Вось і адзначылі падзею!!! Сышліся лічбы: 8, 108, 100.
8 лютага 2022 года ў Доме Валянціна Таўлая Лідскага гісторыка-мастацкага музея на адкрыццё выстаўкі “Вераб’іная праСТОра” сабраліся людзі, неабыякавыя да творчай дзейнасці беларускага паэта Валянціна Таўлая. Паэту споўнілася б 108 год. Але ж чым прывабіў наведвальнікаў Дом паэта? Так, менавіта гэтым днём, на дзень нараджэння паэта, было вырашана адзначыць гістарычную падзею – 100 год з дня напісання першага верша В.Таўлая «Верабейкі». Напісаны ён быў на польскай мове, ды пасля перакладзены аўтарам жа на беларускую мову. Пад творам пазначана: “1922 год”, але без дня і месяца. Люты – апошні месяц зімы (100 год назад сапраўдны быў люты месяц), далей ідзе вясна. У чым прычына?
Крышку гісторыі з узнікнення гэтага твора. Захаваўся ўспамін, напісаны самім паэтам. Гэтыя радкі і сталі асновай у правядзенні мерапрыемства і ў адкрыцці выстаўкі.
“…На другі (1921) год бацька забраў мяне ў Ліду, каб я вучыўся. На вёсцы даводзілася бываць канікуламі.
Хаджу ў польскую школку, якая змяшчалася пры самых як жа тады велічных мурах-руінах старадаўняга замка ў Лідзе. Пры гэтых мурах сядзелі дзве згорбленыя векам, заімшэлыя хвоі, нават быццам бы заклятыя. Казалі: калі зламаць галінку – пацячэ кроў.
Цяжка было ў школе, пакуль з большага абцёрся. “Кто ты естэсь? – Поляк малы!” Добра было гаварыць гэтак дзецям новапрыбыўшых “на крэсы” польскіх чыноўнікаў. Ну, а мне, малому “кацапу”, які смешна выгаварвае “тшава” (трава), хоць па арыфметыцы і развіцці – больш чым на год уперадзе ўсіх?…
У дадатку, на вялікае маё гора, бацька заказаў і пашыў мне першыя доўгія штаны “навыпуск”. Сталі нада мною насміхацца яшчэ больш ядавіта, называючы папом.
Аднак, быццам наперакор усім гэтым паніжэнням і здзекам¸ калі трэба было пісаць нейкае практыкаванне з адказам на пытанне “кім хачу быць?” – я горда напісаў: “Хачу быць інжынерам шляхоў” (суфлёрам быў, разумеецца, бацька, які шапнуў мне сваю запаветную мару).
… І вось ужо ў другім класе, малы “кацап”, ён жа “поп”, ён жа “іжынер шляхоў”, аднойчы штурхае свайго сябра па лаўцы, каб той падняў руку і “падказаў” настаўніцы, што ён, “кацап”, мае нейкі вершык, відаць – уласны, але “не хоча” паказаць.
Хлапчука, хітраватага аўтара, ахопленага першым прыступам ліхаманкі шукання чытача, выклікаюць на сярэдзіну класа, бяруць з яго рук вершык і чытаюць:
WRÓBELKI
Zima sroga. Mróz aż strzela.
Żadnych ptaków niema u nas.
Tylko wrony i wróbelki.
Biedne, biedne te wróbelki –
Nie mają co jeść.
Skaczą chlodne, skaczą glodne,
Ale có ż poradzić –
Wnet przeminie sroga zima.
Przyjdzie wiosna – i nakarmi.
*Каб не падпадаць пад чужыя, недакладныя, а чаго добрага – празаічныя пераклады і каб не абцягваць такім грахом чыё-небудзь сумленне – даю ў гэтай вынасцы свой пераклад уласнага вершыка:
ВЕРАБЕЙКІ
Ну й зіма! Трашчаць марозы
І няма ніякіх птушак –
Толькі вераб’і, вароны.
Горка гэтым верабейкам
З думкай аб ядзе
Так падскаківаць галодным.
Але што ж мы зробім? –
Вось міне зіма цяжкая
І вясна прыйдзе – накорміць.
Аўтар.
1922 г.
Гэта быў мой водгук на школьную кампанію “Зімовай дапамогі” птушкам. Зачытвалі, здаецца, яшчэ нейкі другі мой вершык, але які і аб чым – зусім не помню.
