/ Young people Новости / Вучыла дзетак паэтэса. А дзе?

Вучыла дзетак паэтэса. А дзе?

(З цыкла даследчых прац “Пісьменнікі Беларусі: чарговыя разгадкі ў спадчыне Лідскага рэгіёна”)

Канстанцыя Буйло і яе першы зборнік вершаў “Курганная кветка”, Вільня, укладальнік і рэдактар Янка Купала, 1914 год.

Гісторыя… Краязнаўства… Заўсёды побач. Ведаць гісторыю свайго краю, на маю думку – абавязак кожнага. А вось даследаваць яго мінулае – гэта справа даследчыка. Менавіта тое і гэтае ўжо не адзін год сумяшчаецца ў мяне. А больш глыбей даследчая дзейнасць прыцягнула мяне з часу ўладкавання ў Лідскі гісторыка-мастацкі музей. Жыццё ідзе. Старэйшае пакаленне ўступае месца малодшаму. Набіраешся навыкаў. Ужо гадоў некалькі назад не стала лідскага краязнаўцы, былога журналіста газеты “Уперад” Аляксандра Васільевіча Жалкоўскага. Сяброўскія адносіны ў нас былі самыя найлепшыя. Калі-нікалі, яшчэ да працы ў музеі, ён мне перадаваў некаторыя газетныя выразкі, рукапісы, маўляючы, можа калі-небудзь спатрэбяцца, а выкідваць шкада. Прайшоў не адзін год і я зноў перагледзеў гэтыя паперы. І вось дзіва!!! Сярод іх знайшоў значны матэрыял, які, нідзе, магчыма, не друкаваўся. А тычыцца ён гісторыі беларускай літаратуры нашай зямлі лідскай. І, здаецца, невялічкая белая пляма зноў раскрыта. Што я маю на ўвазе? Ні маючы права на прысваенне матэрыяла, друкую яго з арыгінала Аляксандра Жалкоўскага. 

“Пошук. Вучыла дзетак паэтэса. А дзе? Не год і не два, а больш працяглы час краязнаўцы імкнуцца ўдакладніць адзін факт, звязаны з біяграфіяй беларускай пісьменніцы Канстанцыі Буйло (Калечыц). Пра сутнасць гэтых пошукаў.

У даведачнай літаратуры сказана, што Канстанцыя Антонаўна настаўнічала на Лідчыне, месцам яе работы названы маёнтак Чаўшклі. Было гэта ў 1914 годзе пасля заканчэння будучай паэткай кароткачасовых настаўніцкіх курсаў.

Дзе ж той маёнтак? Пошукі Валерыя Сліўкіна, Станіслава Судніка і іншых лідскіх краязнаўцаў аказаліся безвыніковымі. Ніякіх згадак аб Чаўшклях не выяўлена ў даведніках. Не змагла дапамагчы лідчанам і намеснік рэдактара газеты “Голас Радзімы” у 80-90-х гадах мінулага стагоддзя Дзіяна Чаркасава. Якая была знаёма з пісьменніцай і пісала аб яе творчасці. Здавалася, надзея пра поспех у пошуку пагасла. Ды не зусім! Нядаўна мне давялося быць у Маладзечанскім раёне. Там пазнаёміўся з кнігай “Памяць” гэтага рэгіёна. Сустрэў у хроніцы нататку пра Канстанцыю Буйло, біяграфія якой звязана і з г.Маладзечна, і адкрыў для сябе новы факт. Там сказана, што наша шаноўная асветніца вучыла сялянскіх дзетак на Лідчыне ў вёсцы Чашуйкі. 

Такога паселішча ў лідскай старонцы няма, а ёсць вёска Чашэйкі, адносіцца да Ваверскага сельсавета. Дык ці не ў Чашэйках працавала маладая настаўніца ў далёкім 1914 годзе?

Дарэчы, тут быў і маёнтак, у будынку якога пасля мінулай вайны размяшчалася школа. А што тычыцца назваў населеных пунктаў, то іх скажэнні ў канцэлярскіх паперах і нават ў даведніках справа не такая ўжо і рэдкая.

