/ Навіны / Атмасферна-этнаграфічная гасцёўня “Час. Традыцыі. Вобразы” як сродак папулярызацыі матэрыяльнай і духоўнай культуры рэгіёна

Атмасферна-этнаграфічная гасцёўня “Час. Традыцыі. Вобразы” як сродак папулярызацыі матэрыяльнай і духоўнай культуры рэгіёна

Атмасферна-этнаграфічная гасцёўня “Час.Традыцыі.Вобразы” працуе ў Лідскім гісторыка-мастацкім музеі з 2020 г.

Створаныя на базе гасцёўні экспазіцыйныя комплексы “Ля печы”, “Бабін кут”, “Покуць”, “Абразок жыцця і таленту продкаў”, “Ручнік – спадарожнік жыцця чалавека”, “Таямніцы хлеба” знаёмяць не толькі з лакальнай спецыфікай ужывання прадметаў у абіходзе жыхароў Лідчыны ў канцы 19 – п. п. 20 ст., але і становяцца асновай для навуковых даследванняў.

Скласці ўяўленне пра ўклад жыцця нашых землякоў, уменне весці гаспадарку, здольнасць займацца рознымі промысламі дапамагае гісторыя прадмета, зафіксаваная ў музейным пашпарце, а таксама гутаркі з носьбітамі рэгіянальнай культуры.

Так жыхары в. Ваверка Лідскага раёна прыгадваюць далёкае мінулае сваёй вёскі, калі хаты асвятлялі лучынамі на стаячку. Узор такога лучніка знаходзіцца ў экспазіцыйным комплексе “Ля печы”.

Бытаваў прадмет на памежжы Лідскага і Дзятлаўскага раёнаў в. Зачэпічы ў сям’і знакамітага паэта-земляка Івашэвіча Івана Пятровіча (24.01. 1909 – 14.01 1980), вядомага пад псеўданімам Пятрусь Граніт. Цікавасць выклікае канструкцыя лучніка. На верхнім канцы асновы замацаваны два клямары для ўтрымання лучыны, што давала магчымасць асвятляць хатнюю прастору адразу ў двух накірунках.

Лучнік – гэта не толькі ўтылітарны прадмет. Гэта, у нейкай ступені, сімвал вячорк (попрадак), якія ладзіліся на Лідчыне ў пачатку Піліпаўскага посту. Пры святле лучыны на вячорках, пераважна, пралі, выцягвючы нітку верацяном ці калаўротам з кожнай рулькі па чарзе.

Рулькамі на Лідчыне называлі жмені кужалю, якія скручвалі па спіралі ці “васьмёркай” для таго, каб мяккія валокны не блыталіся, не збіваліся ў ком.

У в. Серафіны, в. Ваверка, в. Паперня кужаль захоўвалі палойкамі.

Палойкі складаліся з некалькіх дзясяткаў жменяў, канцы якіх з абодвух бакоў туга скручваліся. Гатовы пучок пасярэдзіне дадаткова апаясвалі жменяй кужалю ці перакручвалі “васьмёркай”. Захоўваліся палойкі ў мяшках. Іх складвалі шчыльна адна на адну, зверху прыціскалі каменем ці іншым грузам і выносілі на мароз, каб валакно стала мяккім.

Перад прадзеннем нітак рулькі лёгка раскручваліся і зручна мацаваліся на прасніцы. Яшчэ зручней было карыстацца палойкамі – на прасніцу мацавалася адразу некалькі дзясяткаў жменяў.

Разам з тым, у экспазіцыйным комплексе “Абразок жыцця і таленту продкаў”, наведвальнікі нашага музея маюць магчымасць убачыць і параўнаць “мясцовыя” спосабы захавання кужалю з іншым рэгіёнам – гэта кужаль у касе. Менавіта так захоўвалі ў в. Капусцічы Мядзельскага раёна 100 жменяў вычасанай сыравіны, абодвума канцамі сплятаючы ў косы, і цалкам гэтае спляценне мела выгляд мяккага гамака. На жаль, лакальная назва гэтага спосаба захавання кужалю дакладна не высветлена.

Пра незвычайнае выкарыстанне кужалю нам паведаміла Жукоўская Марыя з в. Дзежавічы Іўеўскага р-на. Яна памятае, як маленькімі льнянымі “касічкамі” (так называе круглыя рулькі-скрутачкі і “васьмёркі”) упрыгожвалі хату. Іх прымацоўвалі на дзяругу, якая вісела над ложкам, “бо яны былі красівыя”.