Настаўніца патрапала мяне па шчацэ і сказала ўсміхаючыся:
– Добра. Пішы. Можа, некалі будзеш сапраўдным паэтам!
Не помню, ці гаварыла проста “паэтам”, ці “польскім паэтам”. Але, напэўна, думала: польскім. У кожным выпадку, мой аўтарытэт падрос.”
Дык вось, год назад супрацоўнікі Дома Валянціна Таўлая зрабілі заклік да жыхароў горада, устаноў і арганізацый сабраць калекцыю прадметаў і матэрыялаў на “вераб’іную” тэму. Прадметы маглі быць рознага характару: дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, творы выяўленчага мастацтва, вершы, і іншае, што адлюстроўвае вобраз гэтай птушкі.
І разам з тым, было заўважана, што ў кожнага музея ёсць пэўны сімвал, які непасрэдна звязаны з дзейнасцю той ці іншай асобы, якая мае дачыненне да гісторыі будынка і г.д. І вырашылі, што сімвалам Дома Валянціна Таўлая стане верабей.
Ужо ў 2021 годзе на клёне змясцілася кармушка, яе павесілі таксама на дзень нараджэння паэта. Яна і паклала пачатак збору прадметаў. А збудаваў яе настаўнік працоўнага навучання СШ №6 Мікалай Усеваладавіч Філіповіч. Пазней сталі паступаць мастацкія работы ад жыхароў горада Анастасіі Ляўкевіч, Марыны Мазоль, калегі музея – мастака Дзіяны Бінкевіч, супрацоўніцы аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Ірыны Вашкевіч, вырабы ад рамеснікаў Лазоўскай Кацярыны, ад паэтэсы Людмілы Русь і іншых. Найбольшы ўклад у “вераб’іным” зборы пакінулі навучэнцы Лідскай дзіцячай мастацкай школы мастацтваў (дырэктар Грышкевіч Валянціна Сяргееўна), Лідскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі (дырэктар Горгуль Васіль Канстанцінавіч), Лідскага раённага цэнтра экалогіі, турызма і краязнаўства (дырэктар Цехановіч Жанна Мікалаеўна).
Акрамя таго, даслала сваю мастацкую работу студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, траюрадная ўнучатая пляменніца паэта Валянціна Таўлая Несцярук Анастасія, што жыве ў горадзе Баранавічы, у якім 108 год назад, 8 лютага 1914 года нарадзіўся Валянцін Таўлай.
Сімвалічна, што ў Баранавічах праходзіць святкаванне Міжнароднага дня вераб’я, якое адзначаецца ў краіне з 20 сакавіка 2009 года. Там жа, у Баранавічах, у 2003 годзе, на бульвары Хейнола адбылося ўрачыстае адкрыццё помніка вераб’ю. Аўтарам дадзенага праекта стаў вядомы беларускі разьбяр Станіслаў Целюк. На невысокім пастаменце, дзе сядзіць бронзавы верабей, ёсць надпіс на беларускай мове: «2003 год – год вераб’я дамавога. Да вас я назаўсёды прыляцеў. Не поўдзень вабіць, а Радзіма».
Прычынай стварэння помніка стала труба, якая тырчала з зямлі і пагоршыла знешні выгляд плошчы. Улады не разгубіліся і папрасілі вядомага скульптара Станіслава Целюка каб ён прыдумаў, як замаскіраваць трубу. Мастак злёгку змяніў форму трубы, зрабіў з яе дэкаратыўны слуп і пасадзіў на яго вяршыню бронзавага вераб’я. Скульптура, якая паявілася па забаўнай выпадковасці, паслужыла асновай новых традыцый.
Верабей стаў таслісманам горада. Студэнты сталі прыходзіць да яго за удачай. Лічыцца, што калі пагладзіць Вераб’я перад здачай экзамена, то адназначана патрапіць у рукі лёгкі білет. Таксама да птушкі прыходзяць каб загадаць жаданне пра каханне ці багацце. Скульптура Вераб’я прыцягнула ўвагу грамадскасці да птушак у агульным. І побач з памятнікам сталі праходзіць акцыі па абароне пярнатых. Ва ўсім свеце існуе толькі тры помніка, якія прысвечаны вераб’ям.
