/ Навіны / Дубок

Дубок

Да зёлак нашы продкі ставіліся з павагай здаўна. Традыцыі выкарыстання запараных у “лёгкім духу” печы дзікіх раслін звязаны з падтрыманнем здароўя і чалавека, і жывёлы. Гарачым настоем палыну апрацоўвалі ложкі ад шкодных насякомых. Моцна пахучыя расліны клалі ў вуглы хаты – ад мышэй, у кашы з падсушанымі каўбасамі – ад мух, у куфар – ад молі, і нават падвешвалі каля дзвярэй – ад нячысцікаў. Ды і шматлікія абрады, каляндарныя святы былі звязаны з раслінамі.

Скрыпень, вогненная трава, цёплыя зёлкі, лясная нянька, баравое зелле, пушняк, матачнік, хрыпняк, вярба-трава, дзікі лён – загадкавыя назвы адной і той жа расліны. На Лідчыне ж яшчэ казалі – дубок. Гэта ўсё лакальныя назвы іван-чая (кіпрэя).

Дубок займае месца і раскашуе на пажарышчах, на высечаных лясных прагалінках. Раслінка надзвычай клапатлівая: зямельку грэе, ад сонечных промняў абараняе маладзенькія парасткі дрэўцаў на лясных пасадках. У розныя поры года будзе “сталоўкай” для птушак, дзікага кабана, мядзведзя. Для пчолак – чэмпіён сярод меданосаў. У ранейшыя часы для чалавека – напоі, падушкі, вяроўкі, дадатак да хлеба і інш.

Нашы продкі выпраўляліся на зборы дубка для сваіх патрэб з чэрвеня па верасень. Апраналіся ў светлае адзенне, бралі вялікія плеценыя кашы з накрыўкай. Абавязкова кланяліся травам і сонцу, жагналіся і прагаворвалі малітву-замову:

Травіца-жывіца, нябесна царыца,
Ні я цябе садзіла,
Ні я палівала.
Садзіў цябе сам пан Бог,
Палівала Маці Боска,
А я прыйшла рваці,
Сабе і людзям здароўя даваці (в. Ліпнікі)

Пасля трох паклонаў і прыгавораў “сёрбалі” лісце ўніз па ствалу так, што ўсе лісточкі аказваліся ў жмені. “Зверху-ўніз, жмых-жмых!” – успамінала сябра нашага музея словы сваёй бабулі з вёскі Ліпнікі.

Прынесеную дадому сыравіну вялілі на льняных посцілках. Гатоўнасць правяралі па адсутнасці трэску, характэрным для свежай расліны, і пераходзілі да скручвання. Часцей скручвалі “ў трубачку” лісточкі пальцамі ці далонямі. Некаторыя спецыяльна выраблялі для гэтага працэсу дубовую дошчачку. “Трубачкі” складвалі ў невялічкія драўляныя кадушачкі, накрывалі “дэнцам”, зверху прыціскалі каменем і пакідалі сыравіну брадзіць. А ўжо для сушэння мелі свае сакрэты.

Для дзяцей – раскладвалі на даматканае палатно і сушылі ў садзе ў цянёчку ці на гарышчы, каб быў добры доступ свежага паветра. Для дарослых – у выпаленай печы на дубовым подзе (подам лакальна называлі шырокую драўляную лапату без чаранка). А найлепшым лічыўся дубок, які сушылі на спецыяльна сплеценых з канаплі сетках. Гэтыя сеткі клалі на гліняныя збаны з малаком. Малако паціху выпарвалася ў печы, а над яго парам на сетцы сохлі скручаныя трубачкі дубка. Колер такі дубок меў бурштынавы, а пах – неверагодны!

Гатовы высушаны дубок захоўвалі ў палатняных мяшочках.

Плыве лета на хвалях водару зёлак і напаўняе нашы душы свежасцю, чысцінёй, лёгкасцю, светлымі марамі:
У нас зямля – якую краску,
Якую былку ні сарві –
Кладзі да сэрца, як лякарства,
I здаравей, брат, і жыві!
(Ніл Гілевіч. 3 рамана ў вершах “Родныя дзеці”)

Куратар праекта“Слоўка за слоўкам” – навуковы супрацоўнік І. Клімовіч

Традыцыі збору дубка, нарыхтоўкі, асаблівасці прыгатавання запісаны са слоў жыхаркі Шчучынскага раёна.