Паважаныя працаўнікі сельскай гаспадаркі! Супрацоўнікі Лідскага гісторыка-мастацкага музея віншуюць вас з прафесійным святам!
Спрадвечны звычай славіць заканчэнне збору ўраджаю мае такую ж доўгую гісторыю, як і сама праца чалавека на зямлі. Лепшым рупліўцам ніў і фермаў, лепшым гаспадарам па традыцыі аддаюць першы паклон.
Хлебароб!.. Святая справа, святое слова! Гонар усіх часоў і народаў! Пакуль на зямлі ёсць селянін-працаўнік – будзе хлеб, будзе жыццё!
Вялікі дзякуй і нізкі паклом вам, за вашу цяжкую, але вельмі карысную працу. Моцнага здароўя, дабрабыту, годнай заработнай платы.
У музеі сабраны разнастайныя прылады працы, якімі карысталіся жыхары нашага рэгіёну ў ХІХ – ХХ ст. для розных сельскагаспадарчых работ.
Сёння вашай увазе мы прадстаўляем плеценую дугападобную барану ХІХ ст. на 25 зубоў Паступіла ў музей у 1964 г.
Барана – сельскагаспадарчая прылада для апрацоўкі глебы.
Пры дапамозе бараны сяляне разрыхлялі і выраўноўвалі ўзаранае поле, вынішчалі пустазеллле, засыпалі зямлёй насенне збожжавых культур, разбуралі глебавую корку, якая ўтваралася на пасевах пасля дажджу.
Са старажытнасці і амаль да канца ХІХ ст. найбольш пашыранай на тэрыторыі Беларусі была дугападобная “плеценая” барана на 16-25 зубоў, форму якой надаваў гнуты дубовы аблук (самалук, самайлук, каблук). У аблуку знаходзілася рашотка, зробленая з 4 - 5 радоў папярочных і столькіх жа радоў падоўжаных арэхавых або лазовых прутоў, па тры пруты ў кожным радзе. На перакрыжаваннях пруты замацоўвалі бярозавымі, чаромхавымі віткамі (грывенькамі, кольцамі), паміж якіх убівалі завостраныя дубовыя (часам кляновыя або грабавыя) зубы (кляцы). На аплук бараны спераду замацоўвалі кальцо, звітае з тонкіх пруткоў, і за яго чаплялі ворчык. У час баранавання кальцо перамяшчалася ў адзін з вуглоў бараны, дзякуючы чаму яна ішла наўкос і зубы пакідалі на зямлі не 4-5 слядоў (паколькасці зубоў у адным радзе) , а амаль удвая болей. Плеценая барана была адносна лёгкай, твму для больш глыбокага рыхлення глебы зверху на яе клалі цяжар (камяні, кавалак дзёрну і т.п.) Паступова плеценыя бароны пачалі змяняцца рамнымі папярочна-брусковымі.
У народных традыцыях барану выкарыстоўвалася, калі спраўлялі хрэсьбіны дзіцяці. На барану, засланую кажухом, садзілі бабу і вазілі па вёсцы ад двара да двара.