцячы напарстак з новых паступленняў у фонды Лідскага музея.