Артэфакт (ад лац. artefactum – штучна зробленае) – старажытная рэч, якая зроблена ці мае сляды карыстання чалавекам.
Лідскі замак быў пабудаваны ў тыя трывожныя часы, калі націск крыжакоў на беларускія і літоўскія землі дасягнуў найбольшай сілы. Каб закрыць рыцарам дарогу ў глыб зямель Вялікага княства Літоўскага , вялікі князь Гедымін у 1323 г. загадаў залажыць у Лідзе мураваны замак.
З канца XIII ст. распаўсюджваюцца замкі-кастэлі, пабудаваныя ў цяжкадаступным месцы, чатырохвугольнай формы, часцей за ўсё з 1-2 вежамі, мелі ўмацаваныя сцены, абкружаны валамі, рвамі. Назва ўмацавання паходзіць ад лацінскага “castellum”, што ў старажытныя часы азначала ўзмоцнены валамі і ірвамі лагер рымскіх легіёнаў.
Замкі-кастэлі характарызуюцца выразнай архітэктурнай формай, дасканалай кампазіцыяй, масіўнымі прапорцыямі.
Лідскі замак узведзены на штучным насыпе ў сутоцы рэк Лідзея і Каменка. У плане – трапецыя, мае сцены таўшчынёй 2 м ўнізе і 1,5 м уверсе. Першапачаткова была ўзведзена толькі адна вежа (паўднёва-заходняя). Па загаду вялікага князя літоўскага Вітаўта ў канцы XIV – пачатку XV ст. з разлікам на вядзенне гарматнага бою па дыяганалі была пабудавана другая вежа (паўночна-усходняя). На канец XIV – пачатак XV ст. замак меў тры ўваходы: у паўднёвай сцяне на вышыні 4 м ад першапачатковага ўзроўню двара і два ва ўсходняй сцяне. Уверсе размешчаны байніцы. На ўсходняй сцяне знаходзіцца цагляны данскер (туалет). Для будаўніцтва замка ў асноўным выкарыстоўвалася каменне. Цэгла ўжывалася толькі для асноўных канструктыўных элементаў і архітэктурных дэталяў. Будаваўся замак на працягу 5-7 гадоў.
Археалагічныя даследаванні Лідскага замка праводзілі М. А. Ткачоў (1970), Я. Г. Звяруга (1974), А. А.Трусаў (1977-1978, 1980, 1985), А. К. Краўцэвіч (1986-1987).
Магутнасць культурнага слою Лідскага замка вагаецца ад 0,2-0,4 м у сярэдзіне двара да 1,5-2 м ля сцен.
Культурны слой Лідскага замка датуецца XIV-XVII стст. Пазнейшых наслаенняў амаль няма. Падаўляючая большасць знаходак належыць да часу актыўнага выкарыстання замка – XIV-XVII стст. У калекцыю ўваходзяць прылады працы, бытавыя рэчы, ўзбраенне, ваенны рыштунак.
Корд XV ст.
Корды (цесакі), якія характарызаваліся простым або слаба выгнутым каля вастрыя адналязовым клінком, знойдзены пад Лідай, у Мазыры і ў Крычаве. Лідскі экзэмпляр датуецца другой паловай XVст. і мае даўжыню 100 см. Клінок просты, з гранню і характэрным ножападобным афармленнем слаба выгнутага вастрыя, даўжынёй 87см. Крыжавіна простая, мячовая. Рукаяць нажовая, без наверша На рукаяці маюцца тры адтуліны для мацавання накладак. На клінку змешчаны клеймы – «пасаўскі воўк» і крыж на дузе.
Адналязовыя мячы – корды былі ў XVI ст. зброяй конных рыцараў ВКЛ.
Шпора XVI ст.
Шпоры XIV-XVIIстст. з Беларускага Панямоння блізкія да распаўсюджаных у Еўропе формаў.
Незвычайны экземпляр з Лідскага замка з дугой у выглядзе літары «U» і доўгім (15,5 см) злёгку загнутым шыпам, канец якога абламаны. Такія шпоры насілі гусары XVI ст.
Абутковыя падкоўкі XV–XVII стст.
Абутковыя падкоўкі – адна з самых масавых знаходак жалезных вырабаў пры раскопках познесярэдневяковых помнікаў.