Так з’явілася падстава меркаваць, што Канстанцыя Буйло працавала настаўніцай у Чашэйках. Але гэта неабходна пацвердзіць калі не дакументамі, то хоць бы сведчаннямі людзей. Магчыма, на публікацыю адгукнуцца старажылы, што родам са згаданай ці суседніх вёсак, якія чулі ад сваіх бацькоў ці дзядоў, як іх вучыла пані настаўніца з Вільні.

Аўтар і рэдакцыя будуць вельмі ўдзячныя за паведамленні аб гэтым. Аляксандр Жалкоўскі.”


У даведніку “Пісьменнікі савецкай Беларусі” за 1981 год таксама пазначана рукой А.Жалкоўскага населены пункт настаўніцтва К.Буйло.

Ці магла ў гэты час маладая настаўніца працаваць у школе? У якой?  На якой мове выкладала яна ўрокі? Шэраг пытанняў.

Так, 1914 год – гэта пачатак Першай Сусветнай вайны. І толькі 22 верасня 1915 года немцы ўвайшлі ў Ліду. На акупаваных землях была арганізавана акруга Обер-Ост (Ober-Ost). Лідскі павет для больш надзейнага кантролю за тэрыторыяй быў падзелены на чатыры меншыя: Лідскі, Радуньскі, Васілішскі і Шчучынскі. З гістарычных звестак вядома, што першая беларуская школа ў зоне Обер-Ост была адкрыта 13 лістапада 1915 года ў Вільні на Юр’еўскай вуліцы дзякуючы намаганням нашай зямлячкі Алаізы Пашкевіч (Цёткі) і ксяндза, грамадскага дзеяча Баляслава Пачобкі. Так, згодна звесткам (з газеты “Беларуская ніва”) дзякуючы лідскаму краязнаўцу Леаніду Лаўрэшу стала вядома, што першай афіцыйнай беларускай школай на Лідчыне была школа ў вёсцы Збляны, дзе, у 1914 годзе на месцы згарэўшага будынка старой школы ў наступным 1915 годзе была збудавана новая такая ж вясковая навучальная ўстанова, якая дзейнічала да 1920 года. А вось паводле яшчэ ранейшай інфармацыі газеты «Наша Ніва», у 1908 г. расійскімі ўладамі былі скасаваны 4 «таемныя» беларускія школы на Лідчыне: у вёсках Фальковічы, Мінойты, Пяскі і Заборцы Ганчарскай воласці, а таксама 2 школы ў вёсках Нецеч і Чапліцы Беліцкай воласці. У 1911 г. намаганнямі Цёткі і У. Станкевіч-Луцэвіч (жонкі Янкі Купалы) было створана некалькі школ у Лідскім павеце і Нова–Вільні. Праўда, усе яны ў хуткім часе былі выкрыты і зачынены царскімі ўладамі. (Калодка І. [Вёска] Цацкі Беліцкай вол. Лідскага пав. // Наша ніва. – 1908, 31 ліп. (Факсімільнае выданне. – Вып. 1. – Мінск: Тэхналогія, 1992. – С. 6-7).

І вось адным разам мне пашанцавала ўбачыць рукапіс-арыгінал пра запланаванае адкрыццё беларускіх школаў на Лідчыне. Так атрымалася, што мая камандзіровачная паездка ў Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва была прызначана для знаёмства з асабістым архівам Валянціна Таўлая. І, як на шчасце, акрамя яго рукапісных арыгіналаў у мае рукі патрапіў стос аднаго матэрыяла “Успаміны аб Цётцы” за 1945-1946 гады ў колькасці 21 рукапісных лістоў.  Як потым вызначыў, дадзены матэрыял – гэта літаратурны запіс, таксама напісаны рукой В.Таўлая, але па ўспамінах і са слоў жонкі-удавы Янкі Купалы Уладзіславы Луцэвіч, якая ўзгадвала пра сяброўства з Цёткай – Алаізай Пашкевіч, а менавіта і пра тое, як рыхтаваліся адкрываць беларускамоўныя школы на Лідчыне. Змяшчаю гэтае занатаванне з арыгіналу.


