/ Архіў / “Адпачнем усе ад працы: у музеі “Крэсовяцы!”

“Адпачнем усе ад працы: у музеі “Крэсовяцы!”

Лідскі гісторыка-мастацкі музей у новы, 2018 год, увайшоў з новымі цікавымі праектамі. Па-першае, напрыканцы 2017-га адбылося ўрачыстае адкрыццё паўночна-ўсходняй вежы (вежы Вітаўта) ў Лідскім замку, у музеі – адкрыццё выставаў “Літва. Гарадзішча ў фотаздымках” і “Вельмі навагодняя выстава”.

Што тычыцца апошняй выставы, то ў рамках яе вырашана праводзіць шэраг мерапрыемстваў – цыкл сустрэч, імпрэз пад назвай “Музейныя зімнікі”. Зімнікі – што гэта? Як сцвярджаюць даведнікі, зімнік – гэта размоўнае слова і тлумачыцца як “Дарога, па якой ездзяць толькі зімой”. А гэта значыць, што пэўны час усе сцяжыны будуць весці зацікаўленую аўдыторыю ў музей, дзе будзе падрыхтавана тая ці іншая імпрэза.

І вось нядаўна прайшло першае мерапрыемства на калядную тэму “Адпачнем усе ад працы: у музеі “Крэсовяцы!”. Прыхільнікі, якія наведалі мерапрыемства, дазналіся пра гісторыю ўзнікнення Калядаў з даўніх язычніцкіх часоў і пра традыцыі іх святкаванняў у праваслаўных і каталіцкіх вернікаў. Парадавалі прысутных калядоўшчыкі, якія паказалі абрад “Ваджэнне Казы”. А выконваў яго калектыў “Сяброўкі” пад кіраўніцтвам Марыі Іосіфаўны Ганчар, што пры клубе “Актыўнае даўгалецце” ДУ “Лідскі раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва”. Заварожана і на адным дыханні гледачы-слухачы наталяліся і захапляліся выступленнем калектыва народнага ансамбля польскай песні “Крэсовяцы” пад кіраўніцтвам Янушкевіча Часлава, што пры ДУ “Палац культуры горада Ліды”, а таксама дзяліліся аплаткам, як сімвалам у святкаванні Ражства Хрыстова ў каталіцкай канфесіі.

Усё дзеянні, якія праходзілі ў гэты калядны вечар,  дапамаглі наведвальнікам атрымаць зарад дадатных эмоцый да чарговага мерапрыемства з цыкла “Музейныя зімнікі”, якое адбудзецца ў хуткім часе па тым жа адрасе: вуліца Перамогі, 37а.