Арыентуючыся на наўгародскія матэрыялы, раннія формы падковак датуюцца XIV ст., але часцей сустракаюцца ў слаях канца XV-XVI ст. Аналіз іканаграфічных матэрыялаў дазваляе меркаваць, што да мяжы XV-XVI стст. падковак у Беларусі амаль не было. На Беларускім Панямонні ўжываліся галоўным чынам падкоўкі, якія мацаваліся да абцаса з дапамогай шыпоў. Самыя старажытныя падкоўкі ўяўляюць сабой сагнутую дугой вузкую і высокую пласцінку (да 2,5 см) з трыма шыпамі. У Ноўгарадзе яны бытуюць у слаях XIV-XV стст. На тэрыторыі Беларускага Панямоння высокія падкоўкі сустракаюцца ў слаях XV-XVI стст. Далейшае развіццё падковак ішло ў бок памяншэння вышыні і павелічэння шырыні. Паступова падкоўкі становяцца плоскімі, прычым працэс гэты прыходзіцца на XVI-XVII стст. У слаях канца XVII-XVIII стст. з’яўляюцца пляскатыя падкоўкі, якія мацаваліся да абцаса цвікамі.
Конскія падковы XVI–XVIII стст.
Раскопкі познесярэдневяковых помнікаў Беларусі далі вялікую калекцыю падкоў авальнай формы, шырыня дугі якіх памяншаецца на канцах. Даўжыня – 10-19 см, шырыня 8-15 см. Яны адрозніваюцца памерамі, наяўнасцю розных дэталей, колькасцю дзірак пад цвікі. Да найбольш старажытных (XIV-XVстст.) належаць экземпляры з выступамі на канцах і злучанымі канаўкай адтулінамі пад цвікі. Такія падкоўкі бытавалі і ў XVI- XVIIстст. Сустракаюцца падковы з круглымі адтулінамі на канцах, а сярод іх – з шырокім выступам (адгорткай) па цэнтры дугі. Яны датуюцца XVII-XVIII стст. Сярод знаходак ёсць падковы без выступаў, адгортак, адтулін на канцах, толькі з дзіркамі для цвікоў.
Форма падковы дае магчымасць вызначаць, для капыта якой нагі яна прызначалася – задняй ці пярэдняй, паколькі капыты пярэдніх ног коней больш круглыя, а задніх – вузейшыя, выцягнутыя. У розныя часы Сярэднявечча выкарыстоўвалася розная коўка пярэдніх і задніх ног коней. У XIV-XVI стст. пярэдніх падкоў сустракаецца больш. Верагодна, каваць усе чатыры нагі каня стала звычаем толькі са з’яўленнем сеткі брукаваных дарог.
Кінжал XIVст.
На тэрыторыі Беларусі кінжалы парадстаўлены адзінкавымі экзэмплярамі. Варта выдзеліць экзэмпляр, знойдзены ў Лідзе. Выкананы ў выглядзе паласы, сіметрычна завужанай па абодвух канцах і падзеленай кароткімі крыжавінападобнымі выступамі на рукаятачную і клінковую часткі. Агульная даўжыня кінжала – 43 см, клінка – каля 30 см, шырыня – 2,5 см. У верхняй частцы рукаяці маецца адтуліна дыяметрам 0,3 см. Не выключна, што кінжал не дароблены да канца, пра што сведчыць усяго адна адтуліна для мацавання накладак на канцы яго рукаяці.
Сякера XV–XVII стст.
Самым папулярным відам абуховай зброі была сякера.
Сякера са слаба выдзеленай у бакавой праекцыі насадкай, якая плаўна пераходзіць у шырокае лязо са зрэзанай барадой.
Крук для нацягвання цецівы арбалета XIV ст.
Нацяжны крук з раздвоенай асновай, на якой маюцца дзве адтуліны для мацавання да пояса.
З дапамогай крука арбалетчык чапляў цеціву, а сагнутую нагу працягваў у стрэмя. Заставалася толькі разагнуцца, выпростваючы нагу, каб цеціва нацягнулася.
Арбалетныя балты XIV–XVI стст.
Арбалет на Беларусі вядомы з XII-XIIIстст. і да канца XVIст. як баявая зброя, а да канца XVIIIст. як паляўнічая. У XIV-XVстст. арбалет – найважнейшая зброя пяхоты.
Па спосабу мацавання да дрэўка яны падзяляюцца на ўтулкавыя і чаранковыя. Па форме сячэння пяра арбалетныя балты ўсе гранёныя, масай 50-75 г.
Наканечнікі лучных стрэл XIV–XVI стст.