BGAMLI_LA_68_1_151_004, BGAMLI_LA_68_1_151_005

 “…На гэты раз мае сустрэчы з Цёткай не былі выпадковымі. Цётка, якая адразу ўключылася ў грамадскую працу, даручыла і мне розныя, часам даволі адказныя заданні.

Сама я афіцыйна працавала педагогам у дзіцячых установах, падпарадкаваных “Обществу попечительства о бедных г.Вильно”. Гэтае таварыства, дазволенае царскай уладай, магло згодна свайго статусу – адчыняць толькі дзіцячыя прытулкі, але не мела права весці ніякай асветніцкай працы ў рэвалюцыйным духу. Узніклі даволі шмат нелегальных школ на польскай, літоўскай і беларускай мовах. У 1912 годзе на ўскраінах Вільні, у Нова-Вілейцы, каля станцыі Яшуны і Беняконі, у Лідчыне і на радзіме Цёткі пад Эйшышкамі дзейнічалі беларускія пачатковыя школкі. Гэтыя школкі побач з культурна-асветнымі гурткамі набывалі вялікае значэнне і праз іх ішло распаўсюджванне беларускага друкаванага слова, беларускай нацыянальнай свядомасці.

Цётка прымала самы актыўны ўдзел у гэтым асветніцкім руху, вядучы барацьбу не толькі супраць русіфікатарскай палітыкі царскага самадзяржаўя, але і супраць польскага шавінізма, які намагаўся апалячваць беларускіх сялян, асабліва каталіцкага веравызвання.

Не раз Цётка, прыехаўшы ў беларускую  кнігарню па вул. Завальнай, №7 і апынуўшыся сярод сваіх сяброў па працы на беларускай ніве, пачынала са шчырым запалам гаварыць аб удачах у рабоце, ганіць недахопы, раючы адразу як іх перамагчы.

– Вось ты, Юрка, паедзеш у Нова-Вілейку, — гаварыла Цётка, — там трэба дапамагчы наладзіць вечарынку, каб прыцягнуць больш людзей. 

– А ты, Станкевічанка, — звярталася яна да мяне, — паедзеш у Гудэлі: там трэба адчыніць школку.

Прыпамінаю маёўку 1 мая 1913 года, у якой прымала ўдзел і Цётка. На маёўцы прысутнічала рабочая моладзь, служачыя і амаль уся беларуская інтэлігенцыя Вільні. Цётка выступіла з прамовай і пажаданнямі, гаворачы падобна, як і іншыя, пераважна ў алегарычнай форме аб вялікім свяце працоўных усяго свету – 1 мая.

Цётка была звязана прыяцельскімі адносінамі з многімі беларускімі дзеячамі і пісьменнікамі. Асабліва яна дружыла з Янкам Купалам…”


Канстанцыя Буйло з Уладзіславай Луцэвіч (Станкевіч). Другая палова 40-х гг.

Дзякуючы газеце “Гоман” стала вядома, што на пачатку сакавіка 1916 года быў выдадзены загад нямецкага галоўнакамандуючага ўсходнім фронтам Гіндэнбургам пра арганізацыю школ. У гэтым дакуменце паведамляецца: «Беларуская мова, як адменная ад расейскай, дапускаецца да ўжытку без ніякіх перашкод. Аб навуцы рэлігіі сказана, што яна павінна выкладацца ў матчынай мове вучняў, — значыць, у тэй мове, у якой бацькі гавораць з дзяцямі».

