Летні цыкл святаў завяршаў дзень, які меў некалькі варыянтаў назвы: Пятро, Пятра, Пятрок, Пятроў дзень, Пятро і Павел. Адзначаецца і сёння ў гонар святых апосталаў Пятра і Паўла (29 чэрвеня – у каталікоў,12 ліпеня – у праваслаўных), якія былі першымі, хто прапаведаваў вучэнне Хрыста і прыняў за гэта пакутную смерць. Назва язычніцкага свята не захавалася.
Згодна з народным календаром, Пётр і Павел з’яўляліся памочнікамі і апекунамі сялян у разнастайных земляробчых занятках летняга перыяду: “З Пятрова дня ў полі пажня” (пакос), “Святы Пётра ў косы звоніць, святы Паўла граблі робіць”, “Хто ў Пятроўку сена не косіць, той зімою ў сабак просіць”, “Святы Пятро жытцо спеліць”, “Святы Пётра сярпы востра”.
Якраз на Пятра заканчваўся строгі пост, што пачынаўся 20 чэрвеня. Пятроўка, Петравіца, Пятроўскі пост, але самая красамоўная, гаваркая назва – Пятроўка-галадоўка (“Пятроўка – самая галадоўка”). А гэта значыць, што з нецярпеннем чакалі сытнага стала, калі можна было спажываць малако, смятану, масла. “Жджы Пятра – сыру з’ясі”, – казалі ў народзе. У некаторых рэгіёнах гэты пост называлі “бабскім”. Чаму? Пэўна, разгадка ў часе натужнай мужчынскай працы, дзе сытная ежа была дарэчы: шмат сіл патрабавала гарачая пара, трэба было пільна касіць, сушыць і звозіць сена. Часта так і казалі: настала пільніца. Верылі, што менавіта Пятру і Паўлу можна памаліцца і папрасіць сілы, здароўя мужчынам-гаспадарам, на якіх трымаўся не толькі сенакосны прыпар, але і большая частка сялянскай гаспадаркі.
У старажытнасці на Пятра варажылі, і былі ў гэтай варажбе і аграрна-магічныя матывы, і матывы кахання і шлюбу, паколькі пасля Пятроўкі пачыналася пара вяселляў. Усё гэта знаходзіла адлюстраванне ў песнях, якія называлі пятроўскімі. А паколькі Пятро было своеасаблівым працягам Купалля – свята сонца, маладосці, кахання – то спявалі і купальскія песні. Акрамя песень (аж да Спаса) вадзілі пятроўскія карагоды. І канечне ж – рытуальнае вогнішча, гульні, частаванне.
Абрадавыя традыцыі гэтага свята ў Лідскім рэгіёне ярка не выражаны. Адно добра вядома: не працавалі, нягледзячы на тое, што пара была гарачая і ў прамым, і ў пераносным сэнсе.
Месцам святочных сустрэч аднавяскоўцаў пасля наведвання храма станавілася лавачка (лаўка) на вуліцы. Чыя даўжэйшая, у цянёчку – там і ўсаджваліся, пачынаючы з абмеркавання акружных навін, шмат жартавалі, часам спявалі песні.
Сабраўшыся гуртам, сяляне вялі дамовы наконт талакі – старадаўняга цудоўнага звычаю нашых продкаў бескарыснай дапамогі аднавяскоўцам у гаспадарчых работах. Адбывалася гэта так. На пэўны дзень запрашалі суседзяў, сваякоў, знаёмых з іншых вёсак на пэўную працаёмкую работу: касіць сена, жаць жыта, рваць лён, капаць бульбу, зрубіць хату, выкапаць калодзеж, справіцца са стыхійнымі бедствамі і інш. “Святы Пётра талаку збіраў копы сена вазіць, стагі мятаць”, – кажа і прымаўка. Збіралі талаку, звычайна, сем’і, якія самі за хуткі час не маглі справіццца з работай. Народны звычай патрабаваў не адмаўляцца ад запрашэння на талаку, бо казалі і свята ў гэта верылі: “Як ты да людзей, так і людзі да цябе”.
