/ Новости / ЗаВАЛІнкі на ЗАмКАВАЙ,7

ЗаВАЛІнкі на ЗАмКАВАЙ,7

“ЗаВАЛІнкі на ЗАмКАВАЙ,7” – пад такой назвай арганізаваны цыкл мерапрыемстваў у Доме Таўлая Лідскага гісторыка-мастацкага музея, якія будуць праходзіць напрыканцы некаторых рабочых тыдняў (пятніцаў) у пэўныя зімовыя вечары.
Хтосьці можа запярэчыць, што завалінкі – гэта месца каля хаты, дзе летнімі вечарамі на лавах сабіраліся людзі і вялі гутаркі, бавілі час. Сапраўды гэта так. Але мы, музейшчыкі, гэта будзем праводзіць зімою і ў самім доме, менавіта ў Доме паэта Валянціна Таўлая. Ды і сама назва хоч-няхоч раскрывае сэнс музейных вечароў: у Валянціна за кавай. У пакоі паэта будуць праводзіцца вечары ўспамінаў, тэматычныя гутаркі, цікавыя сустрэчы.
Па ўспамінах нам вядома, што ў доме Валянціна Таўлая збіраліся яго сябры па працы, пісьменнікі і прытым да позняга вечара. Яны абмяркоўвалі пэўныя пытанні, чыталі вершы, у пакоі распаўсюджваўся пах кавы і гарбаты. На гэты раз мы вырашылі аднавіць традыцыю.
Нядаўна, у перадкалядныя каталіцкія дні, у пятніцу, 18 снежня прайшла першая вечарына з калегамі ў стылізаваным пад Новы год (канца 30-х пачатку 40-х гадоў) мемарыяльным пакоі паэта. Трэба зазначыць, што мерапрыемства прайшло за накрытым сталом з поснымі стравамі (бульбай, грыбамі, рыбай, хлебным квасам і салодкімі ласункамі). Тэма – падрыхтоўка да святкавання каталіцкага Ражства Хрыстова.
Першая частка сустрэчы была прысвечана гутаркам пра святкаванне Новага году ў яўрэйскай нацыянальнасці, так як вядома, што гэты дом належаў жанчыне – яўрэйцы Кіры Бранд (жонцы Валянціна Таўлая). З вуснаў навуковага супрацоўніка Аляксандра Хітруна калегі па працы дазналіся, што Новы год па яўрэйскіх традыцыях адзначаецца восенню. У гэтым, 2020 годзе, ён выпаў на 19 верасня. Ды і называецца ён Рош а-Шана. Былі агучаны традыцыі гэтага свята, а менавіта падрыхтоўка да яго, само святкаванне і прыгатаванне страў.
Пра тое, як святкуецца ў католікаў, падзяліліся ўжо самыя прысутныя. Яны ўзгадалі свае мясцовыя традыцыі, якія маюць свае асаблівасці і сакрэты. Кожны падзяліўся ўспамінамі з мінулага як ішла падрыхтоўка да Ражства Хрыстова ў католікаў у іх сям’і з бацькамі, пра тое, якія стравы гатовілі і ўжывалі ў час посту (Адвэнта). Такім чынам мінулыя традыцыі параўноўвалі з сучаснасцю, якія ўжо маюць свае асаблівасці.
Наступная вячэрняя сустрэча запланавана на 8 студзеня 2021 года, на якой госці мерапрыемства падзеляцца традыцыямі святкавання Ражства Хрыстова ў праваслаўнай канфесіі і мясцовымі забавамі ў гэтыя дні.