/ Фотоотчеты / Літаратурны куфэрак “Любі, браток, родны куток!”

Літаратурны куфэрак “Любі, браток, родны куток!”

Дом Таўлая Лідскага гісторыка-мастацкага музея зноў парадаваў жыхароў горада навінкай. У мінулую нядзелю, напрыканцы каляндарнай вясны лідскія паэты свае творчыя здольнасці паказалі на арт-праграме “Балкон”, які змяшчаецца на Доме-музеі. А вось цяпер, другім днём каляндарнага лета для жыхароў і гасцей горада паэты выступалі на пляцоўцы ля Дома Таўлая. Мерапрыемства адкрыла новую форму правядзення – літаратурны куфэрак “Любі, браток, родны куток!” і таксама ўваходзіць у культурна-турыстычны праект “Замкавы гасцінец”.

На гэты раз, склалася так, што нечаканы дождж у сонечны летні дзень частку мерапрыемства прымусіў правесці ў Доме Таўлая. За гэты час лідскі бард Сяргей Чарняк паклаў мелодыю на верш лідскага паэта Аляксандра Мацулевіча, твор якога магчыма будзе агучаны на чарговым фестывалі нацыянальных культур Лідчыны “Суквецце сяброўства”.

Сонечныя промні разагналі дождж і праграма разгарнулася пад небасхілам. У чым заключаецца сэнс дадзенага мерапрыемства? На імправізаванай пляцоўцы лідскія майстры прыгожага пісьменства чытаюць свае вершы для прыхільнікаў паэзіі, пакідаюць аўтографы на памяць на спецыяльна згатаваных флаерах, любы жадаючы можа пачытаць зборнік вершаў таго ці іншага аўтара, а па магчымасці, то і набыць яго з рук паэта. Дарэчы, дзеля гэтага ўся выдавецкая лідская прадукцыя змяшчаецца ў невялічкім куфэрку (у гэтым закладзена і назва формы правядзення).

Так, сваімі творамі і аўтографамі на гэты раз дзяліліся лідскія паэты Аляксандр Мацулевіч і Станіслава Белагаловая. З іх вуснаў можна было пачуць вершы на тэму малой радзімы, на гістарычную тэматыку. Слухалі творцаў цэлымі сем’ямі, па-асобку, у парах. Гучалі і песні на словы лідскіх паэтаў.

Што задумалі супрацоўнікі Дома Таўлая на наступнае мерапрыемства? На гэтае пытанне можна адказаць так: прыходзьце кожную нядзелю на Замкавую,7. Пабачыце, паслухаеце. І сачыце за навінамі на сайце Лідскага гісторыка-мастацкага музея.