Што атрымліваецца? На сайце proza.ru змешчаны твор пісьменніцы Марыі Купчынавай “Изгибы истории или семь загибов на версту. Часть 3” пра жыццё і творчасць Канстанцыі Буйло, у якім пазначаецца Немногочисленная белорусская интеллигенция в начале XX века триязычна: Констанция, закончив краткосрочные учительские курсы в Вильнюсе, готовит ученика к поступлению в гимназию на русском языке, в доме его родителей, где все говорят по-польски, разговаривает на польском, а в белорусской школе ведет занятия с детьми на «беларускай мове».

Дык пра якога “ученика” тут ідзе гаворка? У кнізе “Літаратурная Берасцейшчына: краязнаўчыя нарысы, партрэты, артыкулы” аўтараў Ляшук В.Я і Снітко Г.М., выдадзенай у 2008 годзе, стала вядома, што Недалёка ад мястэчка Гарадзішча ёсць вёска Горнае Скробава (цяпер вёска ў Баранавіцкім раёне Брэсцкай вобласці. Уваходзіць у склад Гарадзішчанскага сельсавета. Паводле перапісу ў 1959 годзе існавалі 2 вёскі: Скробава Горнае і Скробава Дольнае – аўтар.). Сюды ў 1912 годзе прыехала працаваць хатняй настаўніцай Канстанцыя Буйло. Дзяўчына пісала беларускія вершы, друкавалася на старонках «Нашай нівы», ведала многіх энтузіястаў-адраджэнцаў, сябравала з Уладзіславай Станкевіч. Пасля заканчэння настаўніцкіх курсаў Канстанцыя Буйло шукала любы заробак і ахвотна прыняла запрашэнне памешчыка Дзеўчапольскага падрыхтаваць сына Толю да паступлення ў гімназію. Памешчык шукаў менавіта дзяўчыну, бо дзіця нядаўна страціла маці. Ён спадзяваўся, што душэўныя раны сына ў такой сітуацыі будуць гаіцца лягчэй. У сваёй аўтабіяграфічнай паэме «На траскіх гацях» паэтка раскрывае тое асяроддзе, у якое яна трапіла ў маёнтку. Дзеўчапольскія належалі да беларускай радавітай шляхты. Памяць пра свой род тут высока шанавалася. Дзеўчапольскаму былі характэрны шляхетная ганарлівасць, пагарда да ўсіх, хто займаў у грамадстве ніжэйшую за яго сацыяльную прыступку, хоць у цэлым ён быў чалавекам нядрэнным. З часам ацаніў педагагічныя здольнасці маладой настаўніцы, якую так палюбіў яго сынок Толя. У Горным Скробаве Канстанцыя Буйло вучыла не толькі Толю Дзеўчапольскага, але і сыноў панскага эканома. Пазней паэтка тлумачыла гэта педагагічнымі меркаваннямі «каб зручней было вучыцца» гаспадароваму сыну. У той самы час працадаўца быў перакананы, што роўнасці ў нашчадка радавітай шляхты не можа быць з дзецьмі эканома. Аднойчы ён не вытрымаў і выказаў свае прэтэнзіі да настаўніцы. У лісце да краязнаўцы Алеся Шоцкага, які першы адкрыў сувязь паэткі з Баранавіччынай і ліставаўся з ёю, К. Буйло пісала: «Памешчык Дзеўчапольскі… рабіў мне заўвагу, што я падаю руку яго эканому, швачцы і іншым сялянам, якія прыходзілі да яго па справах і гадзінамі стаялі ля дзвярэй. Я з гордасцю адказвала: я – народная настаўніца і беларускі паэт, я сябрую з народам і працую дзеля яго. Мне было б сорамна ставіць сябе не на роўні з імі». Такім чынам, у Горным Скробаве пад адной страхой сышліся людзі розных ідэалаў. Гэта не магло не прывесці да пэўных непаразуменняў. Сутычка, аднак, не перерасла ў такі канфлікт, каб Канстанцыя Буйло пакінула Дзеўчапольскага. Прычынаў было шмат. Найгалоўнейшая – у Горным Скробаве паэтка мела надзейны кавалак хлеба, які губляць было рызыкоўна. 3 часам дзяўчына зразумела, што і ёй гарачыцца і праяўляць максімалізм няварта. Была яшчэ адна прычына, з якой нельга было не лічыцца: яна палюбіла свайго выхаванца, адчула адказнасць за яго лёс. Толя плаціў ёй узаемнасцю. Адносіны сына да маладой настаўніцы выразна ўсведамляў і бацька і не мог ігнараваць сынавы пачуцці, які нядаўна перажыў невымернае гора смерць маці. Яму давялося ўмерыць сваю шляхецкую пыху. Панскую сядзібу атуляў вялізны стары цяністы парк. Дзяўчыну, аднак, вабіў прастор, які адкрываўся вачам за маёнткам. А. Шоцкі адзначае, што К. Буйло некалькі разоў наведвала радзіму П. Багрыма Крошын, пабывала ў Завоссі, Туганавічах, на Калдычэўскім возеры у мясцінах, звязаных з жыццём філаматаў і філарэтаў. З перапіскі Алеся Шоцкага з Канстанцыяй Буйло вынікае таксама, што на Баранавіччыне ёй добра працавалася. У адным з лістоў пісала: «А ў Горным Скробаве (толькі не ў вёсцы, а ў маёнтку Дзеўчапольскага) я напісала шмат вершаў, між іншым і п’есу «Сягоннішнія і даўнейшыя» (яна ставілася на сцэне ў Мінску ў той час), і п’есу «Кветка папараці» (яна апублікавана ў маёй кнізе «Курганная кветка»)». Як вынікае з гэтага ліста паэткі, некаторыя вершы, напісаныя ў Дзеўчаполлі, маглі ўвайсці ў зборнік «Курганная кветка», які выйшаў з друку ў 1914 г.”

