ДУ «Лідскі гісторыка-мастацкі музей» у сваёй дзейнасці кіруецца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб культуры, Статутам, іншымі нарматыўнымі актамі.
Заканадаўства ў сферы культуры
Галоўнай задачай музея з’яўляецца выяўленне, камплектаванне, улік, захаванне, вывучэнне і папулярызацыя культурных каштоўнасцей у мэтах забеспячэння агульнадаступнасці культурных каштоўнасцей і сусветнай культуры, выкарыстанне іх для інтэлектуальнага і культурнага развіцця грамадства, уключаючы распаўсюджванне звестак аб навакольным асяроддзі, гісторыі, культуры.
Музейная справа Лідчыны мае цікавую гісторыю. Спроб адкрыцця музея ў Лідзе было некалькі. 28 мая 1939 года ў горадзе адбылося адкрыццё музейнага цэнтра гарадскога аддзела Польскага Краязнаўчага Таварыства. Будынак быў асвечаны ксяндзом Іпалітам Баярунцам. Прэзідэнт Лідскага аддзела Польскага Краязнаўчага Таварыства Юзэф Дзічканец прачытаў лекцыю пра задачы краязнаўчага грамадства і быў падпісаны акт адкрыцця цэнтра, які з’явіўся асновай для будучага музея Лідскай зямлі. Другі раз музей быў адкрыты 22 студзеня 1941 года. Гэта падзея нават была абнародавана ў газеце “Уперад”. На адкрыццё прыйшло каля 300 чалавек. Будынак музея размяшчаўся па вуліцы Ленінскай (цяпер там размяшчаецца крама “Ластаўка”).
Па ўспамінах старажылаў, каля ўваходу ў музей былі ўсталяваныя дзве бронзавыя гарматы. У час вайны будынак згарэў, а экспанаты былі разрабаваны.
24 красавіка 1959 года музей адкрываецца ў трэці раз. Цалкам пад музей быў выдзелены будынак былога Піярскага касцёла па вуліцы Савецкай. Дырэктарам музея быў прызначаны былы партызан Яўген Шуціла. Першымі музейнымі экспанатамі сталі 5 нумароў ваеннай газеты “Уперад” і ўлёткў 1944 года, перададзеныя рэдактарам газеты “Уперад” Ю. Драгуном. Аснову фалірыстычнай калекцыі заклаў Станіслаў Шут, які падарыў музею свой ордэн Вялікай Айчыннай Вайны I ступені. Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей перадаў калекцыю зброі, чучалы жывёл. Паступілі ў фонды прадметы з Ленінградскага артылерыйскага музея (цяпер ВГМАІВіВС): стрэльбы, шашкі, кулямёты “Люіса”, “Максім”. У музеі праводзіліся экскурсіі, піянерскія зборы, сустрэчы з вядомымі людзьмі Лідчыны. Да 1964 года музей быў размешчаны ў цэнтральнай частцы былога храма, а потым пераведзены ў двухпавярховую прыбудову. У цэнтральнай частцы будынка ў лістападзе 1964 года быў адкрыты планетарый.
У 1967 годзе адкрыта першая пастаянная экспазіцыя аддзела савецкага перыяду. У 1970 адкрыта экспазіцыя аддзела прыроды і гісторыі дасавецкага перыяду.
Вялася вялікая навукова-даследчая і пошукавая праца. Былі сабраны матэрыялы пра Лідскае падполле, даследавалася тэма грамадзянскай вайны і гісторыя прадпрыемстваў краю. У 90-я гады музей быў пераведзены з будынка храма ў былы Дом сямейных урачыстасцяў. У 2000 годзе Лідскі краязнаўчы музей і мастацкая галерэя “Лідзея” былі аб’яднаны ў адну ўстанову культуры – Лідскі гісторыка-мастацкі музей. Доўгі час музейныя супрацоўнікі праводзілі мерапрыемствы за сценамі музея. Быў арганізаваны цыкл мерапрыемстваў “Дзень музея ў школе”, вулічныя вернісажы, выставы аднаго дня і прадмета.
Звязана было гэта з адсутнасцю экспазіцыйных плошчаў для наведвання. Амаль 10 гадоў у памяшканні вяліся будаўнічыя работы. У гэтыя гады вялася вялікая праца па даследаванні гісторыі краю, назапашваліся матэрыялы па храналогіі Лідчыны. Рашэннем Лідскага раённага выканаўчага камітэта ад 31.03.2006 №248 была створана Дзяржаўная Установа “Лідскі гісторыка-мастацкі музей”. 8 кастрычніка 2008 гада музей быў адкрыты для наведвання. Створана пастаянная экспазіцыя “Прырода Лідчыны”. Наведвальнікам былі прапанаваны зменныя выставы, якія пазнаёмілі іх з гісторыяй краю, лёсам людзей, творчасцю мясцовых мастакоў.
Музейны збор складаецца з 25 музейных калекцый і складае сёння больш за 40 000 адзінак асноўнага фонду і больш за 5 000 навукова-дапаможнага. Выклікае цікавасць калекцыя археалогіі, якая сфармавалася ў выніку раскопак на тэрыторыі Лідскага раёна і налічвае больш за 18 000 адзінак. Нумізматычная калекцыя пачынае фармавацца з 1959 года і на дадзены момант змяшчае каля 3 000 адзінак захоўвання: соліды, талеры, злотыя, драбяза, капейкі, рублі, пфенігі і многае іншае. Асаблівую нумізматычную цікавасць уяўляе скарб, знойдзены падчас будаўніцтва цяперашняга музычнага вучылішча на месцы былога кляштара Ордэна Кармелітаў. Багатая і калекцыя прадметаў побыту, якая ўключае ў сабе прадметы асабістага і хатняга карыстання, прадметы інтэр’еру, посуд, цацкі і многае іншае.
Калектыў музея працягвае працаваць над фарміраваннем калекцый і вядзе збор матэрыялаў, неабходных, у асноўным, для пабудовы пастаяных экспазіцый гісторыі і мастацтва.
Вядзецца праца па стварэнні канцэпцыі будучай экспазіцыі гістарычнага аддзела. Галоўная мэта будучай гістарычнай экспазіцыі – адлюстраванне гістарычнага працэсу развіцця Лідчыны ад каменнага веку да веку інфармацыйных тэхналогій.
У музеі ідзе распрацоўка і ўкараненне нетрадыцыйных і інавацыйных форм работы з наведвальнікамі. Сярод іх і цыклы разавых мерапрыемстваў, і абрадавыя святы, і канцэрты-прэзентацыі музычных альбомаў мясцовых выканаўцаў, і літаратурна-музычныя вечары, і пленэры для вучняў школ з мастацкім ухілам.
Калектыў музея пастаянна знаходзіцца ў пошуках новых форм працы ў музейнай прасторы.
22 верасня 2010 года адбылося адкрыццё літаратурнага аддзела Лідскага гісторыка-мастацкага музея і мемарыяльнага пакоя паэта Валянціна Таўлая падчас рэспубліканскага свята «Дажынкі».
У снежні 2017 года была адкрыта выставачная экспазіцыя «Лідскі замак. Гістарычныя падзеі і постаці» ў паўночна-ўсходняй вежы Лідскага замка.
3 ліпеня 2020 г. у адрэстаўраванай паўднёва-заходняй вежы Лідскага замка адкрылася новая музейная экспазіцыя «Старонкі гісторыі. Пекла XIV стагоддзя…».