У адрозненне ад суседняй Польшчы, дзе ў XIV-XV стст. лук выступаў пераважна як паляўнічая зброя, на тэрыторыі Беларусі не выйшаў з баявога ўжытку. На гэта паўплывалі татары, якія з канца XIV ст. трывала ўваходзілі ў склад узброеных сіл ВКЛ. У XVI ст. лук выступае як адзін з найбольш папулярных на Беларусі відаў зброі.
Наканечнікі стрэл для лука ўсе чаранковыя, у сячэнні маюць выгляд тонкай лінзы. Сярод знаходак трапляюцца ромбападобныя. Вага – каля 9 г.
Рыбалоўныя прылады
Відэлец XVI–XVII стст.
Відэльцы ў Беларусі ўвайшлі ў шырокі ўжытак не раней за XVI ст. Спачатку гэта была двухзубая прылада з чаранковай ручкай. Двухзубыя відэльцы былі важнай прыналежнасцю сталовых і паляўнічых камплектаў. Уласна ж індывідуальныя сталовыя відэльцы ўвайшлі ва ўжытак у Еўропе не пазней за XV ст. Ужо ў XVII ст. сталовы набор з нажоў і відэльцаў нават у фальварках не быў рэдкасцю.
Інструмент для пускання крыві XIV-XVII стст.
Стрыжань прамавугольны ў сячэнні, даўжынёй 15 см. з адточанай дзюбкай.
У Беларусі знойдзена дзве такія рэчы – у Лідскім замку і ў Мсціславе.
Спіс хвароб, ад якіх лячыла кровапусканне вельмі шырокі – ад мігрэні, газаў у страўніку і да эпілепсіі. Кровапусканнем праветрывалі жылы, астуджаючы гарачае цела. Усе прастуды і інфекцыі, уключаючы халеру і чуму, абавязкова лячылі кровапусканнем. Практыкавалася аж да пачатку XX ст.
Парахаўніца XVII ст.
Алавяны сасуд у выглядзе ўсечанага конуса, вышынёй каля 6 см., з накрыўкай і вушкамі па баках, каб падвешваць гэтую рэч да пояса.
Парахаўніца была неабходна стралку, каб у яго заўсёды пры сабе быў запас сухога пораху. Існавала з канца XV ст. і да пачатку XX ст. Ужывалася ў войску і на паляванні.Варган (дрымба) XVI ст.
Старажытны язычковы музычны інструмент. Вядомы ў многіх народаў пад рознымі назвамі.
Прадмет адносіцца да катэгорыі рэдкіх знаходак і ўяўляе сабой круглую жалезную подкоўку з выцягнутымі прамымі канцамі і тонкім язычком-пласцінкай, які адыходзіць ад дугі. Усе знойдзеныя на тэрыторыі Беларусі варганы захаваліся фрагментарна.
Падсвечнік XV-XVII стст.
Аднаражковы падсвечнік са спіральным канцом.
Усе археалагічна выяўленыя жалезныя падсвечнікі ўтулкавыя, аднаражковыя і маюць вельмі простую форму: прамы ці крыху выгнуты ўверх стрыжань адным канцом пераходзіць ва ўтулку, а другі завостраны для мацавання ў шчыліне ў сцяне. Датуюцца яны XV-XVII стст. Відавочна толькі выпадковасцю можна растлумачыць адсутнасць сярод археалагічных матэрыялаў двух- і трохражковых падсвечнікаў ды падсвечнікаў з іголкамі замест утулкі.
Прылады для высякання іскры з крэменю
Посудападобная кафля XV ст.
Міскападобная кафля ўтварылася шляхам памяншэння вышыні тулава і павелічэння памераў вусця гаршкападобнай кафлі. Яна падзяляецца на варыянты па форме вусця, якое рабілі круглым, квадратным ці прамавугольным.
Адзіная блізкая да міскападобнай квадрыфалійная кафля XVст. з Лідскага замка мае вышыню ўсяго 3,5 см і хутчэй за ўсё гэта быў дэкаратыўны выраб для аздаблення купала печы.Цэгла XIV–XV стст.
