24 красавіка 1959 г. у адпаведнасці з Пастановай Савета Міністраў БССР № 80-Р ад 10.02.1959 г. у Лідзе быў урачыста адчынены для наведвання краязнаўчы музей.
Менавіта фондавы збор краязнаўчага музея – асноўная скарбніца сучаснага Лідскага гісторыка-мастацкага музея. Фонды музея складаюцца з 25 калекцый і налічваюць больш за 45 000 адзінак асноўнага фонду і каля 8 000 навукова-дапаможных матэрыялаў. Выклікаюць цікавасць калекцыі археалогіі, нумізматыкі, фалерыстыкі, прадметаў побыту, друкаваныя і выяўленчыя крыніцы.
Рашэннем выканкама Лідскага гарсавета музею быў перададзены будынак былога касцёла піяраў па вуліцы Савецкая, 23. Агульная плошча будынка складала прыкладна 600 м2, з якіх пад музей выкарыстоўвалася толькі 300 м2. Астатняя частка будынка была занята жыхарамі і канторай філіяла Гроднавоблпраекта.
Першая экспазіцыя размяшчалася пад купалам будынка і складалася з двух аддзелаў: «Вялікая Айчынная вайна 1941-1945 гг.» і «Гісторыя горада», з 1962 г. адкрыты аддзел прыроды.
У канцы кастрычніка 1963 г. у купальнай частцы будынка пачаліся работы па абсталяванні планетарыя. Музейная экспазіцыя была разабраная, экспанаты перамешчаныя ў прыбудову, дзе раней знаходзіліся жылыя пакоі.
Менавіта тут былі створаны пастаянныя экспазіцыі, якія распавядалі пра гісторыю і культуру Лідскага краю.
У лютым 1970 г., пасля прагляду камісіяй, былі адкрытыя аддзел прыроды і аддзел дасавецкага перыяду.
У 1973-1976 гг. экспазіцыя аддзела гісторыі савецкага грамадства была перабудаваная. У аснову тэматыка-экспазіцыйнага плану быў закладзены прынцып больш шырокага і глыбокага раскрыцця тэмы шляхам уводзін у экспазіцыю найбольш цікавага дакументальнага матэрыялу і рэчавых экспанатаў.
Афармляў экспазіцыю краязнаўчага музея мастак Мінскага вытворчага камбіната А. М. Пуцейка – член Саюза мастакоў СССР.
У канцы 1979 года была створаная экспазіцыя «Лідзе – 600». У экспазіцыі распавядалася пра развіццё прамысловасці, адукацыі, культуры і спорту ў горадзе.
Чарговая перабудова экспазіцыі савецкага перыяду пачалася ў 1985 г. і працягвалася чатыры гады – да 18 мая 1989 г.
Асноўная ўвага надавалася афармленню новай экспазіцыі аддзела гісторыі савецкага перыяду, у прыватнасці па тэме пасляваеннага будаўніцтва і аднаўлення разбуранай гаспадаркі.
Больш экспазіцыі музея не перабудоўваліся, праводзіліся толькі невялікія «праўкі».
Да 1998 г. у дзесяці залах на 317 м2 размяшчаліся тры аддзелы: прыроды і далёкага мінулага – на першым паверсе, сучаснага перыяду – на другім.
Усе залы музея працавалі да 1 чэрвеня 1998 г., але ў сувязі з перадачай будынка Навагрудска-Лідскай епархіі экспазіцыя была дэмантаваная.
Музею выдзелены будынак былога Салона сямейных урачыстасцяў, у якім размяшчалася Лідская мастацкая галерэя.
У 1999 г. музей змяніў сваё месцазнаходжанне і пераехаў на вуліцу Перамогі, 37а.
У лютым 2000 г. Лідскім гарвыканкамам было прынята рашэнне аб аб’яднанні краязнаўчага музея і мастацкай галерэі «Лідзея» у адну ўстанову – Лідскі гісторыка-мастацкі музей.
4 кастрычніка 2008 года, пасля працяглага рамонту, Лідскі гісторыка-мастацкі музей гасцінна расчыніў дзверы для сваіх наведвальнікаў. Адкрыццё музея прымеркавалі да юбілею горада – 685-годдзя. Пачала працаваць пастаянная экспазіцыя «Прырода Лідчыны». Затым створана пастаянная экспазіцыя “Сучаснае мастацтва краю”, якая з’яўляецца своеасаблівым дакументам эпохі, прэзентуе творчасць сучасных мастакоў Лідчыны, як ураджэнцаў, так і тых, чый творчы і жыццёвы шлях звязаны з нашым краем.
22 верасня 2010 года адбылося ўрачыстае адкрыццё Дома Валянціна Таўлая, які стаў аб’ектам ДУ “Лідскі гісторыка-мастацкі музей”. У будынку створаны мемарыяльны пакой паэта, ладзяцца выстаўкі і імрэзы літаратурна-краязнаўчага накірунку.
Лідскі замак таксама з’яўляецца аб’ектам ДУ “Лідскі гісторыка-мастацкі музей”. У снежні 2017 года была адкрыта экспазіцыя “Лідскі замак. Гістарычныя падзеі і постаці” ў паўночна-ўсходняй вежы Лідскага замка. 3 ліпеня 2020 г. у адрэстаўраванай паўднёва-заходняй вежы адкрылася пастаянная экспазіцыя “Старонкі гісторыі. Ад XIV стагоддзя…”.
Калектыў Лідскага гісторыка-мастацкага музея пастаянна знаходзіцца ў пошуку новых форм работы ў музейнай прасторы. Супрацоўнікі музея імкнуцца да эфектыўнай працы з рознымі катэгорыямі наведвальнікаў.