(даследаванне беларускай дыялектнай мовы)
Краязнаўства… Як прыгожа і сакавіта гучыць гэтае слова! А колькі ў ім загадкавага і таямнічага! Усё гэта вядзе ў прастору жыцця народа, народа беларускага. А народ беларускі багаты на захаваную спадчыну, якая блукае ў яшчэ маладасведчаным асяродку. Краязнаўства – гэта таямніцы фальклору, вядучыя да літаратуразнаўства; гэта – дыялекталогія – лесвіца да мовазнаўства; гэта – гісторыя, якая змяшчае нашае жыццё; гэта… У агульным, краязнаўства – гэта навука аб нашай Радзіме, аб яе каранях.
Лічу, што пачаць першапачаткова трэба з мовы, бо мова – сродак зносін, дзякуючы чаму мы ведаем пра фальклор, пра гісторыю. Такім чынам, першай прыступкай да сучаснай літаратурнай мовы з’яўляецца мова мясцовых гаворак – дыялектаў.
Родная мова! Згадзіцеся, гэтае спалучэнне слоў гучыць вельмі высока, урачыста, на патрыятычным, нацыянальным уздыме! Але для кожнага яно азначае зусім іншыя пачуцці: для аднаго – гэта мова навукоўцаў, знаўцаў, інтэлігентаў, для другога – гэта мова яго дзядоў, яго радзімы, бацькаўшчыны. І тыя, і гэтыя пункты погляду маюць сваю ацэнку. Але лічу вартым прыпыніцца на другім варыянце.
Мова дзядоў, радзімы, бацькаўшчыны, свайго края (вёскі) у якасці роднай лепш узяць у двухкоссе. Чаму? Тлумачыць гэта можна тым, што на ёй размаўляе народ – просты люд пэўнай мясцовасці са сваімі пэўнымі азначэннямі. І таму родная набывае тут прыстаўку “на” – народная. І даследаванне народнай мовы стаіць не з апошніх у ліку мовазнаўцаў і краязнаўцаў.
Сучасная беларуская літаратурная мова прайшла некалькі этапаў свайго развіцця і мае вялікую гісторыю. Галоўную ролю ў фарміраванні беларускай мовы адыгралі мясцовыя гаворкі (паўночна-ўсходні, паўднёва-заходні і сярэднебеларускі пераходны дыялекты). Як самастойная мова яна сфарміравалася ў перыяд, калі нашы землі знаходзіліся ў складзе Вялікага Княства Літоўскага. Менавіта тады на працягу ХІV— ХVІ стст. старабеларуская мова выкарыстоўвалася ў якасці дзяржаўнай, на ёй пісаліся ўсе афіцыйна-справавыя дакументы, ствараліся летапісы, мастацкія, публіцыстычныя творы, вучэбная, юрыдычная літаратура. Галоўная роля ў станаўленні беларускай мовы аддаецца дыялектам. Дыялекты — гэта мова народа, якая выступае ў выглядзе мясцовых гаворак.
Трэба зазначыць, што дыялектная групоўка гаворак беларускай мовы – гэта іх структурныя тыпы і тэрытарыяльныя масівы, ці групы, паводле ўласцівых ім комплексаў адрозненняў дыялектнага характару. Адрозніваюць два беларускія структурныя тыпы або віды: асноўны і заходнепалескі. Гаворкі асноўнага віду складаюць дзве дыялектныя структурныя разнавіднасці: паўднёва-заходнюю, або паўднёва-заходнія гаворкі, і паўночна-ўсходнюю разнавіднасць, або паўночна-ўсходнія гаворкі. Паміж імі праходзяць сярэднебеларускія гаворкі. Паўднёва-заходнія гаворкі па комплексу ўласцівых гэтым гаворкам асаблівасцей і сродкаў з’яўляюцца найбольш паказальнымі для беларускага вуснага народнага маўлення.
Як тлумачыць Вікіпедыя, што паўночная мяжа паўднёва-заходняга дыялекту беларускай мовы праходзіць прыкладна па лініі Ліда – Мінск – Бабруйск – Рэчыца – Лоеў. Дыялект уключае ў сябе наступныя групы гаворак: берасцейска-пінскую, заходнюю (гарадзенскую), слуцка-бабруйска-мазырскую. Паўднёва-заходні дыялект характарызуецца недысымілятыўным аканнем і яканнем: вада, нага, вясна; цвёрдым гукам [р]: рака, бяроза; прыстаўным [г] у словах тыпу гавечка, гуліца; наяўнасцю дыфтонгаў [уо], [іе] ў словах дуом, сіена; наяўнасцю канчатка –му ў дзеясловах будучага часу: казацьму, рабіцьму; постфікса -са ў зваротных дзеясловах: памыласа, садземса і інш. Палескія гаворкі складаюць: берасцейска-пінская і мазырская групы; у паўднёва-заходнія ўваходзяць гарадзенска-баранавіцкая, слуцкая і мазырская групы; у паўночна-ўсходнія – віцебская, полацкая і магілёўская групы.
Выява з сайта Media–polesye.by
Пытанне, над якім думае грамадства “Што рабіць з дыялектамі і гаворкамі?” дала адказ “Энцыклапедыя “Беларуская мова”” (Мінск, “Беларуская энцыклапедыя” імя Петруся Броўкі, 1994 г., ст. 192-193):
“Дыялектная мова (народна-дыялектная мова) – гэта мова народа (нацыі або народнасці), якая выступае ў выглядзе мясцовых гаворак. Пры наяўнасці ў народа акрамя дыялектнай яшчэ і літаратурнай мовы абедзве яны ўтвараюць адзіную сістэму мовы народа і з’яўляюцца яе разнавіднасцямі. Таму абедзвюм ім надаецца права прадстаўнічай роўнасці. Як літаратурная мова, так і любая мясцовая гаворка дыялектнай мовы з’яўляецца натуральным увасабленнем і прадстаўніком мовы пэўнага народа (а не яго “сапсаванай”, “нячыстай” мовай). Але кожная з гэтых разнавіднасцей мовы мае сваю сферу ўжывання і свае формы існавання. Дыялектная мова, мясцовыя гаворкі адрозніваюцца ад літаратурнай мовы сваёй тэрытарыяльнай неаднастайнасцю і абмежаванасцю пашырэння, звычайна вуснай формай бытавання, вузкай грамадскай ужывальнасцю і прыналежнасцю пераважна сялянству.