Прыгаворкі, смех, жарты падчас талакі стваралі вясёлы, бадзёры настрой а гэта, у саю чаргу, “паддавала” ахвоты працуючым, моцна павялічваючы прадукцыйнасць працы. Вось якая сіла талакі!
Агульнапрынятая і найбольш распаўсюджаная на тэрыторыі Лідчыны (як і ў іншых рэгіёнах) плата за талаку – застолле (запрашэнне на абед ці вячэру), якое заканчвалася, у тым ліку, спяваннем бяседных песень, сярод якіх былі і талочныя. Праўда, прынцып частавання для розных слаёў насельніцтва меў свае традыцыйныя ўстоі, таму, нярэдка, агулам выконваліся вялікія работы толькі за славесную ўдзячнасць, без частавання.
Прапануем пазнаёміцца з тэкстам талочнай песні, якая была запісана ў в. Белевічы Лідскага раёна ад Ганны Вярцінскай, 1913 г. н.
Дажалі мы жыта
Да самай граніцы,
У нашай гаспадыні
Шырокія спадніцы.
Спадніцамі патрасець,
Нам закуску прынясець.
Плён жыта, плён са ўсіх старон!
А ў нашага гаспадара
Кудравая галава.
Ён кудрамі патрасець,
Гарэлкі нам прынясець.
Ён кудрамі пакалоціць,
Гарэлку нам пасалодзіць.
Плён жыта, плён са ўсіх старон!
Дарэчы, гэты старадаўні звычай калектыўнай працы пакладзены ў аснову тэрміновых сельскагаспадарчых работ у калгасах і саўгасах.
Трэба сказаць, што народны звычай талака жыве і сёння.
Вынікам назіральнасці, кемлівасці, мудрасці продкаў з’яўляўся “народны барометр”. Так прадказвалі надвор’е па Пятровым дні. Калі дождж – да добрага ўраджаю жыта. “Калі Пётра з Паўлам плачуць, дык людзі праз тыдзень сонца не ўбачаць”.
Сачылі за зменамі і ў шматгалосым птушыным царстве, складаючы меркаванні пра характар пор года. Калі зязюля змаўкае да Пятра – да халоднай восені. Яшчэ чуецца “ку-ку” пасля свята – да цёплага восеньскага надвор’я, снег выпадзе не скора. Лічылі, калі перапёлка перад Пятровым днём працягла крычыць – восень будзе доўгая. Салаўі пасля Пятрова дня спяваюць – зіма пачнецца пасля Пакроваў.
Паводле народных прыкмет, Пятроў дзень кіраваў лета на восень і зіму. “Прыйшоў Пятрок – апаў лісток”, “Пятрок – асенні святок”. А гэта, і сапраўды, быў час, калі ўжо выспявала збожжа, і не за гарой былі зажынкі, якія распачыналі новы віток сельскагаспадарчых работ.
Матэрыял падрыхтавала навуковы супрацоўнік І. А. Клімовіч.
Матэрыял падрыхтаваны на аснове вусных і пісьмовых успамінаў жыхароў Лідскага р-на, іншых рэгіёнаў Беларусі з выкарыстаннем крыніц:
Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя / Беларуская Савецкая Энцыклапедыя; рэдкалегія: І. П. Шамякін (галоўны рэдактар) [і інш.]. – Мінск: БелСЭ, 1989, с 419, с. 491.
Барыс, С. В. Сцежкамі дзядоў: народны быт беларусаў / С. В. Барыс. – Мінск : Беларуская навука, 2015. – с. 179.
Песні народных свят і абрадаў. Укладанне і рэд. Н. С. Гілевіча. Мн., Выд-ва БДУ. 1974.
Народная культура Беларусі: Энцыклапед. Давед. / Пад агул. рэд. В. С. Цітова; Маст. І.І. Бокі, У. М. Жук. – Мн.: БелЭн, 2002. – 432 с.: іл.