Візітоўнай карткай Беларусі і сёння з’яўляецца лён. Амаль кожны замежны турыст, вяртаючыся на радзіму, вязе сувенір з беларускага льну.
Гэтую прыгожую і карысную расліну, яе цвіценне ўслаўляюць паэты, пісьменнікі, мастакі.
У сучасны час усе работы па вырошчванню і апрацоўцы лёну механізаваны. Замест рук жанчын ўсю работу выконваюць машыны як на
палях, так і на льнозаводах і ткацкіх камбінатах. А як жа было раней? Як лён вырошчвалі нашы продкі?
Земляробчыя работы ў першую чаргу былі звязаны з падрыхтоўкай зямлі да сяўбы. Сяляне ўзворвалі поле драўлянай сахой , пасля чаго можна
было прыступаць да сяўбы лёну. Па традыцыі, гэтай працай займаліся мужчыны. Згодна з народнымі прыкметамі, рабіць гэта можна было толькі ў
пятніцу і суботу. Калі засяваннем лёну займаліся мужчыны, то наступныя этапы працы, звязаныя з вырошчваннем і апрацоўкай лёну, пераходзілі ў
жаночыя рукі. Асабліва важнае значэнне займала праполка льнянога поля ад пустазелля. У сярэдзіне жніўня ільняныя галоўкі станавіліся залаціста-
карычневага колеру– гэта было сігналам да таго, што лён паспеў і прыйшоў час для яго ўборкі з поля. Традыцыйна лён вырывалі з каранямі (церабілі),
каб захаваць даўжыню валакна, і звязвалі ў снапы для прасушкі. Зерне выбівалі (абчэсвалі) пранікам, а атрыманую трасту адпраўлялі на поле не
менш на 1-2 месяцы, каб вылежаўся ў росах, вымачыўся дажджамі. Высушаны, ён зноў трапляў у рукі жанчын. У ход пускаліся самыя розныя
прылады працы : церніца,трапала, драўляныя або металічнымі грабяні. Для часання валакна выкарыстоўваліся і шчоткі,якія выраблялі пераважна з
свінога шчаціння,звязанага ў пучкі і з аднаго боку пакрытага смалой, каб шчацінкі не рассыпаліся. Вядомы нават такі выраз, як ”часаць лён на ваду”.
Гэта азначае, што валакно часалі над вадой да таго часу, пакуль на ваду не ападаў нават пыл. Валакно ж, атрыманае пасля часання (кужаль, кудзеля)
скручвалася ў “куклачкі”, “круцелькі” , “скруткі” ці спляталася ў косы і ў такім выглядзе захоўвалася да прадзення. У старажытнасці пралі на
верацяне, і гэта займала велізарную колькасць часу. У канцы ХІХ-пачатку ХХ стагоддзя, дзякуючы з’яўленню “ калаўрота”( ад бел. кола круціць,
паварочваць), тэхналагічны працэс прадзення значна паскорыўся. На Беларусі была шырока распаўсюджаная традыцыя сумеснага жаночага
прадзення , так званыя “вячоркі” ў якім-небудзь адным з вясковых дамоў. Далейшы лёс спрадзенай ніткі – гэта кросны і ўмелыя рукі майстрыхі.
Пазнаёміцца з гісторыяй апрацоўкі лёну, прыладамі працы, канчатковым вынікам шляху лёну: посілкамі, дыванамі, абрусамі, палотнамі,
ручнікамі, вопраткай можна на нашай выстаўцы “Падарожжа ў часе”, а таксама на музейна-педагагічных занятках “ Песня вякоў на полі льняным”, “Падарожжа па восеньскім народным календары”.