Варта адзначыць, што першы манумент з’явіўся крыху больш за стагоддзе таму ў ЗША, у горадзе Бостан. Верабей быў удастоены ўзнагароды за тое, што атрымаў перамогу над шкоднаснымі казуркамі – насякомымі, якія ў той час напалі на горад. У тыя цяжкія часы менавіта вераб’і і сталі выратавальнікамі гарадскіх жыхароў. Таксама ў сталічным скверы Кіеўскіх інтэлігентаў на вуглу вуліц Вялікая Жытамірская і Алеся Ганчара таксама размяшчаецца помнік Вераб’ю. Аўтар гэтай работы скульптар Канстанцін Скрытуцкі. Устаноўлены быў у 2014 годзе.
У 2021 годзе ў гэтай зале працавала выстаўка мастака-манументаліста Васіля Зянько “Паэзія кропак… Разанаў, Таўлай”. Выстаўка змяшчала 7 жывапісных палотнаў тактыльных прац па творах-пункцірах Алеся Разанава і 8-ая праца – на твор Валянціна Таўлая “Верабейкі”, як у памяць для горада Ліда. Валянцін Таўлай перакладзены на шматлікія мовы свету, і нават на мову Брайля, на мову людзей, якія пазбаўлены зроку. Гэтая карціна таксама размяшчаецца на выстаўцы. У адным з вершаў паэт пісаў “Каму я вочы перадам свае…”. І быццам сваімі вачыма В.Таўлай прыцягвае да сябе, да свайго першага твора, такім чынам ён знаёміцца з чытачом.
Таксама, выстава змяшчае ў сабе і фотазону, быццам трапіўшы ў куточак прыроды, які насычаны птушкамі і іншымі ляснымі насельнікамі, у аснове якіх – галоўны ВЕРАБЕЙ. Чучала яго перадаў нам таксідэрміст Віктар Бахмат.
Распрацаваны музейна-педагагічны занятак “Вядзе рэй верабей” для дзяцей больш пачатковых класаў. У фондах Дома Таўлая ёсць рэканструяваная доўгая кашуля навыпуск, у якой паводле ўспамінаў 8-гадовы хлопчык Валянцін хадзіў у лідскую школу, што была каля замка і напісаў свой першы верш. Мы будзем прапаноўваць дзецям яе апрануць і пабыць у вобразе будучага паэта. Разам з тым, дзеці паспрабуюць сябе ў складанні гэтага верша: па ўзоры яны павінны будуць скласці яго падрыхтаваныя радкі. Таксама пазнаёмяцца з прымаўкамі і прыказкамі пра вераб’я, паспрабуюць сябе і ў якасці мастака, які адлюструе верабейку па таксама нескладаных эскізах. Магчыма тут на занятку будзе прадстаўлены і майстар-клас па вырабе вераб’я з паперы ў тэхніцы арыгамі. А таксама – розныя гульні і забавы паводле казак і легенд пра гэтую птушку. Кожны гулец за ўдзел атрымае медаль з выявай вясёлага вераб’я.
Разам з тым, можна будзе пазнаёміцца з сабраным комплексам матэрыялаў пра галоўнага нашага героя – Вераб’я: тут і вершы, казкі, легенды, прымаўкі, прыказкі, прыродазнаўчыя асаблівасці і шмат-шмат цікавага. Разам з тым можна на месцы пачытаць тую ці іншую кнігу, у якіх раскрываецца гісторыя, прыгоды і іншыя цікавыя дзеянні і факты пра гэтую птушку. Каштоўнай кнігай тут лічыцца прыжыццёвае выданне “Сцяжынка” Пятруся Граніта з вершам “Верабейкі”, таго паэта, які меў нядрэнныя адносіны да Валянціна Таўлая. Дадзенае выданне перадала сама ўнучка паэта Людміла Яновіч (яна, між іншым, і ўзгадваецца ў вершы), а таксама даследчык, літаратуразнавец са Слоніма Сяргей Чыгрын.
І яшчэ, так як сімвалам Дома Валянціна Таўлая з’яўляецца птушка верабей, то супрацоўнікамі музея распрацаваны штамп з гэтай выявай. Ім мы будзем таксама карыстацца і прапаноўваць наведвальнікам пакінуць гэты адціск для сябе на памяць са сваім подпісам.
Падрыхтаваў навуковы супрацоўнік Дома Валянціна Таўлая Лідскага гісторыка-мастацкага музея Аляксандр Хітрун