Жыццё тут і цяпер…
З 3 снежня 2020 года ў Міжнародны дзень інвалідаў у сценах Дома Валянціна Таўлая пачаў працу інклюзіўны праект “Перадай дабро па крузе”, у якім задзейнічаны людзі з абмежаванымі магчымасцямі. У рамках праекта тут праводзяцца сустрэчы з такімі прадстаўнікамі, менавіта з людзьмі, у якіх праяўлены творчыя здольнасці. А гэта пісьменнікі, музыканты, мастакі, артысты, майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якія хоць нявольныя ў рухах, з пэўнымі захворваннямі, з абмежаванасцямі ў здароўі, але з багатым унутраным светам і з мноствам захапленняў, заняткаў па душы і добрых спраў. Іх у Лідзе нямала. Прыхільнікі і наведвальнікі дома паэта з імі ўжо знаёмы. Між іншым, у Доме-музеі пануе добрая атмасфера, гучаць добрыя словы, сюды прыязджаюць добрыя людзі і тут жыў таксама добры чалавек – паэт Валянцін Таўлай, які любіў людзей, а людзі паважалі яго. Такім спосабам было вырашана стварыць светлую пляцоўку, на якой кожны з іх можа разгарнуць сябе, перадаць эстафету наступнаму чалавеку, якая стане яму за радасць і магчымасцю яшчэ раз выказаць сваё ўнутранае «Я» у творчасці.
Пачатак 2022 года стаў вызначальным і паказальным у правядзенні інклюзіўнага праекта. 10 лютага ў Рэспубліканскім конкурсе культурных праектаў патрыятычнай тэматыкі ў намінацыі “Лепшы інтэрактыўны музейны праект для спецыяльных аудыторый або інклюзіўны праект” “Лідскі гісторыка-мастацкі музей” атрымаў перамогу за інклюзіўны праект “Перадай дабро па крузе…”, які праводзіцца на базе Дома Валянціна Таўлая.
Гэтая ўзнагарода яшчэ больш натхніла супрацоўнікаў Дома-музея і дала далейшы штуршок у працягванні праекта, але ўжо з новым “выставачным” сезонам. За гэты час было арганізавана 7 выстаў, на якіх наведвальнікі пазнаёміліся з такімі відамі работ, якія выкананы ў тэхніцы стрынг-арт, кінусайга, фаамірана і фетра, вышыўка бісерам, крыжыкам, гладдзю, змешаная тэхніка, графіка, мягкія цацкі, разьба па дрэве і інш., тут прадстаўлена выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Прыхільнікі праекта чулі цікавыя гісторыі, зрэзы з жыцця гэтых прадстаўнікоў. Былі прадэманстраваны канцэртныя выступленні, гучалі вершы, песні.
Такім чынам ужо звыш чатырох гадоў у Доме Валянціна Таўлая Лідскага гісторыка-мастацкага музея працуе праект, першай ластаўкай якога стала Ганна Брэйва. Пазней далейшымі эстафетчыкамі дабра сталі: Ганна Брэйва, Алеся Лянцэвіч, Вольга Мікша, маці і дачка Ала і Марына Кулеш, Сяргей Пачабут і Вера Саннікава, Дзмітрый Федчэнка, Дзяніс Бубноўскі і Надзея Санкевіч, Анастасія Лянцэвіч, Максім Бацкалевіч, Віктар Івулін.
Праект для спецыяльных аўдыторый (інклюзіўны праект) “Перадай дабро па крузе” доўгатэрміновы. Ён ужо знайшоў свайго ўдзячнага наведвальніка. А партнёры мерапрыемстваў – прадстаўнікі аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў ДУ “Лідскі раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва” гарадоў Ліды і Бярозаўка, Лідскай раённай арганізацыі ГА “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку”, лідскай аб’яднанай арганізацыі ГА “Беларускае таварыства інвалідаў” прапаноўваюць новыя сустрэчы з творчымі людзьмі з інваліднасцю. Такім чынам, цеснае сяброўства з імі стала свайго роду сяброўскім, аб’яднаным адной мэтай – дарыць радасць і перадаваць дабро па крузе прадстаўнікам з абмежаванымі магчымасцямі.
