/ Новости / “ЗаВАЛІнкі на ЗАмКАВАЙ, 7”: гісторыя кахання ў жыцці і творчасці Валянціна Таўлая

“ЗаВАЛІнкі на ЗАмКАВАЙ, 7”: гісторыя кахання ў жыцці і творчасці Валянціна Таўлая

Шматлікія мерапрыемствы, якія праходзяць у Доме Валянціна Таўлая Лідскага гісторыка-мастацкага музея ўжо сталі традыцыйнымі. Адно з іх – гэта Дзень закаханых, якое адзначаецца 14 лютага, яго інакш называюць Дзень памяці Святога Валянціна. 

Мерапрыемства прайшло з цыкла музейных зімнікаў “ЗаВАЛІнкі на ЗАмКАВАЙ, 7”. Так, менавіта, з “Валянцінам” за кавай, са смачным печывам. Так ці інакш, гэтае мерапрыемства насіла літаратурны характар. Як і пры жыцці паэта Валянціна Таўлая, у гэтым доме збіраліся яго сябры, паэты, калегі па працы, якія абмяркоўвалі пэўныя пытанні, чыталі вершы. Традыцыю не парушылі і цяпер. Члены літаратурнага аб’яднання “Суквецце” пры рэдакцыі “Лідскай газеты” сабраліся ў мемарыяльным пакоі. З вуснаў навуковага супрацоўніка Алеся Хітруна, прысутныя даведаліся пра ўзнікненне Дня закаханых у старажытныя часы, пра традыцыі яго святкавання ў іншых краінах свету, а таксама пачулі гісторыю пра цудадзеянні і іншыя ўчынкі святога пакутніка Валянціна.

Вядома, які ты паэт, калі не маеш у сваім арсенале творы на тэму кахання?! Няўжо ў паэта няма гэтага пачуццёвага запалу? Вядома, усё гэта прысутнічае ў творчасці майстроў прыгожага мастацкага слова! Толькі яны могуць даць характарыстыку гэтаму трапяткому пачуццю! У нашых, лідскіх, творцаў, між іншым, таксама вялікі багаж твораў на інтымную лірыку. Паслухаць іх – адна асалода! Пранікнённа дэкламавалі вершы лідскія паэты Міхась Мельнік, Алесь Мацулевіч, Станіслава Белагаловая, Людміла Русь, Вольга Верасняк. Кожны з аўтараў падзяліўся гісторыяй, якая стала асновай для напісання таго ці іншага твора. А нават паслухалі вядомы “Раманс” класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча ў выкананні (у недалёкім мінулым удзельніка песенных конкурсаў) Дзіяны Палубінскай. 

Тэма кахання, як і само пачуццё, не пакідалі на працягу жыцця і Валянціна Таўлая. Даследчык яго творчасці Алесь Хітрун, распавёў пра лёсы жанчын у жыцці беларускага паэта. А іх, між іншым, як пакуль вядома, было пяць: Антаніна Кулак, Кацярына Главінская, Ніна Тарас, Кіра Бранд, Лідзія Казлоўская. Ва ўсіх свая, незвычайная гісторыя кахання. 

А колькі яшчэ цікавага запланавана ў Доме Таўлая! Сачыце за навінамі і прыходзьце ў Дом паэта, што па вуліцы Замкавая,7.