Гэта адзін з міжнародных дзён, якія адзначаюцца ў сістэме Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Сусветным днём пошты ён быў абвешчаны на Кангрэсе Сусветнага саюза паштавікоў, які адбыўся ў Токіа ў 1969 г. як нагода для святкавання гадавіны стварэння ў 1874 г. Сусветнага паштовага саюза. Сёння ў гэты саюз уваходзяць 192 краіны свету, яны ўтвараюць адзіную паштовую прастору. Беларуская пошта з 1947 г. з’яўляецца паўнапраўным членам сусветнай паштовай супольнасці, надзейнай структурай па перадачы карэспандэнцыі і тавараў у розныя куткі свету.
Развівалася паштовая справа і на Лідчыне. Падчас ваенных ліхалеццяў на нашай тэрыторыі неаднаразова мянялася ўлада, і ў кожнай была свая пошта, свая паштовая цэнзура.
У музеі захоўваюцца паштоўкі, на якіх адлюстраваны будынак Лідскай павятовай паштова-тэлеграфнай канторы. Размяшчалася яна на вуліцы Віленскай у вялікім драўляным доме Малеўскага, які быў пабудаваны ў 1885 г. на субсідыю Віленскай паштовай акругі. У доме кантора знаходзілася да 1938 г.
Новы будынак пошты ў стылі функцыяналізму ўрачыста адкрыўся ў маі 1939 г. Гарадская пошта са старога драўлянага будынка з вуліцы Сувальскай (былой Віленскай) пераехала ў новы будынак на вуліцу Міцкевіча. У гэтым будынку яна знаходзіцца і па сённяшні дзень. Паштамт па-ранейшаму выкарыстоўваецца па сваім прамым прызначэнні, захаваў многія арыгінальныя архітэктурныя дэталі. Будынак лідскай пошты з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю 2-й катэгорыі.