Мясцовыя гаворкі, якія складаюць дыялектную мову, могуць быць блізкія паміж сабой, могуць і значна адрознівацца. Але для гаворак асобнай дыялектнай мовы характэрна пэўная агульнасць іх лёсу і этнічных адносін, якая абумоўлівае тое ці іншае падабенства іх паводле граматычнага ладу, слоўніка, па фанетычнай рэалізацыі выказванняў. Гэта агульнасць гаворак разам з іх падабенствам з’яўляецца для людзей, якія імі валодаюць, больш значнай і важнай за розніцу. Яна служыць апорай для паняцця пра асобную дыялектную мову як рэальна існуючую еднасць мясцовых гаворак і для яе вылучэння на этналінгвістычнай прасторы.
Агульнасць і падабенства мясцовых гаворак асобнай дыялектнай мовы можа быць рознага паходжання. Гэта можа абумоўлівацца іх генетычным адзінствам, агульнасцю зыходнай асновы або быць вынікам гістарычных ці існуючых сувязей і ўзаемадзеяння паміж сабой і з іншымі мовамі. Але гэта аб’ядноўвае і адрознівае іх ад мясцовых гаворак іншых дыялектных моў, у якіх свая падобная агульнасць і блізкасць.
У склад беларускай дыялектнай мовы ўваходзяць блізкія паміж сабой мясцовыя гаворкі беларускага народа, якія ўтварыліся на працягу агульнаўсходнеславянскай і ўласнай гісторыі ў выніку развіцця славянскай моўнай спадчыны і яе ўзаемадзеяння з мовамі суседніх народаў. Паводле падабенства мясцовыя гаворкі аб’ядноўваюцца ў розныя групы. На аснове звестак пра асаблівасці мясцовых гаворак Беларусі і іх пашырэнне ў межах рэспублікі, якія ўтрымлівае “Дыялекталагічны атлас беларускай мовы” (ДАБМ), устаноўлена наяўнасць дзвюх груповак мясцовых гаворак беларускай дыялектнай мовы – этнагенетычнай і культурна-гістарычнай.
Першаснай і найбольш важнай з’яўляецца этнагенетычная групоўка гаворак беларускай дыялектнай мовы, якая вылучаецца на падставе аднолькавых асаблівасцей гаворак, абумоўленых адзінствам іх паходжання, адзінай старажытнай асновай (прадыялектам). Сувязі паміж беларускімі мясцовымі гаворкамі і яднанні іх па рысах, якія абумоўлены аднолькавым паходжаннем, адной зыходнай асновай, а таксама адрозненні паміж такімі групамі з’яўляюцца найбольш прыкметнымі і выразнымі. Асаблівыя рысы мясцовых гаворак розных беларускіх этнагенетычных груп выступаюць або як непасрэдная спадчына ад іх старажытных моўных “продкаў”, або часцей як яе натуральная гістарычная трансфармацыя, відазмяненне. Гэта групоўка мясцовых гаворак беларускай дыялектнай мовы знаходзіцца пад увагай даследчыкаў ужо даўно (І.I. Насовіч, Я.Ф. Карскі, Маскоўская дыялекталагічная камісія, П. А. Бузук і інш.). Паводле ДАБМ, мясцовыя гаворкі ў межах Беларусі аб’ядноўваюцца ў дзве буйныя этнагенетычныя тэрытарыяльныя разнавіднасці дыялектнай мовы – паўночна-ўсходні дыялект і паўднёва-заходні.
Вылучаецца таксама група сярэднебеларускіх гаворак, якая з’яўляецца міждыялектнай паводле тэрытарыяльнага пашырэння і пераходнай, паводле свайго характару. У якасці асобнай самастойнай этнагенетычнай групы ў складзе беларускай дыялектнай мовы вылучаюцца таксама палескія (заходнепалескія), або брэсцка-пінскія, гаворкі. Пауночна-ўсходні і паўднёва-заходні дыялекты разам з сярэднебеларускай групай мясцовых гаворак утвараюць асноўны масіў гаворак беларускай дыялектнай мовы. Палескія мясцовыя гаворкі з’яўляюцца перыферыйнымі. Гэта частка дыялектнай групы мясцовых гаворак беларуска-украінскага сумежжа. Этнагенетычныя групы мясцовых гаворак беларускай дыялектнай мовы папярэднічалі, відаць, фарміраванню яе асноўнага масіву і складанню яе ў цэлым пры фарміраванні сістэмы нацыянальнай мовы беларускага народа.