Дзякуючы такім даследванням, на музейна-педагагічным занятку “Песня вякоў на полі льняным”, мы маем магчымасць не толькі паказаць прылады працы для паэтапнай апрацоўкі лёну на Лідчыне ў к. ХІХ – другой палове ХХ ст. (церніцы розных канструкцый, грабяні, пранікі, розыя формы трапла), але зацікавіць спосабамі захавання якаснай сыравіны і незвычайным выкарыстаннем яе ў інтэр’еры сялянскай хаты.

Значнае месца сярод рамесных заняткаў на Лідчыне займала апрацоўка дрэва.

Узорам найбольш старажытнага даўбёжнага рамяства з’яўляюцца не толькі ступы, сальніцы, лыжкі, але і шуфель, які дэманструецца ў экспазіцыйным комплексе “Таямніцы хлеба”.

Паводле ўспамінаў Рамановіч Зінаіды Дзмітрыеўны (1949 г. н.), ён служыў для адкідвання і правейвання збожжа і з’яўляўся адным з прадметаў, звязаных з нялёгкай працай хлебароба .

Выраб бытаваў у в. Масявічы Лідскага раёна ў ХІХ ст. Прылада працы выдзеўбана з цэльнага кавалка дрэва гаспадаром Быстрыцкім Кліменціем 1838 г.н. ці нават яго бацькам, які ў свой час займаўся рамяством па дрэве. Даўжыня вырабу складае 132 см., шырыня паўкружжа – 48 см. Сваімі памерамі і вагой, шуфель прыцягвае да сябе ўвагу не толькі дзіцячай аўдыторыі, але і дарослых.

Не менш каштоўным экспанатам для гасцёўні з’яўляецца медагонка, якая дэманструецца ў час правядзення музейнага занятка “Згадкі з беларускай хаткі”, звязанага са здабыўнымі промысламі на Лідчыне. Сярод іх – пчалярства.

Прыстасаванне для выбівання мёду з сотаў складаецца з драўлянага корпуса ў форме бочкі і металічных дэталяў. Карысталіся медагонкай на дзве рамкі ў 50-я гады ХХ ст. у в. Ходараўцы Лідскага раёна. Як правіла, такія медагонкі мелі гаспадары з дастаткам. Хто трымаў пасеку, а медагонкі не меў, то рамкі звозілі да чалавека, які згаджаўся “ганяць” мёд сваім прыстасаваннем за пэўную плату.

Не толькі драўляныя вырабы нашых продкаў займаюць годнае месца ў гасцёўні, але і плеценыя з саломы і лазы: шыян, карабы, лубкі, гарцы.

Прыстасаванні, у якіх на Лідчыне захоўвалі падсушаныя мясныя прадукты (кумпяк, паляндвіцу, каўбасы) – гэта кашы рознай формы.

Вялікі кош з накрыўкай падвешвалі на гарышчы за бэльку пры дапамозе вяроўкі ці старых лейцаў. Малы, паўавальны кош (аднабокі), плоскім бокам вешалі на сцяну. Выкарыстоўвалі аднабокі кош як вярэньку: закідвалі на плечы пры пераносе ежы ў поле (паводле запісу ў музейным пашпарце). Бытаваў кош у Гродзенскай вобласці.

Часта наведвальнікі гасцёўні прыгадваюць, што ў кашах захоўвалі сала. Гэта выклікала ў нас вялікія сумненні: праз шчыліны паміж пруцікамі высыпалася б соль. Аднак нядаўна высветлілі, што так у кашы захоўвалі здор – нутраны свіны тлушч (в. Пераганцы Воранаўскага р-на). Яго салілі, прыпраўлялі перцам з таго боку, дзе не было “плёнкі” (плеўкі), затым скручвалі, падвярнуўшы канцы, у “круцёлку” і перавязвалі льнянымі ніткамі. “Плёнка” (плеўка) на доўгі час захоўвала якасць здору. Ужывалі здор да гарачых бліноў.

Дзякуючы сябрам атмасферна-этнаграфічнай гасцёўні “Час. Традыцыі. Вобразы”, супрацоўнікі музея запісваюць рэцэпты прыгатавання іншых страў, якімі карысталіся жыхары Лідскага рэгіёна і Гродзеншчыны. У першую чаргу, цікавасць выклікаюць мясцовыя назвы: ламанцы, бляхі, шаптуны, прысакі, расол з бульбы, раўгеня, кашанка, салёнікі, квас на бярозавіку, грыбны квас, пальцоўка, калбатуха і інш.

