У першую нядзелю жніўня сваё прафесійнае свята адзначаюць работнікі чыгункі. Сёння складана ўявіць наша жыццё без чыгункі. Пракладзеныя ва ўсе бакі нашай краіны рэйкі злучаюць населенныя пункты, дапамагаюць сустрэцца людзям.
Чыгуначная станцыя Ліда – адна са старэйшых станцый у складзе Беларускай чыгункі. Гісторыя чыгункі на Лідскай зямлі бярэ пачатак 30 снежня 1884 г., калі праз Ліду прайшоў першы цягнік. У гэты дзень участак Вільня-Ліда-Луненец адкрыўся для рэгулявання руху. Пад будаўніцтва станцыі Ліда адышло 6 дзесяцін зямлі (6,83 га). Лідская станцыя будавалася за межамі горада паміж горадам і вёскай “Дварцовая Слабада”. Пасля будаўніцтва чыгункі горад пачаў пашырацца да вакзала, а “Дварцовая Слабада” стала месцам жыхарства чыгуначнікаў і паступова ўвайшла ў горад.
Для Палескай чыгункі было пабудавана з бутавага каменю паравознае дэпо на два паравозы “Чн” і першы драўляны вакзал. На Лідскай зямлі з’явіліся станцыі Беняконі, Бастуны, Нёман. У 1906 годзе праз Ліду прайшла новая чыгуначная магістраль, якая злучыла Гродна з Круляўшчызнай. У сувязі з узрослым аб’ёмам перавозак узнікла неабходнасць збудавання лакаматыўнага дэпо на
чатыры пастоі і адміністрацыйны двухпавярховы будынак . Будаўніцтва завяршылася ў 1909 годзе. У дэпо размясціліся: кантора майстра, інструментальная, механічнае і медніцкае аддзяленні, сталярная і інш. памяшканні. Дэпо рабіла бягучы рамонт, пад’ёмку
паравозаў для змены і абточвання колавых скатаў і такі ж рамонт вагонаў.
Да пачатку ХХ ст. Ліда стала буйным чыгуначным вузлом. Пракладка чыгункі спрыяла інтэнсіўнаму развіццю прамысловасці,
пачынаюць працаваць шматлікія піўныя, чыгуналіцейныя, машынабудаўнічыя, лесапільныя заводы, тытунёвая, макаронная, кандытырская фабрыкі і інш. Усё гэта спрыяла пашырэнню тэрыторыі горада і колькаснаму росту жыхароў. У перыяд польскага праўлення (1921-1939 гг.) паравознае дэпо Ліда адносілася да Віленскай акругі чыгункі Польшчы.
Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР на базе Лідскага паравознага дэпо было створана паравознае і вагоннае дэпо. Для
арганізацыі працы з усіх канцоў былога Савецкага Саюза прыехалі кваліфікаваныя машыністы паравозаў, якія займаліся навучаннем мясцовых паравозных брыгад.
З 27 чэрвеня 1941 г. па 8 ліпеня 1944 г. Ліда была акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. На чыгуначным вузле ствараюцца
падпольныя групы, якія праводзяць дыверсіі, змагаюцца з ворагам, праяўляючы мужнасць і гераізм, набліжаюць Перамогу. У 1944 г. разбурана дэпо і вакзал. Прыйшлося з руін аднаўляць важны транспартны вузел. У 1948 годзе дэпо было поўнасцю адноўлена.
У далейшым Лідскі транспартны чыгуначны вузел пастаянна развіваўся і ўдасканальваўся, нарошчваючы вытворчыя магутнасці і
пашыраючы прапускную здольнасць важнейшага транспартнага вузла. Сёння лакаматыўнае дэпо Ліда з’яўляецца адасобленым
структурным падраздзяленнем транспартнага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Баранавіцкае аддзяленне Беларускай
чыгункі” і адпавядае сучасным патрабаванням транспартнай культуры.
У музеі працуюць выстаўкі “Павятовы горад Ліда”, “Вайна. Перамога. Памяць”, “Гады выпрабаванняў, надзей і дасягненняў”, у
экспазіцыі можна ўбачыць фатаграфіі, кнігі, якія прысвечаны развіццю Лідскай чыгункі канца ХІХ – пачатку ХХ ст. і рассказваюць пра барацьбу лідскіх падпольшчыкаў з ворагам у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Фонды музея папаўняюцца прадметамі чыгуначнікаў.
Віншуем працаўнікоў чыгункі са святам! Жадаем вам і вашым блізкім моцнага здароўя, шчасця і сямейнага дабрабыту!