Будаўнікі Лідскага замка выкарыстоўвалі цэглу памерам 31x15x10 см. Даўжыня лідскай цэглы адпавядае даўжыні цэглы, з якой будавалі горад Рыгу. Большасць цэглы з Лідскага замка з гладкай паверхняй. Гэтая асаблівасць уласцівая для замкаў-кастэляў ў Медніках і Крэве. У XIV ст. ў замкавым будаўніцтве ўжывалася цэгла і меншых фарматаў. Напрыклад, дзеля аблямоўкі сценаў Лідскага замка выкарыстоўвалася цэгла памерам 31x14x7 см. Буйнапамерная цэгла панавала ў будаўніцтве на землях Беларусі з XIII па XVIII стст. Адметная рыса гэтай цэглы – падоўжаныя барозны на адным з яе шырокіх бакоў. Праз іх такую цэглу часта называюць «пальчаткай». Сушылі пад адкрытым небам, таму сустракаюцца экзэмпляры са слядамі дажджу ці лапаў свойскіх жывёл. Пры ўзвядзенні ў Лідскім замку паўночна-ўсходняй вежы (к. XIV – п. XV стст.) выкарыстоўвалася цэгла памерам 29-30 x 14 x 7,5-8 см, якая адрозніваецца ад цэглы др. п. XIVст. колерам, лепшай якасцю фармоўкі і абпалу, адсутнасцю барознаў.
Дахоўка керамічная XIV– XV стст.
На тэрыторыі Беларусі дахоўка вядомая з XIV ст. Найбольш раннія формы дахоўкі, якія датуюцца канцом XIV-пачаткам XV ст. знойдзены А. А. Трусавым пры даследаванні вежаў Лідскага замка. Лідская дахоўка мае паўцыркульную форму, на яе паверхні на адлегласці 3-4 см ад шырокага краю ў цэнтры грабяня знаходзіцца мацавальны шып (даўжынёю да 6 см) у выглядзе тоўстага зуба.
Люлькі XVI-XVII стст.
Выраблены з керамічных мас (чырвонай, белай гліны, фарфору).
Люлькі (вырабы для курэння тытуню) на Беларусі вядомы з канца XVI-пачатку XVII ст. На пачатку завозілі з іншых краін (Галандыя, Бельгія, Турцыя). У слаях XVII-XVIII стст. сустракаюцца фарфоравыя люлькі.
Італьянскай маёліка XVI–XVII стст.
У другой чвэрці XVI ст. галоўным цэнтрам выраба фаянсу становіцца Урбіна, дзе пераважае фігурны жывапіс. Кавалачак блюда з сюжэтам пра пагібель Лаакаона і надпісам (фрагмент) на лацінскай мове, які тлумачыць сцэну, на адвароце зноўдзены пры раскопках Лідскага замка. Па вызначэнню І. У. Ганецкай, блюда належыць да твораў Нікола Пеліпарыа, майстра другой чвэрці XVI ст. з Урбіны.
Рэйнская кераміка XVI – першая палова XVII ст.
У познесярэднявечным культурным слоі гарадоў і замкаў Беларускага Панямоння сустракаюцца фрагменты заходнееўрапейскага посуду. Гэта ў асноўным рэйнская кераміка (так званы каменны тавар), пакрытая салянай палівай. Датуецца рэйнская кераміка XVI- XIX стст.
Два фрагменты куфеля ўпрыгожаны барэльефам у выглядзе галавы льва (выява зверападобнага аблічча ў медальёне).
Ладдзя шахматная XIV-XV ст.
Вышыня 4 см, дыяметр асновы – 3,5 см. Экспанат з’яўляецца ўзорам касцярэзнага майстэрства, выканана ў стылі абстрактнай сімволікі. Пра тое, што перад намі менавіта ладдзя, сведчыць верхняя частка ўзору са своеасаблівымі «крыламі» руха (рух − гіганцкая птушка, вядомая па арабскім казкам, легендам, паводле паданняў старажытных падарожнікаў). Сярэднявечны рамеснік адлюстраваў нешта сярэдняе паміж усходняй фігурай і натуральнай рускай ладдзёй.
Шашка XV–XVI стст.
Шашка мае таўшчыню 0,5 см, дыяметр – 3 см, дыскападобная, знешняя паверхня ўпрыгожана канцэнтрычнымі кругамі. Гэта самы распаўсюджаны тып шашак у Сярэднявеччы, які захаваўся да XVII ст.
Грэбень XIV ст.
Касцяны двухбаковы грэбень (з аднаго боку частыя зубцы, з другога – рэдкія), цэльны.
У XIII-XVI ст. пераважаюць касцяныя грэбні прамавугольнай формы.
Двухбаковыя грабяні з’яўляліся прадметамі паўсядзённага быту. Ужываліся для расчэсвання валасоў, сколвання і ўпрыгожвання прычоскі.
Пласціна-накладка XIV-XV стст.