Часам, па аб’ектыўных прычынах, інфармацыя пра прадметы, якія дэманструюцца ў экспазіцыйных комплексах гасцёўні, не заўсёды бывае поўнай. Пры пошуках адказу высвятляюцца цікавыя факты.

Так пры звароце да першакрыніц за дапамогай, нас зацікавіла тое, што у энцыклапедыі “Этнаграфія Беларусі” 1989 г.выдання[1] не значыцца такі побытавы прадмет як калатоўка.

Магчыма, гэта звязана з лакальнасцю яго назвы. Напрыклад, Наўроцкая Г. Ю.з в. Чаплічы Лідскага раёна, называе выраб мяшалка, узбівалка. У в. Парачаны Лідскага раёна зафіксавана назва калатушка. Часцей жа, пры гутарцы з жыхарамі Лідчыны і суседніх раёнаў, выраб ніяк не называюць: не памятаюць ці не ведаюць ўвогуле.

Для Лідскага рэгіёна чужароднасць назвы калатоўка, верагодна, заключаецца ў самім слове – калаціць, якое на нашай тэрыторыі не з’яўляецца агульнаўжывальным. Лакальна выкарыстоўваюць у гаворцы словы мяшаць, калбаціць, узбіваць, боўтаць.

Ролю калатоўкі ў побытавым жыцці дакладна вызначае “Товарный словарь” 1958 г. выдання, які дае апісанне прамысловага тавара “мутовка хозяйственная” і змяшчае малюнак. [2]

Магчыма, па аналогіі апісання мутоўкі, яго ўнутраны змест раскрывае і “Тлумачальны слоўнік беларускай мовы”1978 г. выдання : КАЛАТОЎКА, -і, ДМ –тоўцы; Р мн. –товак; ж. Прылада ў выглядзе палачкі з сучкамі на ніжнім канцы для збівання масла, размешвання чаго-н.[3]

Эдынтычнасць слоў калатоўка, мутоўка вызначае “Русско-белорусский словарь” 1991, г. выдання[4]:Колотовка обл. см. мутовка 1. Там жа: Мутовка ж 1. Калатоўка, -кі, ж.

Калатоўкамі, што знаходзяцца ў нашым экспазіцыйным комплексе (в. Чаплічы, в. Тарнова Лідскага раёна) размешвалі рошчыну для выпечкі хлеба, рыхтавалі цеста на бліны, на свята Каляды размешвалі галушкі (клёцкі) з макам, кісель; разбівалі камячкі гарбуза (в. Дзітрыкі Лідскага раёна), калі гатавалі з яго малочную страву, а таксама, калі варылі зацірку; разбівалі бульбу ў крышаным булёне (в. Парачаны Лідскага раёна).

Дзякуючы гэтаму прадмету мы атрымліваем інфармацыю, у тым ліку, і пра стравы, якія ўжывалі нашы продкі, і пра іх назвы.

Верагодна, што адна з калатовак зроблена для асабістага карыстання самім гаспадаром, а другая – носіць прамысловы характар (параметры блізкія да стандартаў, указаных у таварным слоўніку пры апісанні мутоўкі)[5]. Аднак, ці існаваў гэты шчапны промысел на Лідчыне, сказаць цяжка. Тым не менш, мясцовыя ўмельцы ўгледзелі асаблівасць росту галін у хваёвых дрэвах-кальчаках і прымянілі на сваю карысць. Зразалі верхавіну маладога хваёвага дрэва, пакідаючы з аднаго боку невялікія сучкі-рагацінкі. Затым ачышчалі ад кары, сушылі, шліфавалі. Для трываласці змазвалі гарачым тлушчам (Інфарматар Суднік С. В, г. Ліда).

Не значыцца ў этнаграфічных выданнях, а таксама ў слоўніках (у тым ліку, і таварным) такі драўляны побытавы прадмет як форма для масла, які экспануецца ў “Бабіным куце” гасцёўні.

Для жыхароў Лідчыны і суседніх раёнаў, як аказалася пры апытванні, прадмет вядомы, але сталай назвы адшукаць не ўдалося.

Так у в. Парачаны Лідскага раёна зафіксавана назва – мернік для масла. Па ўспамінах інфарматара, бабуля казала: “Прынясі мернічак для масла, а то ў Ліду на рынак павязём”.

