“Завітаем да Таўлая… на Новы год” – пад такой назвай створана стылізацыя мемарыяльнага пакоя паэта Валянціна Таўлая ў перыяд яго пражывання (з 1939 па 1941 гады) ў доме па вуліцы Замкавай,7.
Па легендзе, дзве асобы з гэтага дома – Валянцін Таўлай і яго жонка Кіра Бранд – стварылі сабе навагодні настрой. У куце па традыцыі ўпрыгожана па-святочнаму ялінка, прытым з навагоднімі цацкамі, цукеркамі ў абгортках таго часу, самаробнымі на лістах ад сшыткаў і размаляванымі алоўкамі ланцужкамі, якія стварылі навагоднюю радасць у перадваенныя гады ў доме паэта. Стол з белым абрусам, самаварам, посудам і гасцінцамі, нумары газеты “Уперад”, рукапісы вершаў паэта і інш…
Такое адчуванне, што зараз пакой паэта ажыве і з’явяцца гаспадары гэтага дома. Так яно і атрымалася…
Ужо не першы раз у мемарыяльным пакоі паэта праходзяць інсцэніроўкі, распрацаваныя з жыцця і творчай дзейнасці Валянціна Таўлая. Праз дыялог герояў – Валянціна Таўлая і Кіры Бранд, Ахмістрыні наведвальнікі знаёмяцца з гісторыяй пражывання В.Таўлая ў Лідзе і такім чынам яны трапляюць у мінулы час (1939-1941 гады). Вядома, у гэтых пераўвасобленых вобразах супрацоўнікі Лідскага гісторыка-мастацкага музея.
На гэты раз у форме інсцэніроўкі музейшчыкі выкарысталі інтэрактыўныя дзеянні, якія маюць непасрэднае дачыненне да працоўнай і творчай дзейнасці заходнебеларускага паэта. У навагодні пакой Валянціна Таўлая завіталі вучні 8 “Б” класа СШ №11 начале з настаўніцай Анашкевіч Наталляй Мікалаеўнай. Вучні актыўна справіліся з пастаўленымі задачамі паэта: склалі макет газеты “Уперад”, вызначылі В.Таўлая сярод іншых у будучым знакамітых пісьменнікаў у дзяцінстве, папрацавалі мастацкімі рэдактарамі для будучага зборніка паэта і інш. Кожны вучань за ўдзел атрымаў салодкі пачастунак і сімвалічны дыплом з аўтографам Валянціна Таўлая. Прыемныя ўражанні засталіся ў падрастаючага пакалення і, хочацца верыць, застануцца яны надалей і такім чынам папоўняць веды ў гісторыі беларускай літаратуры.
Гайда ў Дом Таўлая, што па Замкавай,7.
“Валянцін Таўлай” чакае гасцей.
PS: даведкі і заяўкі па тэлефонах:
+375154 541552, +375154 622494
або пішыце на электронныя адрасы:
lixmtavlaj@mail.ru, lixmuseum@mail.ru