Культурна – гістарычныя еднасці, або групы мясцовых гаворак беларускай дыялектнай мовы, з’яўляюцца больш познімі ўтварэннямі. Гэта як бы вынік перагрупоўкі мясцовых гаворак па рысах аднолькавых, але набытых імі ў розных культурна-гістарычных умовах развіцця. Падобныя рысы ўзніклі або пашыраліся ў мясцовых гаворках пэўных тэрытарыяльных частак дыялектнай мовы незалежна ад іх этнагенетычнай прыналежнасці або ў працэсе іх узаемадзеяння і збліжэння ці ў сувязі з уплывам іншых моў. Гэтыя групы гаворак былі выяўлены адносна нядаўна на аснове матэрыялаў ДАБМ. У адпаведнаеці з імі мясцовыя гаворкі беларускай дыялектнай мовы (у межах Беларусі) утвараюць 5 асноўных культурна-гістарычных груп, якія, у адрозненне ад дыялектаў, былі названы дыялектнымі зонамі. Гэта паўночна-заходняя, паўднёва-ўсходняя, усходняя, заходняя і цэнтральная дыялектныя зоны. Заўважаюцца і некаторыя іншыя падобныя занальныя групы мясцовых гаворак, аднак у іх пэўнасці даследчыкі яшчэ канчаткова не пераканаліся.
Беларуская дыялектная мова выконвала і працягвае выконваць вельмі важную ролю ў складзе нацыянальнай мовы беларускага народа. На самым пачатку яго нацыянальнай гісторыі дыялектная мова, мясцовыя гаворкі былі адзіным уласна нацыянальным сродкам моўных зносін. Потым, у працэсе фарміравання сучаснай беларускай літаратурнай мовы, пэўныя групы мясцовых гаворак сталі асновай яе граматычнага ладу і фанетычнай сістэмы, найважнейшай крыніцай узбагачэння і развіцця лексічных і фразеалагічных сродкаў. Ва ўзаемаадносінах мясцовых гаворак і сучаснай беларускай літаратурнай мовы можна вызначыць некалькі этапаў.
Пачынальнікі беларускай мастацкай літаратуры і публіцыстыкі арыентаваліся ў сваёй пісьмовай моўнай дзейнасці на розныя гаворкі. “Я не сцясняю свайго дыялекту, ужываючы словы і звароты агульнабеларускія. Гэтак паступаючы, я кладу ў літаратуру свой прыродны дыялект беларускай мовы, даючы найлепшае з яго. У канцы невядома яшчэ, каторы дыялект беларускі пераможа” (Абуховіч А. Мемуары // Беларуская літаратура XIX стагоддзя: Хрэстаматыя. Мн., 1971. С. 291). Такой, можна сказаць, полідыялектнай была беларуская літаратурная мова на працягу ўсяго 19 стагоддзя.
Істотны ўплыў на фарміраванне граматыкі і лексікі беларускай літаратурнай мовы зрабілі мясцовыя гаворкі паўночна-заходняй дыялектнай зоны, калі цэнтрам беларускай нацыянальнай культуры, нацыянальна-вызваленчых і рэвалюцыйна-дэмакратычных ідэй была Вільня. Гэта быў бурны пачатак 20 стагоддзя, перыяд станаўлення беларускай літаратурнай мовы, стваральнікамі якой былі ў першую чаргу Янка Купала і Якуб Колас.
З прыходам у беларускую мастацкую літаратуру і публіцыстыку прадстаўнікоў мясцовых гаворак Цэнтральнай Беларусі больш уплывовымі, узорнымі робяцца іх гаворкі. Сталіцай Беларусі, цэнтрам развіцця беларускай нацыянальнай культуры стаў Мінск, дзе большасць дзеячаў беларускай літаратуры, культуры, дзяржаўных дзеячаў складалі прадстаўнікі мясцовых гаворак цэнтральнай дыялектнай зоны, якая і зрабілася асновай для выпрацоўкі норм літаратурнай мовы. Дыялектная неаднастайнасць цэнтральнай дыялектнай зоны, у склад якой уваходзяць часткамі мясцовыя гаворкі абодвух дыялектаў і сярэднебеларускай групы, ускладняла адназначнае вырашэнне пытанняў нормы беларускай літаратурнай мовы, абумоўлівала сутыкненне і канфрантацыю рознадыялектных асаблівасцей у літаратурнай арфаэпіі, граматыцы, слоўніку. Усходняя і заходняя часткі гэтай (цэнтральнай) дыялектнай зоны супрацьпастаўляюцца таксама як часткі ўсходняй і заходняй дыялектных зон, якія маюць некаторыя свае традыцыі ў культурна-гістарычнай арыентацыі, у тым ліку і моўнай. Аднак агульныя асаблівасці, характэрныя для ўсіх гаворак цэнтральнай дыялектнай зоны, сталі грунтоўнай асновай адзінства і самабытнасці сучаснай беларускай літаратурнай мовы.
У апошнія дзесяцігоддзі ў беларускай дыялектнай мове развіваюцца значныя дэструктыўныя працэсы, калі разбураюцца межы паміж групамі мясцовых гаворак, нівеліруюцца і страчваюцца іх асаблівасці, выпадаюць з ужытку і знікаюць з памяці людзей мясцовыя словы і выразы”.
Так і хочацца дадаць у працяг вядомы зварот Францішка Багушэвіча: “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!”.
Пагэтаму, даследаваць лінгвістычнае краязнаўства – моўную спадчыну – я вырашыў на Лідчыне, дзе размешчана мая родная вёска Крупава, адкуль сам родам і дзе жыву. Народамоўе вызначаецца мілагучнасцю, цеплынёй. Заўважыць гэтыя рысы можна ў націскным становішчы, пры сцяжэнні, пры спрашчэнні, у запазычванні з іншых моў: усё надае сваё значэнне. І не кожны можа зразумець таямнічы сэнс таго ці іншага слова, у прыватнасці гараджаніна. Для карэннага жыхара-крупаўчаніна яна свая, зразумелая. А для мяне, як даследчыка, – цікавая і прыцягальная. Мясцовую гаворку я пачаў вывучаць, слухаючы сваю маці: яна стала ў мяне ў якасці інфарманта. Ад яе час ад часу занатоўваў у сшытку цікавыя словы-таямніцы, прымаўкі, выслоўі, розныя параўнанні. І ўрэшце рэшт у мяне сабралася дыялектная падборка – падборка слоў і фразеалагізмаў, якія прапаную чытачам і наведвальнікам сайта Лідскага гісторыка-мастацкага музея.
