/ Навіны / Амела белая

Амела белая

А ці ведаеце вы, што ёсць расліны, чые ягады спеюць з першым снегам? Вы думаеце, гэта журавіны, і памыляецеся. Ёсць яшчэ адна расліна, якая сустракаецца як у горадзе, так і ў вёсках.

Гэта амела белая – дзіўны вечназялёны маляўнічы хмызняк, які жыве ў кронах іншых дрэў. Улетку яе цяжка заўважыць сярод лістоты. Затое ўзімку, увосень і ранняй вясной дзіўны зялёны шар на голым дрэве так і кідаецца ў вочы.

Расліна вядзе паўпаразітарны лад жыцця, выцягваючы ваду з дрэва, на якім жыве. Яе «ахвярай» часцей за ўсё становяцца ліпы, вязы, таполі, вярбы, бярозы, глог і рабіна. Радзей прыжываецца на акацыі, дубе, грабе, грэцкім арэху. Чым мякчэйшая ці друзлая драўніна, тым верагодней «заражэнне».

Расліна квітнее ў сакавіку і красавіку, але кветкі яго дробныя і несамавітыя, амаль незаўважныя. А вось ягады, якія спеюць у канцы восені, куды больш прыбраныя: буйныя, падобныя на напаўпразрыстыя белыя пацеры або жамчужыны.

Для чалавека ягады амелы атрутныя. Аднак іх вельмі любяць дразды, амялушкі і іншыя птушкі. У асноўным птушкі і разносяць насенне па іншых дрэвах. Сок у ягад вельмі ліпкі, таму насенне лёгка прыляпляецца да птушак, а потым і да галінак.

Дарэчы, менавіта клейкім уласцівасцям ягад амела абавязана сваёй лацінскай назвай: viscum albus, гэта значыць «белы клей», птушыны клей. У старажытнасці з яе ягад сапраўды варылі клей для лоўлі птушак. Вядома, для лоўлі цецерука такі спосаб не падыходзіць, але дробная птушка сапраўды магла прыліпнуць да змазанай клеем галінцы.

Сустракаецца амела паўсюдна: у Заходняй і Цэнтральнай Еўропе, Прыбалтыцы, Беларусі (арэал ляжыць на паўднёвы захад ад лініі Ліда-Гомель; у Мінску адзінкавая), Украіне, на Каўказе, у Малой і Ўсходняй Азіі, Паўночным Каўказе. Яна расце ў трапічнай і субтрапічнай Афрыцы, у тропіках Азіі, у паўночнай частцы Аўстраліі.

Са старажытных часоў у народзе захоўваюцца паданні аб вядзьмарскіх і гаючых уласцівасцях амелы белай.

Лічылася, што пацалунак на Каляды пад амелай прыносіць вечнае каханне і павінен прывесці да непазбежнага шлюбу. Можна сабе ўявіць, колькі сямейных саюзаў зараджалася ў Каляды пад амелай!

Тлумачэнне гэтаму звычаю можна знайсці ў скандынаўскіх сагах, дзе амела лічылася сімвалам міру. Калі двое ворагаў сустракаліся пад дрэвам, на якім расла амела, яны павінны былі скласці зброю, абняцца і больш не варагаваць у гэты дзень.

А наша экспазіцыі «Прырода Лідчыны» запрашае ўсіх неабыякавых да прыроды палюбавацца амелай белай на вышыні 1 метра.