/ Навіны / Беларуская набіванка

Беларуская набіванка

Сярод розных відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва пэўнае месца займае набіванка. Набойка, выбойка, крашаніна, набіванне. Які яшчэ выраб можа выхваліцца такой колькасцю лакальных назваў у залежнасці ад абранай тэхнікі?! Мода на набіванку на тэрыторыі Беларусі была пашырана ў 16 – 17 стст.у сувязі з дзейнасцю рамесніцкіх цэхаў. Віцебск, Магілёў, Полацк, Орша, Бабруйск – гэта былі цэнтры самых буйны майстэрняў па набіванню ў 19 ст. Была пашырана набіванка і ў вёсках Віцебшчыны, Гомельшчыны, Магілёўшчыны.

Узорысты выраб нараджаўся дзякуючы дошкам-клішэ з рэльефным малюнкам. У заходніх раёнах Беларусі ў к.19 – п. 20 стст. для набіванкі выкарыстоўвалі штампікі з нескладаным геаметрычным узорам (разеткі, крыжыкі, елачкі, галінкі і іншае), выразаныя з бульбы або рэпы. Іх мілагучна называлі “цацкаванне”.

Для вырабу штампаў добра падыходзілі дуб і пладовыя дрэвы: яблыня, груша. Паступова сталі дабаўляць металічныя элементы, прымацоўваючы іх на драўляную аснову. Гэта дазваляла зрабіць выразны адбітак ліній, кропак, стварыць разнастайныя далікатныя малюнкі.

Адбіць узор майстар меў толькі адзін шанец. Паправіць, перабіць магчымасці не было – усё будзе сапсавана. Таму патрэбна была цвёрдая рука, упэўнены рух, дакладнае вока.

Удар драўлянага малатка па дошцы-штампе або прыціск валікам –  так адбітак за адбіткам рукою майстра ствараліся ручнікі, занавескі, абрусы, сурвэткі, хусткі, фартухі і інш.Узор беларускіх набіванак быў просты, найчасцей расліннага характару. На тканінах з’яўляліся лілейнікі, ружы, рамонкі, валошкі, фіялкі, «коцікі» вярбы, ягадкі і г. д. Найбольш улюбёныя колеры набойшчыкаў: сіні, жоўты, чырвоны, зялёны і іх розныя адценні. Фарбы найчасцей былі з натуральных пігментаў і алею. Асновай для набіванкі служыла самая даступная і танная тканіна – даматканае ільняное палатно. Выкарыстоўвалі таксама і баваўняную фабрычную тканіну. Як правіла, майстар працаваў і павышаў сваё майстэрства на адным відзе тканіны: або на саматканым, або на фабрычным.

На Лідчыне рамеснікаў па набіванцы не выяўлена. Супрацоўнікі музея будуць удзячны новай карыснай інфармацыі ў гэтым накірунку. Уладальнікі набіванак Банько Г. У, Мулярчык В. В. у прыватнай бяседзе паведамлялі, што майстра запрашалі ў вёску. Ён пасяляўся на пэўны час (пераважна зімой) у доме па дамове з гаспадаром. Майстар-вандроўнік ужо зараня добра ведаў, якія ўзоры найбольш любяць заказваць і якія штампы трэба ўзяць з сабой. Часам майстар прывозіў і сваё палатно, што павялічвала кошт яго вырабу.

У Лідскім гісторыка-мастацкім музеі захоўваюцца два набіваныя ручнікі, якія трапілі ў фонды з в. Істокі Лідскага раёна і в. Нарашы Шчучынскага раёна. Дата вырабу прыблізная: 1950-я гады 20 ст. ( А гэта якраз той перыяд, калі ў 50-60 гг. 20 ст. актывізуецца выраб набіванак асобнымі майстрамі). Бытавалі вырабы ў гаспадароў у якасці набожнікаў. Перад святам іх мылі, і тут ужо якасць ручніка залежала і ад фарбаў, і ад частаты мыцця.Цікавы факт паведаміла ўражэнка былога Лідскага павета. Па яе ўспамінах, ужо гатовыя набіванкі насілі на продаж па вёсках цыганы. Тавар карыстаўся папулярнасцю. Куплялі часта набіваныя ручнікі на вяселле, калі не было магчымасці выткаць самім для сватоў і дружкаў. Гаспадыням жа, якія гатавалі стравы на вясельныя сталы, у якасці падарункаў куплялі набіваныя фартухі.

Трэба сказаць, што набіванцы цяжкавата было канкурыраваць з яркай каляровай гамай нітак у вышыванках, ткацтве. Яе прыгажосць –  у сціплых колерах. А ўжо са з’яўленнем фабрычнай вытворчасці набіваных тканін (з яркай каляровай гамай!), як рамесніцкі від творчасці, саматужная набіванка паступова сышла ў нябыт (к.19 ст.). У пачатку і сярэдзіне 20 ст. выраблялі набіванку толькі асобныя майстры.

Паважаныя чытачы!А можа, часам, у кагосьці захаваліся штампы-клішэ? Патэлефануйце нам. Нумары тэлефонаў на сайце музея.

Матэрыял падрыхтавала навуковы супрацоўнік І. А. Клімовіч

Матэрыял падрыхтаваны на аснове вусных і пісьмовых успамінаў жыхароў Лідскага р-на, іншых рэгіёнаў Беларусі з выкарыстаннем крыніц:

Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя / Беларуская Савецкая Энцыклапедыя; рэдкалегія: І.П. Шамякін (галоўны рэдактар) [і інш.]. – Мінск: БелСЭ, 1989,  с. 334

https://knihi.com/Ivan_Furman/Krasanina_materyjaly_da_historyi_jaje_u_Viciebscynie.html#61 (І. П. Фурман. Крашаніна. Выданне Віцебскага акруговага таварыства краязнаўства, 1925 г.)