Дом паэта Валянціна Таўлая па вуліцы Замкавая, 7 Лідскага гісторыка-мастацкага музея віншуе сяброў літаратурнага аб’яднання “Суквецце” з Сусветным днём пісьменніка, які адзначаецца 3 сакавіка.
Яшчэ ў далёкім 1986 годзе падчас кангрэсу Міжнароднага ПЭН-Клуба было вырашана святкаваць гэтую дату. ПЭН-клуб быў заснаваны ў 1921 годзе. Назва арганізацыі складзена з першых літар англійскіх слоў Poets (паэты), Playwrights (драматургі), Essayists (эсэіст, очеркисты), Editors (рэдактары) і Novelists (раманіст). ПЭН-клуб (PEN International) — гэта міжнароднае аб’яднанне пісьменнікаў, якое «выступае ў абарону прынцыпаў свабоды інфармацыі ўнутры кожнай краіны і паміж усімі краінамі, яго сябры абавязваюцца выступаць супраць падаўлення свабоды слова ў любой яе форме ў тых краінах і грамадствах, да якіх яны належаць, а таксама ва ўсім свеце, калі гэта ўяўляецца магчымым. ПЭН-клуб выступае ў абарону свабоды друку і супраць адвольнага ўжывання цэнзуры ў мірны час». Існуе 80 нацыянальных цэнтраў ПЭН-клуба ў 60 краінах свету, якія працуюць па ўласных праграмах. Раз у год цэнтры пасылаюць сваіх прадстаўнікоў на міжнародны кангрэс ПЭН-клуба. Кангрэсы праводзяцца па чарзе ў Еўропе, Азіі, Афрыцы і Амерыцы. Беларускі ПЭН-цэнтр быў створаны ў лістападзе 1989 года Аргкамітэтам, у які ўваходзілі дваццаць вядомых пісьменнікаў, у маі 1990 года Беларускі ПЭН быў прыняты ў Сусветную асацыяцыю пісьменнікаў «Міжнародны ПЭН-клуб» на Сусветным Кангрэсе.
Шаноўныя інжынеры чалавечых душаў, праўдашукальнікі – пісьменнікі Лідчыны! Супрацоўнікі Дома паэта Валянціна Таўлая жадаюць вам творчага натхнення і моцнага здароўя. Працуйце радасна і натхнёна, міру вам, згоды, поспехаў, дабрабыту, пастаянных і новых вам чытачоў і шмат цікавых кніг, няхай вашы творчыя задумы рэалізоўваюцца на карысць народа! Давайце разам спадзявацца і верыць у тое, што калісьці прафесія “пісьменнік” абавязкова вернецца і зойме пачэснае месца сярод іншых.