Дык няўжо дзесьці ёсць памылка ў гадавых датах? 1912 ці 1914 год?

Паважаная Марыя Купчынава піша што К.Буйло вучыла хлопчыка, калі закончыла кароткатэрміновыя курсы ў Вільна. Па шматлікіх звестках, як пазначаецца ў матэрыяле вышэй, гэта было ў 1914 годзе і пазначаецца што на Лідчыне. Так, на той час гэтая тэрыторыя ўваходзіла ў склад Лідскага павета, які ахопліваў вялікую частку бліжайшых ля яго зямель. Дык можа вёска, у якой настаўнічала паэтэса і ўваходзіла ў гэтыя межы?

Пошукі нават прывялі ў Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, у Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, да даследчыка творчасці К.Буйло Васіля Дранько-Майсюка. І ўсё безвынікова. Звестак пра настаўніцтва беларускай паэтэсы, менавіта на тэрыторыі Лідчыны няма.

У матэрыяле В.Дранько-Майсюка “20 нечаканых фактаў пра Канстанцыю Буйло” пазначаны ўрыўкі з пісем паэтэсы:

«Получаю письма от Содаля, очень сердечные, ласковые, но у него одна цель: добиться, чтобы я давала ему воспоминания, если не целиком о моей жизни, то кусками, из которых он собирается латать кафтан истории белорусской литературы. Не могу заставить себя писать о себе. Считаю, что творчество мое имеет право на интерес общественный — но моя личная жизнь, пока я жива, должна быть неприкосновенной. Он думает иначе, он считает, что писатель не принадлежит себе, народ имеет право знать о нем все. Ну и пусть себе думает. Тут наши мнения не совпадают». (З ліста да Сафіі Лыньковай, жонкі Міхася Лынькова. 30.4.76 / Канстанцыя Буйло. …Коціцца рэха. Мн., 1993.)

«Меня очень волнует мой архив, я многое уничтожаю потихоньку, не хочу, чтобы после меня кто-то копался в моей душе, в моих записях, в моей очень сложной и очень горькой жизни». (З ліста да сястры Іны. 4.9.76 / Канстанцыя Буйло. …Коціцца рэха. Мн., 1993.)

Пасля гэтых урыўкаў застаецца толькі паціснуць плячыма.

