/ Навіны / Балгарын Сяргей Іванавіч

Балгарын Сяргей Іванавіч

Балгарын Сяргей Іванавіч (10.10.1925 – 10.02.2002) – Герой Савецкага Саюза.

Нарадзіўся Сяргей Балгарын 10 кастрычніка 1925 у с. Каротнае Слабадзейскага раёна Малдаўскай ССР. Прызваны ў Чырвоную Армію ў 1943 г. Ваяваў на Прыбалтыйскім і 3-м Беларускім франтах. Яфрэйтар, наводчык станковага кулямёта 86 кавалерыйскага палка 32 Смаленскай дывізіі 3 гвардзейскага кавалерыйскага корпуса. 25 чэрвеня 1944 г. у баі за в. Шаркі Багушэўскага раёна знішчыў варожы кулямёт і 25 фашыстаў, узяў у палон траіх салдат.

8 ліпеня 1944 г. на подступах да г. Ліды ў раёне в. Татарцы са станковага кулямёта знішчыў 50 гітлераўцаў. 10 ліпеня 1944 г. у баі за пераправу на р. Дзітва каля в. Парачаны прарваўся да чыгуначнага моста, знішчыў сапёраў праціўніка, якія спрабавалі ўзарваць мост, пры агнявой падтрымцы яго кулямёта кавалерыйскі эскадрон захапіў мост.

У прадстаўленіі на ордэн Леніна паведамлялася, што кулямётчык С. Балгарын знішчыў у баі камандзіра паліцэйскага палка – палкоўніка СС, узнагароджанага трыма крыжамі, і больш за 100 фашыстаў. Камандуючы фронтам І. Д. Чарняхоўскі напісаў рэзалюцыю: «Годны больш высокай узнагароды за выратаванне маста і іншыя подзвігі».

Указам Прэзідыума Вярхоўнай Рады СССР ад 24 сакавіка 1945 г. яфрэйтару Балгарыну Сяргею Іванавічу прысвоена званне Герой Савецкага Саюза з урэчэнне ордэна Леніна і медаля “Залатая Зорка” (№ 4942).

З 1945 г. на гаспадарчай рабоце, з 1950 г. жыў у с. Пакроўка Раздзельнінскага раёна Адэскай вобласці, працаваў брыгадзірам трактарнай брыгады. Член КПСС з 1962 г.

Рашэннем выканкама Лідскага гарадскога Савета народных дэпутатаў ад 10 кастрычніка 1985 года Сяргею Балгарыну было прысвоена званне “Ганаровы грамадзянін горада Ліды”. Яго імем названа вуліца ў г. Лідзе.

Пры жыцці, калі ўзрост і здароўе яшчэ дазвалялі, Сяргей Іванавіч некалькі разоў прыязджаў у Лідскі раён. Заўсёды заязджаў у вёску Парачаны, каб наведаць той самы чыгуначны мост. Сустракаўся з мясцовымі жыхарамі і школьнікамі, дзяліўся сваімі ўспамінамі: «…Я бачыў ворагаў, якія беглі да маста. Думка была адна: «Яны хочуць яго ўзарваць – значыць, трэба дзейнічаць. І я адкрыў агонь…»

Памёр 10.02.2002 г., пахаваны на могілках у с. Пакроўка.

Узнагароды: медаль “Залатая Зорка” Героя Савецкага Саюза, ордэн Леніна, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Айчыннай  вайны І-й ступені і медалі.

У 1980 г. у в. Парачаны Лідкага раёна ў гонар подзвіга С. Балгарына ўстаноўлена стэла, стылізаваная пад сцяг, замацавана на бетонным пастаменце. Надпіс на стэле – “За нашу Савецкую Радзіму”.

Памяць аб ураджэнцы Малдовы Героі Савецкага Саюза беражліва захоўваецца ў Лідскім гісторыка-мастацкім музеі: гэта успаміны, фатаграфіі, перапіскі.