/ Новости / Быў у Лідзе Крапіва…

Быў у Лідзе Крапіва…

“Быў у Лідзе Крапіва…”

Пад такой інтрыгуючай назвай у Доме Валянціна Таўлая Лідскага гісторыка-мастацкага музея, 5 сакавіка, у дзень юбілею (125-годдзі) з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Кандрата Крапівы адбылося адкрыццё выстаўкі. Наведалі яе вучні 7 класа СШ №4 г.Ліда. Куратар Дома-музея Алесь Хітрун прадэманстраваў кароткаментражныя фільмы пра байкапісца, зазнятыя дзяржаўнымі каналамі, распавёў пра сувязь Кандрата Крапівы з горадам Ліда.

Аб гэтым было сказана больш падрабязна. Пра тое, што Крапіва быў у Лідзе, ведалі мясцовыя краязнаўцы, але ж доказу не было. Але ж дзякуючы дасціпнасці навуковага супрацоўніка Алеся Хітруна быў знойдзены ліст беларускага байкапісца. Стала вядома, што пісьмо датуецца 1939 годам, калі К.Крапіву, ужо знакамітага пісьменніка зноў мабілізавалі і прызвалі ў армію, дзе ў якасці камандзіра стралковай роты ён удзельнічаў у паходзе Савецкай Арміі ў Заходнюю Беларусь (дапамагаў Заходняй Беларусі ўз’яднацца з Усходняй, з БССР). Гэты ліст быў змешчаны ўпершыню ў газеце “Літаратура і мастацтва” за 3 кастрычніка 1939 года. А цяпер яго можна пачытаць у кнізе “Кандрат Крапіва. Збор твораў у шасці тамах. Том 2, выдавецтва “Мастацкая літаратура”, 1997 год”. Вось гэты ліст:

“Дух захватвае ад радасці”.

(З пісьма)

“…Шлю табе прывітанне з горада Ліда, дзе мы часова прыпыніліся. Гэта адзін з гарадоў Заходняй Беларусі, якую вызваліла наша слаўная Чырвоная Армія з-пад прыгнёту паноў-памешчыкаў і капіталістаў. А як часта мы з табой аб гэтым марылі і гаварылі з хлапцамі!.. Мары нашы здзейсніліся раней нават, чым мы маглі спадзявацца. Цяпер увесь беларускі і ўкраінскі народы, не падзеленыя ніякімі межамі, будуць жыць у сям’і брацкіх народаў Савецкага Саюза.

Настрой у мяне самы найлепшы, як і ва ўсёй нашай арміі. Проста дух захватвае ад радасці ад такіх грандыёзных падзей. Падумай толькі, гэта ж сапраўды, Дзяржаўны тэатр зможа выехаць на гастролі, скажам, хоць бы ў Вільна і паказаць там «Партызаны». Раней мы гаварылі аб гэтым, як аб далёкім будучым.

Сяляне і рабочыя Заходняй Беларусі вельмі рады нашаму прыходу. Яны нам актыўна дапамагаюць і ахвотна расказваюць, дзе хаваюцца польскія бандыты. Затое панам, фабрыкантам, польскім афіцэрам наш прыход вельмі не да смаку. Гэта нашы заядлыя ворагі. Чырвоная Армія выпорвае іх з усіх нор, дзе яны пахаваліся.

Прывітанне ўсім.”

Пра другі прыезд Кандрата Крапівы ў Ліду стала вядома дзякуючы ўспамінам Дануты Бічэль-Загнетавай, якая ўзгадвала аб гэтым 22 лістапада 2017 года, калі прыязджала на ўрачыстасць у Лідскую раённую бібліятэку імя Янкі Купалы: “…Ліда – першы горад у маім жыцці, – гаварыла Данута Бічэль. – Сюды я дабіралася з вёскі пяшком, праз балоцістую мясцовасць, у Лідзейцы мыла ногі. У тыя гады Ліда была для мяне, вясковай дзяўчынкі,

цудоўнай краінай, дзе мяне вучылі ўсяму… Памятаю, да нас, першакурсніц (Лідскага педагагічнага вучылішча), прыязджаў Кандрат Крапіва. Паслухаўшы мае вершы (многія ў юнацтве спрабуюць пісаць вершы), вядомы пісьменнік параіў даслаць іх у “Вожык”. У “Вожык” я тады вершы не даслала (мабыць, саромелася), аднак мае спробы пяра часта сталі з’яўляцца ў насценгазеце вучылішча. Такой была мая “стартавая пляцоўка” ў друку… Пасля Ліды быў Навагрудак, а затым – Гродна, дзе я, скончыўшы педінстытут, там і засталася жыць…”

Падчас мерапрыемства вучні дазналіся, што ў сатырычным агітплакаце “Раздавім фашысцкую гадзіну”, якую рэдагаваў Кандрат Крапіва, друкаваўся і Валянцін Таўлай пад псеўданімамі “Мсцівец”, “Алесь Шыпшына”, а таксама яго калега па працы з рэдакцыі лідскай газеты “Уперад” Ніна Тарас. Цікавай інфармацыяй для вучняў стала асоба – дырэктар цвіковага завода ў Лідзе (цяпер завод электравырабаў) Уладзімір Корбан, які працаваў тут з канца 1946 да студзеня 1948 года, потым праз невялікі час, у 1952 годзе знайшоў працу ў рэдакцыі “Вожыка”, а з 1967 па 1971 гады быў яго галоўным рэдактарам. Яго звалі “другі пасля Крапівы”, бо менавіта Кандрат Кандратавіч аднойчы сказаў: “Што ж, дарагі Корбан, ёсць у мяне добрая замена, табе зараз і лейцы ў рукі”.

Акрамя кніг Кандрата Крапівы, на выставе экспанаваліся з фондаў Лідскага гісторыка-мастацкага музея і арыгіналы агітплаката “Раздавім фашысцкую гадзіну”.

Між іншым, стала вядома, што дзякуючы “Вожыку” упершыню ў рэспубліканскі друк увайшоў са сваімі творамі і сам куратар Дома-музея.

Было зазначана, што вядзецца перапіска з унучкай байкапісца Аленай Ігараўнай Атраповіч, якая абяцала па магчымасці наведаць Дом Валянціна Таўлая.

Бясспрэчна, вучні з задавальненнем паслухалі і пачыталі байкі Кандрата Крапівы, паспрабавалі адгадаць іх па выявах. Наведалі куточак гумару “Лідскага “Вожыка””, які таксама змяшчаецца ў Доме паэта.

Што ж, супрацоўнікі Дома-музея могуць шмат цікавага распавесці. Сачыце за інфармацыяй і наведвайце яго. Не пашкадуеце.