Сёння праваслаўныя вернікі адзначаюць Благавешчанне (Дабравешчанне). За каталіцкім святам (25 сакавіка) замацавалася назва Звеставанне.
Гэта адно з шаноўных нерухомых двунадзясятых свят у гадавым коле жыцця нашых продкаў. Як сведчыць Біблія, у гэты дзень архангел Гаўрыіл, благавеснік Таямніц Божых, паведаміў Дзеве Марыі пра непарочнае зачацце боскага немаўляці. Ужо зыходзячы з самой назвы, свята прызвана рабіць добрыя справы. Якія? А гэта ўжо кожны вырашае сам, «размаўляючы» са сваім сумленнем.
У фондах Лідскага гісторыка-мастацкага музея захоўваюцца два абразы «Благавешчанне Святой Багародзіцы», перададзеныя Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеем.
У народным календары гэта свята звязана з прабуджэннем зямлі, пачаткам новага гаспадарчага года. Па вераваннях продкаў, зямля жывая, і чапаць яе да Благавешчання нельга – адпачывае, «закрыта». Парушыць закон – гнеў зямлі наклікаць на гаспадарку. У свядомасці беларусаў трывала замацаваліся выразы: маці-зямля, зямля-карміцелька. Яна крыніца жыватворнай сілы, якая на Благавешчанне дасць моцны штуршок на адраджэнне (нараджэнне) ўсяго жывога.
Праўда, канчаткова з зімой развітвацца было ранавата (мы заўважылі гэта па надвор’і!). Нездарма казалі: «Да Благавешчання зіму не лай і сані трымай». А вось ужо пасля Благавешчання «араты на ніву… і каня вядзець, і саху нясець, заворваець». Па тым, якое было надвор’е, меркавалі пра будучы ўраджай і складалі свой сезонны прагноз. Калі на Благавешчанне дождж – будзе ўраджай на жыта. Калі сухое, цёплае надвор’е – лета будзе засушлівае, а восень марозная. Ну а калі пайшоў снег – быць мокраму лету. Паназіраем!
У многіх рэгіёнах ў гэты час праводзілі трэцяе закліканне вясны і стараліся не прапусціць першай сустрэчы з буслам. Лічылі, што Благавешчанне – пара яго прылёту. «Як Дабравешчанне захоча, так і бусел заклякоча». Убачыш гэту птушку ў палёце – шчасце на цэлы год, здароўе ў нагах, гаспадарка будзе рухацца спраўна. «Бусел, бусел, круці кола, дам курыцу на Мікола», – такім жартам сустракалі птушку дзеці ў в. В. Якентаны Астравецкага р-на. А вось у в. Пятровічы Іўеўскага р-на казалі: «Бусел, бусел-клекатун схапіў бабу за каўтун, нёс, нёс – не данёс і ўкінуў у авёс». У в. Цыбары Лідскага р-на быў свой жарт: «Бусел, бусел-клекатун схапіў бабу за каўтун, па балоце валачыў, у карыце намачыў».
Многія гаспадары загадзя рыхтавалі месца для бусла, зацягваючы на дах ці высокае дрэва старое кола, барану – абы толькі «круціў кола» над хатай, пасяліўся, стаў ахоўнікам жылля і даў надзею гаспадару на шчаслівы лёс, здароўе, сямейны дабрабыт, веру ў поўныя засекі хлеба. Па ўспамінах жыхаркі г. Ліды, на яе малой радзіме (в. Пятровічы) былі пакладзены на дрэвах дзве бараны: адна жалезная, а другая драўляная, аднак ні на адной з іх бусел не звіў гняздо, выбраў іншае месца і другога гаспадара. Мабыць, дзякуючы такім назіранням, і нараджаліся прыкметы, звязаныя з паводзінамі гэтай асаблівай птушкі.
На Благавеснік (6 красавіка, за дзень да свята) на Заходнім Палессі пяклі пірагі ў форме буславых лап («буськіны лапы», «буславы лапы», «галёпы»). А вось у в. Бершты, в. Ліпнікі былога Лідскага павета пяклі з прэснага цеста (пост!) выявы жаваранкаў з «чарнічнымі вочкамі» А ўжо на Благавешчанне прынята было частаваць усіх, хто заходзіў у гэты дзень у хату.
У кантэксце народнага календара свята вызначалася шматлікімі перасцярогамі і забаронамі. І гэта надавала Благавешчанню штосьці магічнае, таямнічае, асабліва для тых, хто строга прытрымліваўся правіл, глыбока верыў у прыкметы і павер’і. Распаўсюджанай была забарона, у тым ліку на Лідчыне, хадзіць у лес і несці адтуль што-небудзь дадому, асабліва сукі дрэў, каб гадзіна на падворак не прыпаўзла (в. Эйтуны Лідскага р-на, в. В. Якентаны Астравецкага р-на, в. Пятровічы Іўеўскага р-на, в. Мікулішкі былога Лідскага павета, в. Навасёлкі Лідскага р-на).
Здавалася, што шматлікія «нельга» на Благавешчанне падсцерагалі продкаў на кожным кроку. Перш-наперш пад забаронай была праца на зямлі. Нельга было займацца і іншай цяжкай гаспадарчай працай. А вось у в. Ліпнікі былога Лідскага павета на Благавешчанне садзілі капусту на расаду, але толькі пасля абеду, як служба ў храме заканчвалася. Лічылі, што ўсё насенне прарасце, а парастак будзе моцны, здаровы, капуста ўродзіць з тугімі качанамі.
Небяспека магла падсцерагаць не толькі чалавека, але і птушку. Гэта сцвярджала добра вядомая ўсім прыказка: «На Благавешчанне птушка гнязда не ўе, дзеўка касу не пляце». А хіба можна яшчэ лепш выказаць думку, каб падкрэсліць значнасць гэтага свята?!
Няхай вясна нясе ўсім толькі добрыя весткі!
Матэрыял падрыхтавала навуковы супрацоўнік І. А. Клімовіч
Матэрыял падрыхтаваны на аснове вусных і пісьмовых успамінаў жыхароў Лідскага р-на, іншых рэгіёнаў Беларусі з выкарыстаннем крыніц:
Барыс, С. В. Сцежкамі дзядоў: народны быт беларусаў / С.В. Барыс. – Мінск : Беларуская навука, 2015. – 295 с. : іл. – (Традыцыйны лад жыцця).
Катовіч А., Крук Я. Веснавыя святы: нарысы. У 2 кн. / Аксана Катовіч, Янка Крук; маст. У.У. Васюк, А. Л. Баранаў: Маст. літ., 2005. – 413 с. (Беларускі народны каляндар).
Лозка А. Ю. Беларускi народны каляндар / А. Ю. Лозка. – 2-е выд., перепрац. i дап. – Мінск: Полымя, 2002. – 240 с.
https://www.sb.by/author/154205-elena-dovnar-zapolskaya/