Драгун Юльян Баляслававіч (1910 г. – 1973 г.), рэдактар падпольнай газеты «Уперад».
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і ў в. Лукашы Мінскага павета Мінскай губерніі. Закончыў школу калгаснай моладзі ў Койданаўскім раёне Мінскай вобласці ў 1930 г. У 1930-1933 гг. вучыўся ў Ленінградскім педвучылішчы. У 1937 г. закончыў Гомельскі педінстытут, выкладаў хімію і біялогію ў Прапойскай сярэдняй школе ў 1937 – 1941 гг.
22 чэрвеня 1941 г. пачалася Вялікая Айчынная вайна. У ліпені-жніўні 1941 г. Юльян трапіў у палон ў нямецкія лагеры ў Быхаве, Бабруйску, Баранавічах, Слоніме. З лістапада 1941 г. па лістапад 1942 г. дапамагаў па гаспадарцы бацькам.
З кожным днём расла нянавісць да ворага, Юльян Браніслававіч не сядзіць склаўшы рукі, а прымае ўдзел у арганізацыі партызанскага атрада імя Чкалава. З лістапада 1942 г. па кастрычнік 1943 г. – намеснік камісара па камсамоле гэтага атрада.
З успамінаў Ю. Б. Драгуна:
“У красавіку 1943 г. быў створаны Лідскі міжрайцэнтр па кіраўніцтве партызанскім рухам, пры якім я займаў пасаду намесніка камандзіра Лідскага партызанскага злучэння па ідэалагічнай рабоце і адначасова быў рэдактарам падпольнай газеты “Уперад”, якая выходзіла рэгулярна. Таксама забяспечваў выпуск падпольных газет Іўеўскага, Навагрудскага і Юрацішскага раёнаў. Асабіста запісваў і распаўсюджаваў аператыўныя зводкі Саўінфармбюро як сярод партызан, так і сярод мясцовага насельніцтва. Выпускаў шмат лістовак, якія заклікалі змагацца з ворагам.
Удзельнічаў у баявых і дыверсійных аперацыях, кіраваў мінёрамі, У выніку “рэйкавай вайны” былі нанесены вялікія страты праціўніку ў справе забяспячэння фронта жывой сілай і тэхнікай. У ліку партызан Лідскага злучэння разам з часцямі Чырвонай Арміі прымаў удзел у вызваленні Ліды і раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Ліквідоўваў ачагі пажараў, якія ўзнікалі ў горадзе ў выніку вулічных баёў. З першага дня вызвалення г. Ліды стаяў на чале работы па аднаўленні сеткі народнай адукацыі і ўстаноў культуры і інш.”
Пасля вызвалення Лідчыны Юльян Баляслававіч адразу стаў выпускаць газету “Уперад” і працаваў на пасадзе адказнага рэдактара газеты да 1949 г., пасля чаго быў накіраваны на працу ў Гродна. У 1949-1953 гг. – адказны сакратар таварыства па распаўсюджванні палітычных і навуковых ведаў абласнога аддзялення ў г. Гродна, дырэктар Гродзенскай СШ № 3 (10-12.1953), дырэктар міжабласной СШ (12.1953-09.1954), выкладчык медвучылішча (9-11.1954), дырэктар Гродзенскай СШ № 8 (11.1954 -5.1957), загадчык раённага аддзела адукацыі Гродзенскага раёна (1962–6.1964), дырэктар абласной завочнай школы (4.1959-9.1960), дырэктар СШ № 14 (9.1960-4.1962), метадыст Гродзенскага інстытута ўдасканалення настаўнікаў (6-8.1964), завуч СШ № 6 (8.1964 – 4.1968 г).
У 1965 г. прысвоена званне “Ганаровы грамадзянін г. Ліды”.
З красавіка 1968 г. – пеніянер.
Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ст. і шматлікімі медалямі.
Памёр у 1973 г., пахаваны ў г. Гродна.
У музеі захоўваецца перапіска з Юльянам Баляслававічам, яго аўтабіяграфія, фатаграфіі. Першымі музейнымі экспанатамі сталі 5 нумароў падпольнай газеты “Уперад”, якія перадаў Ю. Б. Драгун.