/ Навіны / Аптэчная сігнатура

Аптэчная сігнатура

У першы панядзелак кастрычніка адзначаецца Міжнародны дзень лекара.

У фондах Лідскага музея захоўваецца цікавы прадмет – сігнатура для вочнай мазі аптэкі №2 г. Ліда ад 7 кастрычніка 1940 г.

У п.п. ХХ ст. большасць лекаў гатавалі непасрэдна ў аптэцы па рэцэптах лекараў. Рэцэпты захоўваліся ў аптэках, а хвораму адпускаліся розныя лекавыя формы (парашкі, мазі, мікстуры, растворы, супазіторыі і інш.) з сігнатурай.

Сігнатура – візітная картка аптэкі. Гэта ярлычок, на якім запісвалі назву і склад лекаў, час іх падрыхтоўкі, прозвішчы лекара, які выпісаў рэцэпт, аптэкара і пацыента, а таксама рэжым і спосаб ужывання прэпарата. У пэўнай меры сігнатура служыла таксама рэкламай аптэкі, якая вырабіла лекі, таму ярлычкі, як правіла, былі эфектна аформлены з выразным указаннем назвы і адраса ўстановы.

Сігнатуры адрозніваліся па колеры. Лекі для ўнутранага ўжывання адпускаліся з белымі сігнатурамі, для вонкавага – з жоўтымі ці чырвонымі. Сігнатуру звычайна прымацоўвалі да рыльца аптэчнай склянкі.

Сігнатуру, якую выпісаў фармацэўт лідскай аптэкі 82 гады таму, перадаў музею калекцыянер Сяргей Буйко.