Адзінае, што можа раскрыць затаемнасць – гэта зварот у Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы. Запыт туды быў зроблены такім тэкстам:

Государственное учреждение «Лидский историко-художественный музей» обращается с просьбой об предоставлении информации о белорусской поэтессе Констанции Антоновны Буйло. Известно, что она родилась 14 января 1893 года в семье лесного объездчика графа Тышкевича. Её крещение было 17 января 1893 года в Виленском костёле Святого Якова. Окончила краткосрочные учительские курсы в Вильно в 1914 году, после чего работала домашней учительницей в Лидском повете.

Администрация Лидского историко-художественного музея просит оказать содействие в поиске информации, а именно, в какой местности работала учителем К.Буйло, куда она была направлена по распределению из Виленского университета. Есть надежда, что документы за 1914 год, которые возможно хранятся у вас из престижного и известного учреждения образования помогут раскрыть ещё одну страницу в истории белорусской литературы.

Праз пэўны час прыйшоў адказ.

В Государственном историческом архиве Литвы хранятся документы фондов разных государственных, религиозных и других учреждений с 15 века по 1918 год. В архиве имеются метрические книги о рождении, бракосочетании и смерти различных римско-католических костелов, православных и старообрядческих церквей и других религиозных конфесий, существовавших на территории исторической Литвы в основнм с конца 18-го века до 1940 года (если документы поступили в архив и не были уничтожены в период войн и пожаров). В архиве также хранятся документы Виленского университета Ф.721.

В своём письме Вы указали, что Констанция Антоновна Буйло работала в Виленском университете. У нас в архиве хранятся документы ВУ, Ф. 721, но во время восстания с 1832 до 1919 года ВУ был закрыт под решением Николая І.

К сожалению, не чем не можем Вам помочь”

Не зусім правільна зразумелі супрацоўнікі Дзяржаўнага гістарычнага архіва Літвы. У ВУ (Віленскім універсітэце) К.Буйло не працавала, а вучылася. Але ва ўсякім разе з пісьма вядома, што навучанне ў гэтай установе ў гэты ж час не праводзілася.

Так, гісторыя паведамляе, што Віленскі ўніверсітэт быў адкрыты ў 1803 годзе, з 1832 па 1919 гады быў зачынены. За гэты час у яго будынках размяшчаўся Музей старажытнасцей, археалагічная камісія, публічная бібліятэка, архіў, дзве мужчынскія гімназіі. З 1919 па 1939 гады па ўказу Ю.Пілсудскага ён меў назву “Універсітэт імя Стэфана Баторыя”. Затым адбылася рэарганізацыя і ўзнік літоўскі Віленскі ўніверсітэт з двума факультэтатамі. У 1943 годзе германскімі ўладамі быў закрыты, але ў наступным, 1944-м узнавіў сваю працу як ВНУ – Вільнюскі ўніверсітэт.

На тэрыторыі Вільні была і Віленская беларуская гімназія, якая пачала сваю дзейнасць з 1919 года, а зачынена ў 1944-м. І толькі ў 1994-м дзверы гімназіі зноў былі адчынены для сваіх навучэнцаў.

Што атрымліваецца? Цяпер узніклі два пытанні. Першае – у якой установе адукацыі Вільні скончыла настаўніцкія кароткатэрміновыя курсы К.Буйло? Можа гэта было ў прыватнай установе, якія мелі былыя настаўнікі-педагогі за час адсутніцтва працы ў Віленскім універсітэце? Другое – у якім населеным пункце Лідскага павета яна працавала настаўніцай?

Узнікае ўражанне, што Канстанцыя Буйло спецыяльна заблытвала літаратуразнаўцаў. Пра адну падобную блытаніну ўзгадвае зноў Васіль Дранько-Майсюк у “20 нечаканых фактаў пра Канстанцыю Буйло” пад назвай “Брат паслаў яе першы верш «Хвоя» (1909 г.) у «Нашу Ніву», падпісаўшы сваім імем, што ў далейшым нарабіла блытаніны ў літаратуразнаўстве”.