Вянок народамоўнага багацця
Словы жывыя, народныя
У Крупаве родным сабраў.
Мову вяскоўцаў, фальклорную
Як спадчыну я захаваў.
Мой слоўнік – то шлях гістарычны,
У ім жыхароў моўны крок.
Мясцовы, надзвычай лексічны
Сабраны ў народны вянок.
Лексічныя дыялектызмы
АКУРЫ´НЫ, мн. Чорныя парэчкі. Пашлі пат куст, акурыны зьбіраць будзем.
БА´БІЧ, м. Бабнік. Ніводнай дзеўкі міма вачэй ні прапусьціць, такі ўжо бабіч.
БЕ´ЛЯНЫЯ, мн. Малочны суп з макаронамі. У сьпёку вельмі люблю паесьці беляных.
БУРДЫ´КСЦЬ, зак. Упасці, перакуліцца. Інцярэсна наблюдаць за ўнучкай: ступая, ступая, а пасьля бурдыксьць і сядзіць на жопцы.
ВА´ДЗІЦЦА, незак. Спрачацца, сварыцца. Чаго вы ўсё вадзіцеся, ні можаця спакайней пагаварыць?
ВАНГЕ´РКІ, мн. Гатунак сліў. Якія фкусныя вангеркі і пашці ні чарвівыя.
ВАТО´ЎКА, ж. Целагрэйка. У полі будзя зімна, ватоўку накінь.
ГАЛАДАМЕ´Р, м. Прагны да яды. Ну і галадамер, хібе ты месяц ні еў нічога?
ГУЗА´КА, ж. Клешч. А я думала што ў мяне некі нарыў, а эта гузака ўпілася.
ГУК, м. Некастрыраваны кабан, кныр. Гук загараду зламаў, трэба яму прыбіваць крэпкія доскі, бу як учуя, што да яго вядуць сьвіню, то тады дурэя.
ЖУ´ЖЛА, м. Жук. Кала леса заўсёды некія жужлы лятаюць.
ЗГІ´РДЗІЦЦА, зак., неадабр. Памерці. Шкада, канешна, мог бы яшчэ пажыць, а ён ужо згірдзіўся.
ЗГО´МГАЦЬ, зак. Змяць, сабраць абы-як. Любіш, кап у цябе было ўсё згомгана, а можна ш акуратней пакласьці.
ЗЯЛЕ´ПУХА, ж. Няспелы плод садавіны. Зноў зялепухі наеўся, будзяш ат іх лётаць.
ЗЯЛЕ´ПУХА, м. і ж., зневаж. Худы, кволы. Зялепуха ты, ідзі мяса паеш, а то схудаў – вецяр паваліць.
КАЛБАТУ´Н, м. Недаседжанае яйка. Ах, хвактуха зьляцела, каб толька калбатуны ні былі.
КАНЧА´Р, м. Кароткая баразна. З этага канчара і то больш бульбы выкапалі.
КІРНА´ТЫ, м., зневаж. Крываногі. Ён, пэўня, на сьвіне катаўся, бу кірнаты некі.
КУБА´РКА, ж. Невялічкая скрыначка для рознай дробязі. Гаспадар бачна нядрэнны, бу ў яго ўсё па полкам і па кубарках раскладзена.
КРАСНАГАЛО´ВІК, м. Падасінавік. І сама ні паверыла, што столька шмат краснагаловікаў набрала.
ЛІ´ХІ, прым. Левы, адваротны бок адзення. Зноў наскі на ліхі бок напяліў.
ЛУПЕ´НІКІ, мн. Маслякі. Вунь там, кала лесу, на ўзмешку пэўня будуць лупенікі, бу кожны гот там зьбірала.
МАРКА´ЛЬ, м. Баран. Не бойся, наш маркаль спакойны, біцца ні будзя.
МАРЫНА´РКА, ж. Пінжак. Надзень, Франачак, марынарку і вады каню занясі.
МАЧУ´ЛА, ж. Мокрае, нізкае месца. Такая мачула, што толька ў гумовых ботах хадзіць.
НАЛІВА´НКА, ж. Страва, начыненая бульбай з салам, спечаная ў свіным страўніку. Ну і смашна наліванка палучылася, пальчыкі абліжаш!
ПАГНО´ЙНІК, м. Шампіньён. Помню, як выганю кароў у поля, ту заўсёды прыпру пагнойнікаў, а мама ўжо тады варыць суп.
ПАМАЧУ´ШКА, ж. Падсмажаная страва з яек з дабаўленнем малака. Памачушка ўжо на стале, гарачая, бу толька зьняла с пліты.
ПАПІХА´ЙЛА, м. і ж., зневаж. Папіхач. Ён з маленства быў папіхайлам.
ПАСКРЭ´БАК, м., неадабр. Апошняе дзіця ў сям’і. Хоць і паскрэбак быў, але ўсё роўна атрымаў пороўну.
ПАСТАЯ´ЛКА, ж. Свежая смятана. Я ніколі ні чакала вячэры, бу хапала мне адной паесьці пастаялкі с хлебам.
ПАСЮ´ЛЯК, м., зневаж. Непрыстойны. Патбірай лепшыя слава пры разгаворы, пасюляк!
ПАХРАБУ´СТАЦЬ, зак. Пабіць штосьці. Няўдалы некі, ужо дзьве банкі пахрабустаў.
ПЭ´ТРАХІ, мн. Вантробы. Я думала, што зьесьць парсюка, бу як турзянуў, ту чуць пэтрахі ні пасыпаліся.