У в. Буцілы Лідскага раёна – масламерка.

У в. Навасёлкі Лідскага раёна называлі кілёўка, у в. Больцішкі Воранаўскага раёна – паўкілёўка. Кіло – размоўная адзінка вагі на рынку, першая частка складанага слова кілаграм. На Лідчыне слова кіло вымаўляюць па-свойму – кіля. Менавіта такое вымаўленне (мяккі гук л) і ўтварыла лакальныя назвы: кілёўка, паўкілёўка. Як бачна, форма надавала не толькі таварны выгляд прадукту, але і была пэўнай мерай – зручнай для продажу масла на рынку.

Карысталіся формай для маслаі ў в. Тубелевічы, в. Бенкевічы, в. Едкі, в. Кяньці, в. Эйтуны Лідскага р-на. Па словах інфарматара Юнда Р.П. (Саковіч), шырока карысталіся крэўныя і знаёмыя з в. Ганцавічы, в. Вялікае Сяло, в. Сакалы, в. Жырмуны Воранаўскага р-на.

Верагодна, што найчасцей гэтае прыстасаванне было ў абіходзе тых гаспадароў, якія лішкі масла вазілі на рынак. Аднак, узгадваюць жыхары і такія выпадкі, калі самі масла не пакаштуюць, а маюць патрэбу яго прадаць.

Для сябе на Лідчыне свежазбітае і прамытае масла “горачкай” складвалі ў міску, адціснуўшы канцом драўлянай лыжкі на паверхні масла ўзор накшталт паўмесяцаў.

Па ўспамінах жыхароў Лідчыны, форму абавязкова абдавалі варам, астуджалі, але не абсушвалі, а ў вільготную закладвалі гатовы прадукт. Застыўшы брусок масла выштурхоўвалі поршнем і загортвалі ў вільготную паперу ці тканінку.

Недобрасумленныя прадаўцы, пры закладанні масла ў форму, унутр клалі рэпу ці бульбу для большай вагі. Калі падман распаўсюдзіўся, на рынку купцы сталі правяраць масла палачкай (пратыкаць). У абход гэтаму, рэпу і бульбу сталі варыць. Мяккая гародніна падману не выдавала. Дадавалі і сок морквы ў смятану (постаялку), каб масла было жоўценькім, нібы добрай тлустасці малако. (Інфарматары: Суднік С. В, г. Ліда, Ліпніцкая Т. Л. г. Ліда).

Паглыбленыя даследванні гісторыі экспанатаў у атмасферна-этнаграфічнай гасцёўні служыць для таго, каб выявіць шэраг прадметаў, што ўжываліся ў Лідскім рэгіёне лакальна і мелі лакальныя назвы.У сваю чаргу, гэта стварае ўнікальную магчымасць праз прадмет высвятляць рэгіянальныя асаблівасці побыту, рамяства, традыцый, мясцовай кухні.

Такім чынам, праца атмасферна-этнаграфічнай гасцёўні “Час.Традыцыі. Вобразы.” носіць перспектыўны характар і скіравана на папулярызацыю матэрыяльнай і духоўнай культуры Лідскага рэгіёна.

Навуковы супрацоўнік І.А Клімовіч.

[1]Этнаграфія Беларусі: Энцыкл ( Беларус. Сав. Энцыкл.; Рэдкал.: І.П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. – Мінск: БелСЭ, 1989, 577 с. : іл.

[2]Мутовка хозяйственная // Товарный словарь / И. А. Пугачёв (главный редактор). М.: Государственное издательство торговой литературы, 1958. Т. V. Стб. 979 – 980,с. 528.

[3]Тлумачальны слоўнік беларускай мовы. Т. 2 Г – К (Рэд. тома А. Я. Баханькоў). – Мн.: Гал.рэд. Беларус. Сав. Энцыклапедыі, 1978. – с. 582.

[4]Русско-белорусский словарь:В 2-х т.: Более 109 000 слов. Т.1.А – О/ АН БССР, Ин-т языкознания им. Я.Колоса; Ред. К.К. Атрахович (Кондрат Крапива). – 3-е изд.,испр. и доп. – Мн. :БелСЭ. 1991. –с.377.

Там жа. С. 476

[5]Мутовка хозяйственная // Товарный словарь / И. А. Пугачёв (главный редактор). М.: Государственное издательство торговой литературы, 1958. Т. V. Стб. 979 – 980,с. 528.