«Я, тады дзяўчо, неяк саромелася пасылаць верш у рэдакцыю, а ён (брат Эдзік) узяў дый паслаў за сваім подпісам. Некалькі вершаў зьмясьцілі ў газэце». […] Я нагадваю Канстанцыі Антонаўне, што ў акадэмічным зборніку «Беларуская дакастрычніцкая паэзія», выпушчаным у 1967 годзе, зьмешчаны два вершы за подпісам «Эдзюк Буйло». А ў камэнтарыях адзначана, што пра аўтара «біяграфічных зьвестак няма»…». (Аляксей Гардзіцкі. Сустрэча з курганнай кветкай. / Сустрэчы. Мн., 1973.)

Блытаніна ўзнікла і ў кнізе “Літаратурная Берасцейшчына: краязнаўчыя нарысы, партрэты, артыкулы” (2008 г.). Аўтары яе Ляшук В.Я і Снітко Г.М. памыліліся з датамі. Паўсюль 1914 год, ды толькі ў іх чамусьці 1912-ы.

Застаецца дазнацца ці ўваходзіла вёска Горнае Скробава ў Лідскі павет.

Гістарычныя звесткі падаюць наступную інфармацыю. Скро́бава (трансліт.: Skrobava, руск.: Скробово) – вёска ў Баранавіцкім раёне Брэсцкай вобласці. Уваходзіць у склад Гарадзішчанскага сельсавета. Размешчана за 29 км на поўнач ад Баранавіч, за 29 км ад чыгуначнай станцыі Баранавічы.

У канцы 1880-х гг. на безымяннай рэчцы, прытоку р. Сэрвач, з назвай Скробава існавалі 2 вёскі (18 і 14 двароў) і 2 фальваркі. Адзін з іх належаў Данейкам, а другі – Анкутам. Вёскі і фальваркі ўваходзілі ў Цырынскую воласць Навагрудскага павета Мінскай губерні, працавала царкоўна-прыходская школа. Падчас Першай сусветнай вайны ў наваколлі Скробава адбываліся жорсткія баі паміж войскамі Расійскай імперыі і Германіі. З 1921 года ў складзе Польшчы. З 1939 года ў БССР. З 15 студзеня 1940 года ў Гарадзішчанскім раёне Баранавіцкай, з 8 студзеня 1954 года Брэсцкай абласцей, з 25 снежня 1962 года ў Баранавіцкім раёне. З 12 кастрычніка 1940 года да 16 ліпеня 1954 года цэнтр сельсавета.

Так, сапраўды, Брэсцкая вобласць суседнічае з Гродзенскай. Візуальна на мапе Горнае Скробава непадалёку. Вёска знаходзіцца ў паўночна-ўсходнім пункце Брэскай вобласці ў 22 км да паўночна-ўсходяга боку ад цэнтра горада Баранавічы. У адлегласці 5 км да поўначы  ад вёскі праходзіць мяжа з Гродзенскай вобласцю. Мясцовасць належыць да басейна Нёмана.

Калі глядзець нават на сучасную карту, то візуальна праглядаецца гэтая карціна. Узнікае думка, што К.Буйло, ведаючы, што непадалёку размяшчаецца тэрыторыя лідскіх зямель, то і агучыла тую мясцовасць (Горнае Скробава), дзе працавала, назваўшы Лідскім паветам.