РАБА´К, м. Чарвяк. Дошч прашоў, такі велькі ўлупіў, што рабакі павылазілі.
РАСТАРМЭ´ХА, м. і ж., груб. Неахайны чалавек. Хоць прычашыся, а ту за сталом як растармэха будзяш.
РЫ´ЙКА, ж. Лыч. Скрабі, скрабі рыйку, я знаю што ты яе любіш.
СКУРАЛУ´П, м. Неахайны, неакуратны, які не беражэ адзенне. Жалка табе купляць нова адзеньне, бу ты скуралуп, усё роўна парвеш.
СЛУ´ЖКА, ж. Прылада для здымання ботаў. Бес слушкі я боты ні зніму, бу яны вельмі плотныя.
СМО´ЧАК, м. Пустышка, смактушка для дзяцей. Папяросы для цябе, пэўня, як для дзіцяці смочак, такія смашныя табе.
ФЭ´ЦКІ, прым. Прыгожы, удалы. Што тут казаць, бацька вун пьяніца, а сын зато які фэцкі.
ХЛЯ´БЫ, мн. Схуднелыя бакі. Эта карова ці галодна, ці хвора, бу ў яе хлябы тарчаць.
ЦЯГА´Ч, м., груб. Валацуга. І ні сядзіцца ёй у хаці, ну і цягач.
ЧАРАПА´ТЫ, прым. Брудны. Ну і ногі ў цябе чарапатыя, ідзі памый.
ЧАШЧЭ´ВІК, м. Падбярозавік. Гот ні грыбны, тры чашчэвікі найшоў і тыя няўдалыя, рабакамі сточаны.
ЧО´МХАЦЦА, незак. Чухацца. Чаго ты ўсё чомхаесься, хібя блохі завяліся?
ШВА´ЛКІ, мн. Грубыя нарэзаныя кавалкі сала. Крыся як нарэжа сала швалкамі, ту і есьці ніфайна.
ЯСЁ´НКА, ж. Асенняе паліто. Пахаладала, трэба ўжо ясёнку с каморы прыперці і класьці на плечы.
Фразеалагічныя дыялектызмы
АСТРОЎЛЯ ПЛАЧА п а к і м. Неадабр. Хто-небудзь нястрымны, нярвовы, запальчывы. Ну і што ты нарабіў, хіба мазгоў ні меў, а яшчэ і псіхуеш. Божа мой, дык па табе Астроўля плача. •Астроўля – вёска, у якой размешчана псіханеўралагічная бальніца горада Ліды).
ГЕРОЙ СВІНІ СТАРОЙ. Зневаж. Ганарысты. Такі ўжо выхваляка, найшоў чым выстаўляцца. Адным словам, гірой сьвіні старой.
ГЛУШЫЦЬ ТЫГРА. Сунімаць храп. Але і храпіць ён моцна, я хацела ўжо паднімацца і падушкай глушыць цігра.
ЗАБРАЦЬ У БОТЫ к а г о. Прызваць у войска. Ваньку ў боты ўчора забралі, кажуць, што будзя бліска служыць.
ЗАГНАЦЬ У БОТЫ к а г о. Стварыць для каго-небудзь фінансавыя цяжкасці. Слабы заробак у Стасюка, адны ўбыткі з гэтым рынкам: у боты загналі яго налагавікі.
ЗА НОЧ КОТ З’ЕСЦЬ І ВЯДРО МАЛАКА ВЫП’Е к а г о Непахв. Невысокі або худы чалавек. Кажыцца і есьць многа, больш за мяне, а ён усё худы. Яго за ноч кот зьесьць і вядро малака выпье.
З МУХАМІ. Позна вечарам. Сена вазілі дапазна, бу стаяла пагода. Хоць з мухамі, але ш сухое забралі.
З-ПАД СУЧКІ ЯЙКІ ДАСТАНЕ. Іран. Вельмі дасціпна. Наш Андрэй такі ўжо дасьціпны, што с-пат сучкі яйкі дастаня.
І КУРЫ НЕ ШЭПЧУЦЬ І САБАКІ НЕ БРАХАЛІ п р а к а г о. Пра каго-небудзь і гаворкі няма. І чаго ты адразу надуўся, ні пра цібе ш гаворым. Пра цібе ш і куры ні шэпчуць і сабакі ні брахалі.
І МУХА НЕ СЯДЗЕЛА н а ч ы м. Што-небудзь (адзенне) новае, чыстае. Касьцюм навюткі купіла. Прыгожы, нават і муха ні сядзела!
КАЗУ ДАІЦЬ. Застацца пасля ўрокаў за нявыкананае заданне на дадатковыя заняткі. Ціпер вас па галоўцы гладзяць вучыцеля, а раньша, калі ні выканаў заданьне, то пасля ўрокаў заставаліся казу даіць.
КАЛЕКА З ДВАЦЦАТАГА ВЕКА. Зневаж. Нязграбны. Я так і падумала што з рук выпадзя. Ну што зробіш: калека с двацатага века.
КУРАЧУ СЮСЮ І ТУ НЕ ЎСЮ. Вельмі мала, няпоўна, недакладна (ведаць што-небудзь). Ну і чаго ты лезяш у разгавор, ні ведаеш, так і маўчы. Ведаеш ты толька курачу сюсю і ту не ўсю.
ЛЫЧ ЗАЛІЦЬ. Груб. Напіцца, пахмяліцца. А яму больш нічога ні трэба: лыч зраньня залье і галава спакойная.
НЕ ЎСЕ Ў ХАЦЕ ў к а г о. Абразл. Хто-небудзь неразумны, дурнаваты. Не чапайце Гэльку, бу яна дурнавата. Кіня на вас камянь і атвячаць ні будзя, бу ў яе ні ўсе ў хаці.