І вось у пачатку красавіка эстафета перададзена была Брушкову Цімафею. Менавіта Цімафей працягнуў праект, які, між іншым, крышку зменіць фармат яго правядзення. З выставы, якая была адкрыта пад назвай “Чароўнае мастацтва незвычайнага хлопчыка”, распачнецца знаёмства з творчасцю прадстаўнікоў маладога пакалення, якія свае здольнасці праяўляюць у школьных кружках, на занятках па дэкаратыўна-прыкладному і выяўленчаму мастацтву і інш.
У дзень адкрыцця выставы прыйшлі бацькі Цімафея – мама Ірына Іосіфаўна і тата Ігар Георгіевіч Брушковы. З іх вуснаў стала вядома, калі хлопчыку споўнілася 10 год, урачы паставілі яму дыягназ – мукаполіцукрыдоз ІІІ-В (сіндром Санфіліпа). Гэтае захворванне патрабуе асаблівай заботы і цярпення ад бацькоў і самога Цімафея. Бацькі са свайго боку падтрымліваюць сына ў любых занятках і справах, за якія ён бярэцца з радасцю.
Навука тлумачыць:
Мукаполіцукрыдоз ІІІ-В (MPS, сіндром Санфіліпа, дзіцячая хвароба Альцгеймера) – лізасомныя хвароба назапашвання. Калі ў дзіцяці адно з гэтых генетычных захворванняў, лізасомы яго клетак не функцыянуюць належным чынам. Лізасомы клетак дапамагаюць перапрацоўваць цукар і халестэрын, каб арганізм мог іх выкарыстоўваць. Калі лізасомы не працуюць належным чынам, замест гэтага пажыўныя рэчывы назапашваюцца ўнутры клетак. Гэта прыводзіць да таго, што клеткі пачынаюць працаваць са збоямі і ў канчатковым выніку адміраюць. У выпадку МPS гэтая гібель клетак уплывае на памяць і іншыя функцыі мозгу. Дзеці з такім захворваннем могуць мець: бессань, гіперактыўнасць, грубыя валасы, вялікія лбы, праблемы ў паводзінах, праблемы са страваваннем. Гэты тып дзіцячай хваробы Альцгеймера абумоўлены генетыкай. Дзіця атрымлівае ў спадчыну гэтае захворванне, калі абодва бацькі з’яўляюцца носьбітамі гена. Такія дзеці маюць 1 з 4 шанцаў на развіццё гэтага захворвання. Бацькі перадаюць у спадчыну гены, якія не здольныя вырабляць правільны бялок, неабходны клеткам для працы. Калі лізасомы клетак не могуць працаваць належным чынам, арганізм не можа вырабляць іншыя рэчывы, неабходныя для нармальнага функцыянавання. Урэшце рэшт, у клетках хворага дзіцяці назапашваюцца тлушчы, халестэрын ці цукры. Гэта прыводзіць да пагаршэння працы мозга і органаў. Сярэдняя працягласць жыцця дзяцей з такім тыпам складае ад 15 да 20 гадоў. Нажаль, незалежна ад таго, калі з’яўляюцца сімптомы, лекаў ад дзіцячай хваробы Альцгеймера не існуе. Прыблізная частата захворвання складае 1: 200 000 нованароджаных.
На мерапрыемства завіталі сябры Цімафея – дзеці з рознымі захворваннямі разам з мамамі. Сярод іх – настаўнік-дэфектолаг Чэкан Ганна Іосіфаўна – першая выхавальніца Цімафея з дзіцячага садка № 35, а таксама мастацкі кіраўнік інклюзіўнага тэатра “Церамок” Лідскага раённага цэнтра дзяцей і моладзі Шарлан Аліна Юзэфаўна. Ад іх гучалі добрыя і цёплыя словы ў адрас Цімафея і яго бацькоў. А Конан Ірына Іосіфаўна – адміністратар інтэрнет-суполкі “Дзеці як дзеці” для бацькоў дзяцей з асаблівасцямі развіцця прапанавала працягнуць праект. Яна зазначыла, што ў далейшым у Доме Валянціна Таўлая будзе перададзена эстафета іншым такім жа прадстаўнікам, у якіх таксама пануе багатая невычэрпная творчая прастора. Так што, у хуткім будучым можна будзе пазнаёміцца з новымі работамі чарговага эстафетчыка дабра.
З задавальненнем прысутныя наведалі выстаўку, парадаваліся здольнасцямі чарговага эстафетчыка дабра. На ёй Цімафей прадаставіў свае работы, выкананыя ў розных тэхніках. Напрыклад, на выставе знайшлі месца вышытыя бісерам работы пад назвай “Акварыум”, “Вербніца”, “Цудоўны кут кветак”, вышытыя на тканінах – “У заснежаных краях”, “Суквецце” і нават калекцыя мягкіх падушак, названая “Прыемны адпачынак”. Тут знаходзяцца і мягкія цацкі, сярод якіх герой Вудзі з мультфільма “Гісторыя цацак”, абярэг “Здароўе”, “Лялькі-гулялькі”, кампазіцыя “Час казачных гісторый”. Разам з тым, упершыню тут, у Доме Таўлая, можна пабачыць вырабы з салёнага цеста з назвамі “Асенні настрой”, “Калядная ёлка”, “Велікодная кампазіцыя”. Трэба зазначыць, што гэтыя работы былі выкананы на розных кружках, у якіх актыўна прымае Цімафей. У гэтай справе яму паспрыялі настаўнікі Ганевіч Святлана Мікалаеўна, Пашкевіч Ларыса Жоржаўна, Ляпеша Алена Станіславаўна з ДУА “Лідскі раённы цэнтра дзяцей і моладзі”, Вансевіч Яніна Іосіфаўна з ДУА “Сярэдняя школа №17 г.Ліды”.
Назва выставы падразумевае працу незвычайнага маладога чалавека, які знайшоў сябе ў жыцці і стварае прадметы, якія ўражваюць сваёй падачай і формай. У кожную працу аўтар работ закладвае часцінкі радасці, якія напоўненыя святлом і дабром. Выстаўка падкрэслівае, што прыхільнасць да сваёй справы і настойлівасць могуць ствараць цуды.
А што нам вядома пра героя прадстаўленых работ!?
Цімафей нарадзіўся 30 лістапада 2010 года ў горадзе Ліда. Хлопчык вучыцца ў 7 “г” класе СШ №17. З дзяцінства займаўся тры гады баскетболам, потым знайшоў для сябе цікавы занятак – вышыўку і бісерапляценне. Нягледзячы на тое, што гэты від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва патрабуе цярпення і ўвагі, яму падабаецца з дробных пацерак ствараць прыгожыя ўзоры і асобныя прыгажосці, а з каляровых нітак бачыць як ствараецца сапраўдны твор мастацтва. Акрамя гэтага віда дзейнасці, Цімафей наведвае шматлікія кружкі. Ужо два гады займаецца ў інклюзіўным тэатры “Церамок”, які праходзіць у Лідскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. Тут ён з камандай ставіць розныя спектаклі і казкі, у якіх яму падабаецца пераўвасабляецца ў іншага персанажа. У 2003 годзе ўвесь калектыў заняў І месца на конкурсе “Беларускія таленты” у намінацыі “Тэатральнае мастацтва”.
У інклюзіўным харэаграфічным калектыве, які працуе ў Палацы культуры горада Ліды, Цімафею дапамагаюць музыка і рух для праяўлення сваіх эмоцый. Адным з любімых заняткаў – гэта кружок “Майстэрня цацак”, дзе падчас яе вырабу рукамі юнака кавалак тканіны пераўтвараецца ў цёплую і ўтульную цацку, якую ён з задавальненнем дорыць сваім сябрам ці родным.
У 2024 годзе ўдзельнічаў ў абласным конкурсе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Калядная зорка”, у якім заняў І месца ў намінацыі “Сувенір-падарунак” і ІІІ месца ў намінацыі “Ёлачная цацка”. Разам з тым, Цімафей заняў ІІІ месца на раённым этапе конкурса “Сямейны абярэг”.
Цімафей – памочнік бацькоў. На дачы дапамагае маме Ірыне ў садаводстве. З татам Ігарам любіць парыбачыць. А ў вольным часе катаецца на веласіпедзе па лясных дарожках.
Цімафей верыць, што няма нічога немагчымага , калі верыць ў сябе і ісці ўперад. Гісторыя поспеха Цімафея – гэта гісторыя пра тое, як важна любіць тое, што ты робіш, і не баяцца марыць.
Алесь Хітрун,
навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея



























