/ Новости / “Паміж жыццём і смерцю”

“Паміж жыццём і смерцю”

На чарговае мерапрыемства з цыкла музейных зімнікаў “ЗаВАЛІнкі на ЗАмКАВАЙ,7”, якія праходзяць у Доме Таўлая Лідскага гісторыка-мастацкага музея зноў сабраліся прыхільнікі гісторыі свайго краю. На гэты раз, мерапрыемства было прысвечана Міжнароднаму дню памяці ахвяр Халакоста, якое адзначаецца 27 студзеня.
Да гэтай даты супрацоўнікі музея разгарнулі выстаўку плакатных фотаздымкаў пад назвай “Паміж жыццём і смерцю”. Яна стала дапаўняючай да выстаўкі “Ад плаката да парада”. На іх зафіксаваны гістарычныя моманты, якія раскрываюць шчымлівую тэму Халакоста. Дадзеныя фотаздымкі былі прывезены ў свой час з Яд Вашем – з ізраільскага нацыянальнага мемарыяла Халакоста старшым навуковым супрацоўнікам музея Валынец Наталляй Міхайлаўнай. З яе вуснаў прысутныя дазналіся пра пакуты, якія перажылі яўрэі ў гады Другой сусветнай вайны.
Фотаздымкі, якія раскрываюць гістарычны лёс яўрэяў краін Еўропы, адлюстроўваюць адпаведнае жахлівае мінулае і нашых беларускіх земляў. Разам з тым, на выстаўцы размясціліся прадметы, якія маюць дачыненне да тэмы. У свой час ад старшыні рэгіянальнай мемарыяльна-культурнай суполкі Саулкінай Асі Данілаўны для лідскага музея быў перададзены альбом, у якім сабраны багаты матэрыял пра яўрэяў Лідчыны. Гэты альбом і іншую даведачную літаратуру можна было пачытаць і пагартаць на мерапрыемстве.
Супрацоўнік музея, аўтар кнігі “Память – главный свидетель” і куратар праекта “Память за собою позови” Каладзяжная Анастасія Аляксандраўна падзялілася агульнымі звесткамі пра падзеі, якія паглынулі яўрэйскае насельніцтва ў час Вялікай Айчыннай вайны. Навуковы супрацоўнік музея Аляксандр Хітрун яшчэ раз прывёў факты, якія звязаны былі з жыццём Валянціна Таўлая і яго сям’і падчас падзей Вялікай Айчыннай вайны ў Лідзе, а менавіта, пра далейшы лёс яго жонкі-яўрэйкі Кіры Бранд у Вільні і яго бацькоў, якія былі закатаваны ў лагер Асвенцым.
Незабыўнымі ўспамінамі з тых пакутных часоў падзялілася з прысутнымі “дзіця вайны” – удзельнік праекта “Память за сабою позови” Вашчук Яніна Браніславаўна, а таксама ўнучка з былой яўрэйскай сям’і з Варшавы Мяжво Валянціна Стэфанаўна.
Для падрабязнага раскрыцця падзей, якія звязаны са знішчэннем яўрэйскага насельніцтва на Лідчыне, быў прадэманстраваны дакументальны фільм “Слёзы лідскага гета”, зняты Лідскім тэлерадыёаб’яднаннем.
Пазнаёміцца з выстаўкай “Паміж жыццём і смерцю” можна будзе на працягу тыдня.
Даведкі па тэлефонах: +375154 541552, +375154 622494.