«Бот лапцю не таварыш». Нават сёння можна пачуць гэтае трапнае выслоўе, прыдуманае нашымі кемлівымі продкамі. І праўда. Хіба маглі лапці параўнацца са скураным абуткам, часам аздобленым узорамі! Боты, боцікі на шнуровачках, чаравікі на нагах былі паказчыкам сацыяльнага статусу ўладальніка. «Відна пана па халявах»! Скураны абутак каштаваў дорага, таму, калі і пашчасціла купіць, то карысталіся толькі на «выхад у людзі»: на свята, на кірмаш, у храм. І то, калі дарога не блізкая, ішлі басанож ці ў лапцях, а пасля ўжо пераабуваліся. Такая беражлівасць дазваляла, напрыклад, малодшым даношваць абутак за старэйшымі (нічога, што са зношаным абцасам на бок ці дзірачкай маленькай!). Дык як жа бот можа быць таварышам таннаму лапцю?!
Пра тое, што лапцей не цураліся і ў нас на Лідчыне, сведчыць і нядаўняя знаходка. Былая жыхарка в. Масявічы Лідскага раёна, Рамановіч Зінаіда Дзмітрыеўна, на гарышчы свайго дзеда знайшла не толькі лапаць, але і тры скруткі сыравіны. Знаходцы, якую яна перадала ў наш музей, год каля 100. Праўда, за даўнасцю год, пакуль што цяжка вызначыць лазовае ці ліпавае лыка. Затое наяўнасць толькі аднага лапця наводзіць на разважанні пра даўні звычай продкаў, звязаны з абрадам уваходзін, калі гаспадар задобрываў Хатніка, запрашаючы ў лапаць, каб перавезці і яго на новае месца жыхарства, бо, лічылі, без Хатніка парадку і шчасця не будзе. «Гаспадарку весці – не лапці плесці»!
З чаго ж пачынаўся шлях да лапця?
У маі і чэрвені нарыхтоўвалі кару з маладых дрэў (ад 4 да 6 год), часцей – з ліпы, і называлі гэтую сыравіну лыка. Такая своеасаблівая драўняная тканіна, якая ў гэты час мякенькая і цягнецца добра. Надранае лыка скручвалі ў скруткі і вешалі ў клеці або на гарышчы хаты. Перад выкарыстаннем скруткі размочвалі ў цёплай вадзе, каб лыка стала падатлівым, гнуткім. Нарыхтоўвалі таксама тонкія ліпавыя жэрдкі з карой (луццё). Луццё ў патрэбны час распарвалі ў печы, а потым здымалі з яго лыка. Чаму так добра захавалася лыка ў знойдзеных скрутках? А вось уся разгадка ў часе нарыхтоўкі. Старэйшыя людзі казалі, што калі спазніўся ў зборы, то лыка стане слізкім і змарнуецца ў скрутках.
У вольны час (а часцей глыбокай восенню ці доўгімі зімовымі вечарамі), размясціўшыся на «мужчынскай» палове хаты, гаспадар браў у рукі няхітры інструмет для пляцення лапцяў: драўляную калодку, завостраныя з аднаго канца палачкі, жалезны ці касцяны кручок.
У залежнасці ад тэхнікі вырабу вылучаліся 2 тыпы лапцяў: прамога (пашыраны паўсюдна) і касога (на ўсходзе Беларусі) пляцення. Найбольш запатрабаванымі былі лапці, якія называлі кавярзні. Іх насілі фактычна круглы год. А вось падчас летніх палявых работ насілі лапці-шчарбакі, у якіх была амаль адна падэшва. На поўдні Гродзенскай губерні бытавалі так званыя зрачыя лапці, у якіх насок пасярэдзіне зверху быў адкрыты – «вока» (яго стварала адсутнасць пярэдняга вушка – стракі).
Знаходка нашай лідчанкі – лапці-шчарбакі згодна прамой тэхніцы пляцення. Лапці касога пляцення – пахлапні, былі пашыраны на беларуска- рускім паграніччы і лічацца рускім запазычаннем. Мелі яны глыбокія круглыя насы, высокія бакі і запяткі. Лічыліся святочнымі. Лапці, сплеценыя ў такой тэхніцы, захоўваюцца ў фондах нашага музея.
Бывала, што для большай носкасці лапці падшывалі скурай. У ХІХ ст. на захадзе Беларусі былі пашыраны скураныя лапці – пасталы. Такі від абутку можна разгледзець сярод іншых экспанатаў калекцыі «Абутак».
Надзявалі лапці на палатняныя анучы, а ў халодны час – на суконныя, прывязваючы вакол нагі аборамі, скручанымі з лыка.
На адзін лапаць ішло 6 лык шырынёй прыблізна 1,2 см і даўжынёй каля 1,5 метра. На тэрыторыі Беларусі раней лыка было нават адзінкай вымярэння даўжыні зямельных надзелў («поделити въ лыко»). Дарэчы, шырыня лыка ў адным з нашых скруткаў – 9 см. Верагодна, выкарыстоўвалі па тыпу луцця, распарваючы і раздзяляючы на больш тонкія.
Лапці мелі не толькі практычнае ўжыванне: вельмі часта яны станавіліся атрыбутам пэўных абрадаў, прычым магічнымі якасцямі валодалі старыя, ужо зношаныя лапці. Ад нячыстай сілы і дрэннага вока лапці вывешвалі на хлявах, агароджах, тынах, каля агародаў, на варотах. Прысутнасць лапцяў у куратніку павінна была павялічыць колькасць знесеных яек, засцерагчы курэй ад сурокаў і хвароб.
У вуснай народнай творчасці гэты від абутку “ходзіць” у лідэрах. Дзе яго толькі не ўзгадваюць! Ён і ў прыказках, і ў загадках, і ў казках, і ў песнях… У літаратурных творах ён таксама галоўны герой.
У народзе ведалі: каб дзень прайшоў паспяхова, спачатку надзявалі правы лапаць, а потым левы. Лапці выйшлі даўно з абіходу. Надзяем любы абутак па народных павер’ях і – у добры шлях!
Тэкст і фота – Клімовіч І. А., навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея