/ Навіны / Брукаванае слова

Брукаванае слова

21 сакавіка, у Сусветны дзень паэзіі, у Доме Валянціна Таўлая Лідскага гісторыка-мастацкага музея адкрылася выстаўка “Брукаванае слова”. Экспазіцыя прысвечана заходнебеларускаму паэту Івану Івашэвічу, вядомаму пад псеўданімам Пятрусь Граніт. Напрыканцы студзеня яму споўнілася б 115 гадоў. На мерапрыемства завіталі аматары і майстры мастацкага слова, члены літаратурнага аб’яднання “Суквецце” пры “Лідскай газеце”.

Пятрусь Граніт – псеўданім зачэпіцкага паэта Івана Івашэвіча. Некалькі гадоў назад куратару выстаўкі навуковаму супрацоўніку музея Алесю Хітруну пашанцавала пабыць у Зачэпічах на свяце беларускай паэзіі, арганізаваным гродзенскімі пісьменнікамі. У той дзень адбылося знаёмства з унучкай І. Івашэвіча Людмілай Аляксандраўнай Яновіч, якая, як вызначылася потым, жыве ў Лідзе, ды прытым непадалёку ад дома В. Таўлая. Падчас размовы стала вядома, што ў яе захоўваецца архіў дзеда-паэта: рукапісы і машынапісы вершаваных твораў, фотаздымкі, дакументы і іншае. Пазней супрацоўнікам музея быў перададзены і прыжыццёвы зборнік вершаў “Сцяжынка” паэта. Гэтыя матэрыялы і сталі асновай выстаўкі.

Падчас адкрыцця выстаўкі паэты-аднадумцы даведаліся пра жыццё і творчасць Петруся Граніта. Асобная ўвага была скіравана на яго працоўную дзейнасць – брукаванне дарог. Яна прымусіла будучага паэта ўвіхацца дзеля належных сродкаў на пражытак да 1939 года – уз’яднання Заходняй Беларусі з БССР. У беларускай літаратуры такога працавітага паэта, які аж 12 гадоў клаў брук і яшчэ паспяваў пісаць добрыя вершы, больш не было! Доўгія гады ў родных мясцінах захоўваліся брукаванкі, пакладзеныя самадзейным паэтам.

Пра выбар гэтай нялёгкай працы літаратуразнаўцу Уладзіміру Калесніку давялося яшчэ пры жыцці пагутарыць з Іванам Івашэвічам. Вось што ён піша: “Працу брукара ён не то што любіць, а ганарыцца ёю: цяжкая праца, не кожны вытрывае. Паспрабуй цэлы летні дзень пад спёкаю молатам каменне трушчыць. Увесь потам сыдзеш, соль на кашулі выступіць, хоць бяры ды страсай саляны пыл на паперу і тою соллю страву падсольвай. Або сядзіш, дарогу мосціш, і роўная, як струна, дарога бяжыць з-пад тваіх каленяў. Хацеў бы ўстаць ды памчацца ў тыя далёкія далі, у невядомыя гарады, да якіх вядзе твая дарога. Хочаш, а не можаш, кленчыш на каленях, глядзіш у сінь-даль ды зайздросціш тым, хто па тваёй дарозе, па бруку, па каменьчыках тых, сагрэтых тваімі далонямі, імчыцца на быстрай машыне. Што там машына! Зайздросціш балаголу, які хоць і зубы сціскае на дрогкім бруку, каб языка не прыкусіць, але ўсё ж едзе, а ты – на месцы. Зайздросціш няшчаснаму пешаходу, які хоць кійком падпіраецца, але дыбае. Любіць pyx дарога, і жыццё любіць pyx. Усякае жывое стварэнне рухаецца, куды яго цягне, а ты мусіш сядзець як прыкаваны. Часам ахвота ісці ў нязведаныя куткі так спакушала і таміла Іванаву душу, што хацелася кінуць гэтую катаржную работу – ды заламіся ты, прынука! Але выхаваная змалку руплівасць, сорам жыць без працы, кпіны з лёгкага хлеба, сялянская цвярозасць – усё гэта трымала яго на адным месцы…