Фрагменты касцяной накладкі на калчан для стрэл паўцыркульнай формы з вялікімі і маленькімі адтулінамі (маленькія для мацавання). Накладка ўпрыгожана арнаментам у выглядзе невялікіх кружкоў з кропкай унутры.
Іголка XIV–XVI стст.
Даўжыня іголкі 5,6 см. Адзін бок іголкі завостраны, другі надламаны. Навобмацак – гладкая. Можна выказаць здагадку, што надломаны канец іголкі быў больш востры і выкарыстоўваўся для шыцця, а той канец, дзе знаходзіцца вушка, патоўшчаны і выкарыстоўваўся ў якасці праколкі. Падобная іголка магла прымяняцца для сшывання скуры або грубых тканін.
Гузік XV–XVII стст.
У слаях XVI-XVIIстст. сустракаюцца касцяныя гузікі.
Пляската-пукаты, круглы, з трымя скразнымі адтулінамі, без арнаменту.
Гузікі служылі для замацавання частак адзення, а таксама маглі выконваць ролю ўпрыгожання.
Каменныя ядры XIV-XV стст.
Каменныя ядры з’яўляюцца ў напластаваннях гарадоў і замкаў у XIV-XVI стст. Каменныя ядры вырабляліся ў асноўным з граніту. У асобных выпадках іх рабілі з буйназярністага пясчаніку і мясцовага вапняку-даламіту, як гэта мела месца ў Лідскім замку.
На тэрыторыі замка знойдзена каля 40 ядраў, дыяметр якіх вагаецца ад 4 да 37 см. Ёсць авальныя ядры. Акрамя каменекідальных машын ядры невялікіх памераў маглі выкарыстоўвацца для стральбы з гармат.
Тачыльныя брускі XIV-XVII стст.
У пластах XIV-XVII стст. гарадоў, замкаў частай знаходкай з’яўляюцца брускі-асялкі. Па форме і памерах яны таксама нічым не адрозніваюцца ад тачыльных брускоў больш ранняга перыяду. Сустракаюцца маленькія брусочкі, якія выкарыстоўваліся для заточкі дробных вырабаў або для даводкі вастрыя буйных вырабаў.
Літаратура
1 Археалогія Беларусі. У 4 т. Т. 4. Помнікі XIV-XVIII стст. / В. М. Ляўко, М. Ф. Гурын, Ю. А. Заяц і інш., Пад рэд. В. М. Ляўко і інш. – Мн.: “Беларуская навука”, 2001. – 596 с.: іл.
2 Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыкл./Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: В. В. Гетаў і інш. – Мн.: БелЭн, 1993. – 702 с.: іл.
3 Бохан Ю. М. Узбраенне насельніцтва беларускіх зямель у XIV-XVI стст. – Мінск: Беларусь, 2012. – 151 с.: іл.
4 Краўцэвіч А. К. Гарады і замкі Беларускага Панямоння XIV- XVIII стст. : Планіроўка, культурны слой. – Мн.: Навука і тэхніка [Электронны рэсурс] 1991. – 171 с. – Рэжым доступу: https://knihi.com.– Дата доступу: 27.10.23
5 Памятник архитектуры XIVвека. Замок в г. Лида. Археологический отчёт о полевых исследованиях в июле – августе 1977 г. Книга №1.
6 Памятник архитектуры XIVвека. Замок в г. Лида. Археологический отчёт о полевых исследованиях в июле – августе 1977 г. Фотофиксация археологических находок. Книга VIII.
7 Памятник архитектуры XIVвека. Замок в г. Лида. Археологический отчёт о полевых исследованиях в июле – августе 1977 г. Рисунки археологических находок. Книга IV.
8 Памяць: Ліда. Лідскі р-н : Гіст.- дак. хронікі гарадоў і р-наў Беларусі/Рэдкал.: В. Г. Баранаў і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч.- Мн.: Беларусь, 2004. – 566 с.: іл.
9 Ткачоў М. А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII-XVIII стст. Рэд. П. А. Раппапорт. Мн., «Навука і тэхніка», 1978. – 144 с.: іл.
10 Трусов О. А. Памятники монументального зодчества Белоруссии XI-XVII вв., 1988 г.
11 Трусаў А. Мінулае і сучаснасць Лідскага замка // Лідскі летапісец № 2 (38), 2007 г., с. 14-29.
12 Трусаў А. А. Старадаўніх муроў адраджэнне: Мінулае і сучаснасць Лідскага замка. – Мн.: Полымя, 1990.- 79 с.: іл.