П. П. Брыкель – генерал-маёр, камандзір 6-ай гвардзейскай кавалерыйскай дывізіі 3-га гвардзейскага кавалерыйскага корпуса, Ганаровы грамадзянін г. Ліды.
Нарадзіўся Павел Парфір’евіч 18 лістапада 1903 г. у сяле Вялікая Рублёва Кацеўскага павета Палтаўскай губерні. Скончыў царкоўна-прыходскую школу і вышэйшае пачатковае вучылішча. У 1920 г. добраахвотнікам уступіў у Чырвоную Армію. Змагаўся з махноўцамі і на польскім фронце. Сакратар сельсавета, сакратар райвыканкама. Скончыў 2 курсы Харкаўскага геадэзічнага і землеўпарадкавальнага інстытута (1924-1925), у 1925 прызваны ў Чырвоную Армію як палітбаец. У 1926 г. уступіў у партыю. Да 1942 г. служыў у 3-й Бесарабскай кавалерыйскай дывізіі імя Катоўскага, камандаваў узводам, эскадронам. Пачаў вайну камандзірам палка 22 чэрвеня 1941 г. у раёне Рава Руская, а скончыў камандзірам дывізіі 9 мая 1945 г. на Эльбе. Удзельнічаў у баях на Паўднёва-Заходнім, Данскім, Сталінградскім, Паўднёвым, Стэпавым, Заходнім, 1 і 2 Прыбалтыйскіх, 2 і 3 Беларускіх франтах. Удзельнічаў у абароне Кіева, Сталінграда, Масквы, у Бярэзінскай і Берлінскай аперацыях. 2 разы паранены і кантужаны. За вызваленне Ліды і Гродна дывізія атрымала назву “Гродзенская”, а яе 23 кавалерыйскі полк стаў называцца “Лідскі”.
Падчас аперацыі “Баграціён” воіны-кавалерысты за 36 дзён прайшлі з баямі 770 кіламетраў, удзельнічаючы ў вызваленні 268 населеных пунктаў, у тым ліку Маладзечна, Ліды, Гродна. Паспяховым дзеянням дывізіі спрыяў велізарны баявы досвед яе камандзіра – генерал-маёра Паўла Брикеля.
Указам Прэзідыума Вярхоўнай Савета СССР ад 29 мая 1945 г. за высокае каманднае майстэрства, мужнасць і адвагу, выяўленыя ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі гвардыі генерал-маёру Паўлу Парфір’евічу Брыкелю прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, трыма ордэнамі Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, ордэнамі Суворава ІІ ступені, Кутузава, Б. Хмяльніцкага ІІ ступені, А. Неўскага, Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі, трыма замежнымі амерыканскімі ордэнамі Ганаровага легіёна, польскім “Віртуці Мілітары”, нямецкім медалём “Нейсе-Одэр-Балтык”. Пасля вайны начальнік Дубоўскага ваеннага коннага завода № 1 (1947-1950). Дэмабілізаваўся ў 1950 г. Узначальваў Паўночна-Каўказскі трэст конных заводаў Мінсельгаспадаркі РСФСР (1953-1963). Дырэктар Растоўскага Рэспубліканскага іпадрома імя Першай Коннай Арміі (1964-1980). Ганаровы грамадзянін г. Ліда (1985) і г. Гродна. Аўтар кнігі “Аповесць аб апошнім рэйдзе” (Грозны, 1984).
Памёр 12 кастрычніка 1983 г. Пахаваны на алеі Пашаны Паўночных могілак Растова-на-Доне.