Паэт прымаў удзел у вызваленчым руху. У снежні 1933 года Пятрусь Граніт быў запрошаны ў Вільню на з’езд Літаратурнага фронту сялянскіх і рабочых пісьменнікаў, якім кіраваў Валянцін Таўлай. У той дзень паэты пазнаёміліся. І сяброўства іх захавалася на доўгі час. Лідчанам, напэўна, вядома і пра тое, як у сакавіку 1940 года прыязджаў у Ліду кандыдат у дэпутаты Вярхоўнага савета БССР Янка Купала. На той сустрэчы разам з Валянцінам Таўлаем, Нінай Тарас, Анатолем Іверсам, Пятром Глебкам быў і Пятрусь Граніт – старшыня Беліцкага сельсавета.

Кожны паэт марыць выдаць томік сваіх твораў. У зачэпіцкага паэта таксама быў падрыхтаваны зборнік вершаў “Над хваляй Нёмана”, але ж з пачаткам вайны фашысцкай Германіі з Польшчай, кніжцы не суджана было выйсці ў свет. Рукапіс загінуў. Але творчасць паэта працягвалася. Падчас Вялікай Айчыннай вайны ён быў сувязным партызанскай брыгады “Барацьба” і выступаў у партызанскім друку пад псеўданімам Мацей Гвозд.

З прыходам савецкай улады з 1946 па 1950 гады Іван Івашэвіч вучыўся ў Навагрудскім педагагічным вучылішчы. Потым працаваў настаўнікам, загадчыкам пачатковай школы ў Зачэпічах. Па некаторых звестках, Зачэпіцкую школу ён будаваў за ўласныя грошы.

Пятрусь Граніт любіў дзяцей. Ім прысвячаў свае вершы. У 1978 годзе быў выдадзены зборнік для дзяцей “Сцяжынка”. Мяркуецца, што першапачатковая назва яго была “Па дарогах жыцця”.

Часта наведваўся паэт і ў рэдакцыю лідскай газеты “Уперад”, у якой друкаваліся яго вершы. Нізкі вершаў былі апублікаваны ў зборніках “Сцягі і паходні” (1965 г.), “Ростані волі” (1990 г.).

14 студзеня 1980 года паэта не стала. Пахаваны на вясковых могілках у Зачэпічах.

Захаваўся дом, у якім жыў паэт. У верасні 2017 года на гэтым будынку з’явілася памятная шыльда. З таго часу родная вуліца Петруся Граніта стала насіць яго імя.  У 2018 годзе ў Зачэпічах быў урачыста адкрыты памятны знак – камень у гонар трох паэтаў: Герасіма Праменя (Івана Пышко), Васіля Струменя (Аляксандра Лебедзева) і Петруся Граніта (Івана Івашэвіча).

У Лідзе жывуць тыя, хто ведае Петруся Граніта. Адзін з іх – лідскі паэт Уладзімір Васько. Свой успамін “Згадка пра Івашэвіча” ён змясціў у кнізе “Лясная рапсодыя” (2013 г.), а ў зборніку “Энергія душы” – верш  “Гняздо паэтаў” з нагоды адкрыцця знака-каменя траім паэтам у вёсцы Зачэпічы, што на Дзятлаўшчыне.

У дзень адкрыцця экспазіцыі гучалі вершы лідскіх паэтаў. Уладзімір Васько і Ірына Марук згадалі пра сустрэчы з Петрусём Гранітам. Праз матэрыял, які прадстаўлены на часовай экспазіцыі, яны змаглі прайсціся дарогай самадзейнага паэта і прасачыць тыя падзеі, праз якія прайшоў беларускі народ у той ужо гістарычны час.

У назве выстаўкі, як было заўважана, прадугледжваецца нялёгкая праца самадзейнага паэта, у якой ён паказаў сябе як працаўніка-селяніна, які сваімі мазольнымі рукамі пракладаў брукаваную дарогу, як быццам бы паэтычным друкаваным словам – сцяжынку ў светлую будучыню, у якой кожны жыхар нашай незалежнай краіны павінен звацца беларусам.

Выстава “Брукаванае слова” будзе актуальнай да 80-годдзя з дня вызвалення беларускіх зямель ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і да 85-годдзя з дня ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР.

Алесь Хітрун,

навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея.