Site icon Лидский музей

Вежа жонкі Гедыміна

З успамінаў Аксючыца Пятра Рыгоравіча, 1959 г. н.

Падчас правядзення рыцарскага турніру ў Лідскім замку 2 верасня 2023г., калі горад святкаваў сваё 700-годдзе, наш замак наведаў Аксючыц П. Р., які быў адным з першых, хто прымаў удзел у раскопках Лідскага замка ў 1977 г. Госць быў прыемна ўражаны рэзультатам працы па рэстаўрацыі і рэканструкцыі замка.

Аксючыц Пётр Рыгоравіч (у цэнтры) з дачкой і зяцем наведаў рыцарскі турнір у Лідскім замку 2 верасня 2023г. [Фота з асабістага архіва Казыра Т. С.]

Я прыехаў у Ліду ў канцы чэрвеня 1977 г. ў складзе будатрада, набранага са студэнтаў I курса гістарычнага факультэта. Работы пачаліся каля ўсходняй сцяны, прыкладна пасярэдзіне яе. У пачатку жніўня было прынята рашэнне правесці раскопкі  паўночна-ўсходняга вугла замка. На гэтым месцы ўзвышаўся бясформенны вялікі груд, увесь зарослы хмызняком і пустазеллем. Меркавалася, што на гэтым месцы ляжыць проста груда камянёў ад разваленай сцяны, але, па меры раскопак і вынасу смецця (а яго апынулася не адна тона – зямлі і камянёў) з’явіліся абрысы нейкага памяшкання. Да нашага здзіўлення гэта быў нядрэнна ўцалелы падмурак вежы!

Аксючыц П. Р. на раскопках у Лідскім замку,чэрвень 1977г. [Фота з асабістага архіва Аксючыца П. Р.]
Нам шанцавала, надвор’е ўвесь час было добрым і не ўплывала на нашу працу. Моцныя эмоцыі выклікала, калі пасля зняцця культурнага пласта знаходзілі якія-небудзь фрагменты керамікі, наканечнікі стрэл – словам, усё тое, што дае магчымасць дакрануцца да гісторыі нашых продкаў.

У працэсе далейшых раскопак на гэтым месцы былі знойдзены рэшткі прадметаў хатняга ўжытку і шматлікіх жаночых упрыгожванняў (бусы, бранзалеты, заколкі, грабеньчыкі). З-за гэтага мы палічылі, што вежа выкарыстоўвалася жаночай паловай гаспадароў замка і сталі называць яе «вежа жонкі Гедыміна». Тут жа было знойдзена вялікае каменнае ядро. Дарэчы, камень быў так гладка і акуратна абчэсаны, што яго прызначэнне не выклікала сумненняў.  Гэта ядро адкапаў я, і жартам яно было названа маім імем.

Знаходкі ў Лідскім замку, чэрвень 1977. [Фота з асабістага архіва Аксючыца П. Р.]
У нашым атрадзе было 25 чалавек, сярод іх 4 дзяўчыны. Праца была фізічна цяжкая. Вага вынесенага грунта і валуноў вызначалася не адным дзясяткам тон, таму нашы дзяўчынкі вялі вопісы археалагічных знаходак, групавалі іх. Нашым атрадам кіраваў Іван Кляшчоў, самы старэйшы па ўзросце сярод аднакурснікаў. Пасля ён перавёўся на завочнае аддзяленне і працаваў у адміністрацыйных структурах рэспублікі. Мая ж пасада падчас раскопак – інжынер па тэхніцы бяспекі. Перад выхадам на аб’ект я праводзіў інструктаж па тэхніцы бяспекі, а ў астатнім працаваў як і ўсе.

Жылі мы падчас раскопак у інтэрнаце тэхнікума, побач з замкам. Адзіны выходны быў у нядзелю, і мы стараліся правесці яго як мага цікавей. Ладзілі канцэрты на лідскіх прадпрыемствах. Запомніўся цёплы прыём на машынабудаўнічым заводзе (Лідсельмаш, мабыць), і піўзаводзе, дзе нам наладзілі эскурсію і пачаставалі свежазвараным півам.

Памятаю таксама нашу паездку ў Троцкі замак. Нас тады ўразіла яго рэстаўрацыя, і адначасова зарадзілася надзея, што Лідскі замак таксама калісьці будзе такім.

Эмблема, якая нашывалася на спецадзенне студэнта будатрада падчас раскопак 1977 г. Захоўваеййа ў фондах Лідскага музея

Раскопкі паўночна-ўсходняга вугла Лідскага замка, чэрвень 1977 г. [Фота з асабістага архіва Аксючыца П. Р.]
Студэнты будатрада пішуць пра Лідскі замак. [Фота з асабістага архіва Аксючыца П. Р.]
Лідскі замак у той час рабіў гнятлівае ўражанне. Было сумна глядзець, як пасярод уражлівых старажытных сцен замка на зарослай пустазеллем зямлі пасвіліся козы, цяляты, куры. Было шмат побытавага смецця і слядоў ад пікнікоў “бамжоў”.
Наогул гэта было поўнае запусценне. Па версе сцен і ў іх расколінах раслі кусты, а побач ляжалі камяні, якія выпалі. Паўночна-ўсходні вугал быў з аднаго боку заложаны каменным 2-хметровым мурам, а з другога боку – сілікатнай белай цэглай. Такім чынам гэта мацаванне замыкала абедзве сцяны па перыметры і абмяжоўвала ўваход у замак з розных бакоў.

У тым жа годзе, да Ліды, наш атрад працаваў на раскопках старажытнага замчышча на беразе Дняпра ў Глыбоцкім раёне. А пазней, амаль тым жа складам, толькі пад іншай назвай, мы працавалі на будаўніцтве 4-га калійнага камбіната ў Салігорску (1978 г.) і двойчы на ​​БАМе (1979 г., 1980 г.). Тады кіраваў будатрадам, дарэчы, я. І за актыўны ўдзел у будатрадаўскім студэнцкім руху быў узнагароджаны ў 1980 г. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Пасля я год працаваў ва ўніверсітэце на кафедры найноўшай гісторыі, пасля служыў з 1982 г. па 2005 г. у КДБ.

VKFacebookOdnoklassnikiViberCopy LinkTelegram
Exit mobile version