ПАЛЯВАЯ ПОШТА. Неадабр. Пляткарка. Калі ня прыдзяш да яе, то ў хаці няма. Ходзіць усё с хаты ў хату – палявая пошта.
ПАЛЯЦ СМАКТАЦЬ. Заставацца без грашовых сродкаў. Думай пра большую зарплату, а ту ат гэтых вершаў ты будзіш толька паляц смактаць.
ПЕНЬ САБАЧЫ. Груб. Ні да чаго не здатны чалавек. Ужо ш такі нідарэчны, нязграбны, у руках ні патрымая, нагамі зачапляеца. Пень сабачы!
ПРАЙШЛА ЛЮБОЎ, ЗАВЯЛІ ПАМІДОРЫ. Гумар. Хто-небудзь пастарэў, страціў жыццёвую актыўнасць. Прайшлі ўжо тыя часы калі я магла куды высьці зь ім. Ух, прашла любоў, завялі памідоры!
ПУСЦІЦЬ ПЕЎНЯ ў ш т о. Спаліць што-небудзь (звычайна будынак). Што за галава ў яго, ні ведаю. Кажа што калі хата ягона ні будзя нікому патрэбна, то пусьціць пеўня ў яе.
ПЯСКОМ ПАХНЕ. Блізкі да смерці. Учора да Франака скорая помашч прыяжжала. Слабы ён ужэ, пяском пахня.
РУКІ НЕ З ТАГО МЕСЦА РАСТУЦЬ у к а г о. Зневаж. Хто-небудзь няўмелы, нязграбны. Што, ты ні такі як усе? Ні сможаш цьвік нават прыбіць? Што, рукі ні с таго места растуць?
У КАЗЕ ЗАСТАЦЦА. Іран. Застацца пасля ўрокаў за нявыкананае заданне на дадатковыя заняткі. А Сашку хоць і цяшка ўдавалася вучоба, але ён у хаці дапазна сядзеў за кнішкамі кап пасля ў школі ў казе ні застацца.
УСТАЦЬ НА НОГІ. Палепшыць, умацаваць сваё матэрыяльнае становішча. Парасят сдам, карова цялюка прывядзе, малако будзя, і думаю, што сумею ўстаць на ногі.
ЦІ РАДЗІВА СЛУХАЎ, ЦІ ГАЗЕТУ ЧЫТАЎ. Жарт.- іран. Вельмі мала, недастаткова (паесці). Слабы абет мне сгатавала на работу. Паеў – ці радзіва слухаў, ці газету чытаў.
ЧЫРВОНУЮ СТУЖКУ ЗРАБІЦЬ. Умярцвіць, забіць, зарэзаць, засекчы (пра жывёлу). Нешта курыца закульгала, кап толька ні сдохла. Трэба ёй чырвоную стушку зрабіць.
ШКЛЯНКІ ПАБІЦЬ. Упасці. Глядзі пат ногі, а ту зачэпісься і шклянкі пабьеш.
ЯК БАБА РАЖАНСКАЯ. Неадабр. Гаваркі, баўтлівы. Хоць ты яму рот закрывай, такі ўжо гавандульскі як баба ражанская. •Ражанка – вёска ў Шчучынскім раёне).
ЯК ВОЎК У ЛЕСЕ. Неадабр. Цалкам (застацца ў адзіноце, здзічэць). Жаніся, хоць сямья будзя, а ту здзічэяш як воўк у лесі.
ЯК ГОЛЫ ЖАНІЦЦА. Неадабр. Нястрымана, з няўхільным жаданнем (рабіць што-небудзь). Чаго ты прэсься не пачакаўшы астатніх, ляціш як голы жаніцца.
ЯК ЗАПАЛКІ ПАЗЫЧЫЦЬ. На некалькі хвілін, спешна, на кароткі час (зайсці). Застанься яшчэ на пару хвілін, а ту прыходзіш як запалкі пазычыць.
ЯК СВАТ НА ВАСЭЛІ. Неадабр. Бесклапотна, без справы, без занятку (сядзець). Як прыедзя да нас, ту і рукі да работы ні прытуліць, сядзя і сядзіць сабе рукі склаўшы як сват на васэлі.
ЯК ПАМЯЛО. Неадабр. Балбатлівы. Яго толька зачапі, то ён, як памяло, такога налапоча, што і сам ні разьбярэцца.
ЯК ТУЗ. Вельмі добра, у дастатку (жыць). Я табе казала што выбірай лепшую жонку, а ту жыў бы як тус.
ЯК У МЯШКУ ДЗІРАВЫМ. Неадабр. Безвынікова, няўдзячна. Раблю, раблю, а мне і дзякуй ніхто ні скажа за эта, усё дарэмна, як у мяшку дзіравым.
ЯК ФАРДУК. Асудж. Неахайным, непрыгожа апранутым (хадзіць). Адзенься акуратней, а ту як фардук лазіш.
ЯК ЧАРВЯКУ НА ВЯКУ. Іран. Вельмі добра і ўпершыню (пашанцавала). Няма чаго тут хвастацца, табе проста павязло як чарвяку на вяку.
Дарэчы, можна пазнаёміцца і з кніжным варыянтам дадзенай даследчай працы.
У 2012 годзе ў друк выйшаў зборнік навуковых артыкулаў да 100-годдзя з дня нараджэння Максіма Танка “ФІЛАЛАГІЧНАЕ КРАЯЗНАЎСТВА ГРОДЗЕНШЧЫНЫ (Матэрыялы і даследаванні)” ў выдавецтве ТАА “ЮрСаПрынт” горада Гродна пры Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь УА “Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы”.
У зборніку змяшчаюцца артыкулы, прысвечаныя асноўным кірункам філалагічнага краязнаўства Гродзеншчыны: літаратурнаму, лінгвістычнаму, фальклорнаму, лінгвакультуралагічнаму. Праводзяцца падборкі слоў, фразеалагізмаў, прыказак, мікратапонімаў, мянушак, прозвішчаў з розных рэгіёнаў Гродзеншчыны, фальклорныя легенды і паданні пра назвы вёсак і іншых геаграфічных аб’ектаў.
Адзін з раздзелаў – “Лінгвістычнае краязнаўства” змяшчае працу жыхара вёскі Крупава Лідскага раёна Алеся Хітруна пад назвай “Маці так гаворыць”, дзе асобна пададзены “Лексічныя дыялектызмы” і “Фразеалагічныя дыялектызмы”.
У свет выйшла ўсяго 99 экзэмпляраў дадзенага выдання, таму са згоды аўтара, навуковая распрацоўка змяшчалася ў “Лідскай газеце” ў новай рубрыцы “А маці мая так гаворыць” за 29 лістапада 2012 года ў №136 (12248), пад назвамі “Матчына мова” за 15 студзеня 2013 года ў №4 (12264) і за 8 чэрвеня 2013 года ў №62 (12322) і ў матэрыяле Аляксандра Мацулевіча “Мая моўная спадчына – на Лідчыне…” за 14 сакавіка 2013 года ў №28 (12288).
Трэба дапоўніць, што ў 2013 годзе ў друк выйшаў другі выпуск зборніка навуковых артыкулаў “ФІЛАЛАГІЧНАЕ КРАЯЗНАЎСТВА ГРОДЗЕНШЧЫНЫ (Матэрыялы і даследаванні)” ў выдавецтве ТАА “ЮрСаПрынт” горада Гродна пры Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь УА “Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы”.
Зборнік з’яўляецца чарговым выпускам выдання «Філалагічнае краязнаўства Гродзеншчыны (матэрыялы і даследаванні)», заснаванага ў 2012 годзе. У зборніку змяшчаюцца артыкулы, прысвечаныя асноўным кірункам філалагічнага краязнаўства Гродзеншчыны: лінгвістычнаму, літаратурнаму, фальклорнаму. Прыводзяцца тэарэтычныя даследаванні і падборкі слоў, фразеалагізмаў, прыказак, тапонімаў, імёнаў, мянушак, прозвішчаў з розных рэгіёнаў Гродзеншчыны, краязнаўчыя даследаванні пра пісьменнікаў Гродзеншчыны і пра творы пісьменнікаў, прысвечаныя Гродзеншчыне. Падаюцца фальклорныя запісы апошніх гадоў беларускіх казак, легендаў, паданняў, сказаў. Разлічана на мовазнаўцаў, літаратуразнаўцаў, фалькларыстаў, этнографаў, гісторыкаў, культуролагаў, студэнтаў, настаўнікаў, школьнікаў, усіх, хто цікавіцца родным словам, духоўнай культурай Гродзеншчыны.
У раздзеле “Лінгвістычнае краязнаўства” змяшчаюцца “Узоры гаворак Гродзеншчыны пачатку ХХІ стагоддзя”.
У дадзеным артыкуле прыводзяцца ўзоры жывога беларускага дыялектнага маўлення пачатку ХХІ стагоддзя. Запісы зроблены ад жыхароў асобных раёнаў Гродзенскай вобласці студэнтамі філалагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы ў перыяд з 2006 па 2011 гады. Збіранне фактычнага матэрыялу ажыццяўлялася пад кіраўніцтвам М.А. Даніловіча. Сістэматызацыя, канчатковая апрацоўка і падрыхтоўка тэкстаў да друку зроблены М.А. Даніловічам.
На здымку: З правага боку Алесь Хітрун – былы студэнт філалагічнага факультэта беларускага аддзялення Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы на кансультацыі па даследаванні дыялектаў Лідчыны. З левага боку – Мікалай Аляксандравіч Даніловіч – доктар філалагічных навук, прафесар кафедры беларускага і супастаўляльнага мовазнаўства Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Ніжэй падаецца даследчая праца, змешчаная ў выданні, жыхара Лідскага раёна з вёскі Крупава Алеся Хітруна – цяпер навуковага супрацоўніка Лідскага гісторыка-мастацкага музея.
Лідскі раён (аграгарадок Крупава)
Гэ́та было́ дзе́сьці ў со́рак трэ́цім го́дзе, а ўжо́ ў со́рак пя́тым не́мцы атступа́лі. Прыхо́дзілі даха́ты, прыхо́дзілі ўно́чы, прасі́лі е́сьці каб да́ць, але е́сьці то́лька хаце́лі кап са́ло, ну, кап чаго́ сма́шнаго ім да́ць пае́сьці. Ну то і дасі́, бо бая́ліся, каб не застрэ́лілі бы ніко́га, ну, пра́ўда, дава́лі ім пае́сьці. І адзі́н ра́с прыйшо́ў ра́няны не́мяц, пасту́каўся ё́н да на́с. Прыхо́дзіць, а ё́н ра́няны ў нагу́ ў кале́на, ну і дрыжы́ць, і хо́ладна яму́, і бо́льлю дрыжы́ць. Ну і пакармі́́лі мы́ яго́, акруці́лі яму́ ту́ю нагу́. Ну і трэ́ба ж яго́ вы́вясьці, правясьці́. Дзя́цька ў мяне́ бы́ў. А ё́н акру́жаны бы́ў, аружа́е ме́ў не́мяц. Правё́ў ё́н яго́ за сваю́ сядзі́бу ўжо, вы́няў патро́ны з гэ́тай стрэ́льбы і ўжо ка́жа яму́, а стрэ́льбу адда́ў яму́. А ё́н про́сіць, да́йце патро́н яму́. Ё́н, пра́ўда, да́ў яму́ ты́я патро́ны, а са́м бяго́м, бяго́м – і ўцё́к. А ё́н і не страля́ў, той не́мяц, але́ дайшо́ў там у ле́с і та́м памё́р у ле́се. Каза́лі, што памё́ршы ляжа́ў ужо то́й не́мяц, як атступа́лі яны́ ўсе́. А так як атступа́лі, то то́жа хадзі́лі да ру́скіх, мы та́м арэрэдро́м рабі́лі. Хадзі́лі мы́ да і́х, каб прыйшлі́, ну ба ра́ды няма́ ўно́чы, бо ўсё іду́ць і іду́ць, адны́я адыхо́дзяць – другі́я іду́ць. А мы́ так пры ле́се ўсе былі́, ну і прыйшлі́ ру́скія, зайшлі́ там, а не́мцы прыйшлі́ да на́с уно́чы. Ну, тут стаі́ць і гаво́рыць е́ты не́мец, а і́х там па́ра на падво́рку, му́сіць, былі́. А яны́ тратата́ – дава́й страля́ць у гэ́ты са́д і хо́ду, і яго́ на паро́зе ў ха́це забі́лі то́жа, як гэ́тыя не́мцы уцяка́лі. Адзі́н ра́з то́жа ў адну́ но́ч прыйшлі́ не́мцы, а яны́ дава́й страля́ць па і́х у жы́це, му́сі, пя́ць шту́к было́ забі́ля. Мы ́ўжо прыйшлі́ паглядзе́ць, пахава́ць гэ́тых не́мцаў. Та́м бы́ў са́т такі́, дзе́ ні́хто не жы́ў. Вы́капалі я́му. А та́м му́сіць два́ццаць шту́к не́мцаў іду́ць по́лем. Ка́жам, ну ўсё́ пры́йдуць, паглядзя́ць, што ту́т гэ́тыя -166- пабі́тыя, ну і пастраля́юць на́с, але дзя́куй Бо́гу, як ішлі́, то і пайшлі́, а мы́ гэ́тых не́мцаў закапа́лі. О́й, а та́к у вайну́ і ўсяго́ было. І па бе́днасьці і ру́скія хадзі́лі като́рыя былі́ адве́зеныя ад фро́нту, і дзе́ці хадзі́лі, і ба́бы хадзі́лі па бе́днасьці, каб да́ць ім што́.Тры́ сям’і́ гэ́тых ру́скіх да на́с былі́ прывё́сшы, а мне́ было́ тады́ гадо́ў шасна́сьця. Адзі́н мушчы́на бы́ў з гэ́тымі ба́бамі, но́гі былі́ такі́я адмё́ршыя былі́ но́гі, віда́ць, што, му́сі, п’я́ны бы́ў дзе не́калі, і па́льцаў не было́ вапшчэ́ на нага́х. По́тым яны́ ту́така хадзі́лі на за́рабаткі, рабі́лі. Купі́лі каня́, не купі́лі, а адда́ў мо́й дзе́д каня́, а і́м там адзі́н мушчы́на адда́ў там, то ко́лы зрабі́лі, во́з, і пае́халі на Расе́ю. Купі́лі тут каро́ву і мно́га і́х там, па́ра на во́зе пае́халі, астальны́я на по́язьдзе пае́халі на Расе́ю. По́мню, як та́м жылі́, то я́к хава́лі гэ́тых не́мцаў, то ўзялі́ былі́ бля́шкі гэ́такія напала́м паразло́мывалі і́х і ў дупло́ ўзя́лі палажы́лі. Лі́па была́ ве́лькая така́я, і мы́ ў гэ́тую лі́пу, і ка́жам, што, мо́жа, не́калі бу́дуць шука́ць і зно́йдуць. Але по́тым гэ́тую лі́пу сьпілава́лі, ко́рч гэ́ты вы́палілі, як мы́ вы́ехалі. Ужо́ і няма́ там нічо́га. А та́к мо́жа дзе хто́ і адзыўну́ўся п па гэ́тых намяра́х, але няма́ ўжо́, усё́ згарэ́ла, няма́ там нічо́га. Стра́шна было́ ў вайну. Каля Во́ранава кана́ва вы́капана, і та́м па́мятнік стаі́ць. Хава́лі там. Та́м мо́жа і тры́ста чалаве́к. Вы́капалі длі́нную я́му, станаві́ліся напро́ці я́мы і аўтама́тамі тратата́. Па́далі.
Хто жывы́ па́даў. Аж зямля́ ру́шылася, а по́тым прывязьлі́ і́зьвесьці машы́ну. Засы́палі іх, каб не пайшла́ зара́за ўся́ка. А яшчэ́ налью́ць бо́чку вады́. А воз на два ко́лы такі́, на яго́ ста́вяць бо́чку, на бо́чку паса́дзяць жыда́. А по́ўная бо́чка вады́. Жыды́ ця́гнуць за агло́блі мо́жа шасьцё́х гэ́тую бо́чку вады́, а гэ́ты сядзі́ць на вярху́ і бічо́м паганя́е іх, а не́мцы е́дуць на мато́цыку. І та́к зь Беняко́ней да Во́ранава гэ́так двана́сьця кіламе́траў. Гэ́та ж зайдзі́ пяшко́м і цягні́ яшчэ́ за сабо́й бо́чку. Ой, ізьдзява́ліся не́мцы, не дай Бох.
М.А. Дашкевіч, 1927 г. н.
Запісаў А.Ч. Хітрун у в. Крупава, 2008 г.
PS: Над дыялектамі Лідчыны грунтоўна яшчэ ніхто не працаваў. Так што, праца яшчэ будзе мець працяг.
Алесь Хітрун,
навуковы супрацоўнік літаратурнага аддзела
Лідскага гісторыка-мастацкага музея.