Што тычыцца Чаўшклёў, як мяркуе А.Жалкоўскі, то сапраўды была такая вёска. І размяшчалася яна ў Ашмянскім раёне Маладзечанскай вобласці. Зноў жа, гэта таксама непадалёку ад тагачаснага Лідскага павета. А калі верыць меркаванню зноў жа А.Жалкоўскага, што гэта можа быць вёска Чашэйкі, якая знаходзіцца ў Ваверскім сельсавеце Лідскага раёна, то можна засумнявацца. У Іўеўскім раёне таксама ёсць вёска Чашэйкі і ў свой час яна ўваходзіла ў Трабскую воласць Ашмянскага павету Віленскай губерні, потым – у Трабскую гміну Валожынскага павету Навагрудскага ваяводства Польшчы. А нам вядома, што ў мястэчку Вішнева Валожынскага раёна прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады Канстанцыі Буйло. Дык не сюды, у вёску Чашэйкі, што ў Іўеўскім раёне Гарадзенскай вобласці, якая ўваходзіць у склад Юрацішкаўскага сельсавету, накіравалася будучая паэтэса на настаўніцкую працу? Больш верагодна. І гэта таксама непадалёку ад Лідчыны. І як бачым, Трабы ўваходзілі ў склад Расійскай імперыі, мелі цэнтр Ашмянскага павета, дзе непадалёку была вёска Чаўшклі.

Нейкая блытаніна. А ці не тая ж вёска Чаўшклі што і Чашэйкі? Так жа  мяркуе і А.Жалкоўскі. Але ж гэтыя Чаўшклі-Чашэйкі больш падходзяць да Іўеўскіх.

А што тады рабіць з Горным Скробавым? Пра іх жа больш звестак. Калі лагічна падыходзіць, то гэтыя два населеныя пункты размяшчаюцца непадалёку лідскіх зямель, але ў розных напрамках.

Усё ж, на гэтым кропку ставіць нельга. Жыццё творцы – гэта патаемны бок для даследчыка. Гісторыя раскрывае свае сакрэты. З цягам часу невядомае становіцца вядомым. У народзе кажуць: “Хто не ведае мінулага свайго краю, той не мае будучыні”. А будучыні быць. Яе лёс залежыць ад нас, сучаснікаў. І сцяжынку на яе зямлі мы павінны пакінуць такой, па якой з гонарам пройдуць паслядоўнікі. Родны кут – гэта пупавіна, якая трымае земляка. Недарэмна аб гэтым зазначыла і Канстанцыя Буйло ў 1913 годзе, за год да яе настаўніцтва на Лідчыне ў вершы “Люблю”, які пазней стаў неафіцыйным гімнам нашай краіны:

Люблю наш край – старонку гэту,

Дзе я радзілася, расла,

Дзе першы раз пазнала шчасце,

Слязу нядолі праліла.

Люблю народ наш беларускі,

Хаціны ў зелені садоў,

Залочаныя збожжам нівы,

Шум нашых гаяў і лясоў,

І рэчку, што імкліва воды

Імчыць ў нязведаную даль,

І схілы берагоў пясчаных,

І яснасць чыстых яе хваль.

Люблю вясну, што ў кветкі, зелень

Аздобіць радасна зямлю,

Буслоў на гнёздах клекатанне

І спеў жаўроначка люблю.

Гарачую спякоту лета

І буру летнюю з дажджом,

Як гром грыміць, а ў чорных хмарах

Маланка зіхаціць агнём.

І восень сумную люблю я,

І першы звон сярпоў і кос,

Як выйдуць жнеі збожжа жаці,

А касары – на сенакос.

Люблю зіму з яе марозам,

Што вокны прыбярэ ва ўзор,

І белы снег, што, ўкрыўшы поле,

Ірдзіцца бляскам ясных зор.

Люблю ў пагодную я ночку

Дапозна на дварэ сядзець,

Сачыць за сініх зор мігценнем,

На месяц залаты глядзець.

І песню родную люблю я,

Што дзеўкі ў полі запяюць,

А тоны голасна над нівай

Пераліваюцца, плывуць.

Усё ў тым краі сэрцу міла,

Бо я люблю край родны мой,

Дзе з першым шчасцем я спазналась

І з гора першаю слязой.

1913

Магіла Канстанцыі Буйло ў Вішневе (Валожынскі раён, Мінская вобласць), перавезеная з Масквы ў 1989 годзе. Фота з архіва Аляксандра Жалкоўскага.

Алесь Хітрун,

навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея.