Па заканчэнні Пятроўскага посту на стале з’яўлялася малако, смятана, масла, сыр.Сытная ежа была дарэчы, бо распачынаўся важны цыкл сельскагаспадарчых работ у жыцці нашых продкаў: касьба, а пасля жніво. Вялікую ўвагу надавалі падрыхтоўцы прыладаў працы: кос, грабляў, вілаў, сярпоў, цэпаў і інш. Зараня клапаціліся і наконт талакі – добрага звычаю нашых продкаў бескарыснай дапамогі аднавяскоўцам.
І вось зажата вузенькая палоска жыта. Цяпер ад рання да позняга вечара кланяліся ніўцы жнеі.
Зажынкі. Дажынкі. Багач. За гэтымі абрадавымі святамі – цяжкая праца, дамовы з духамі і сіламі прыроды, якія паспрыяюць добраму ўраджаю. І, канечне ж,чаканне найважнейшай узнагароды – свежага духмянага хлеба. Відаць, гэта давала сілы селяніну, каб рэхам разносіўся стук цэпа аб снапы, каб з лёгкасцю круціліся жорны. Хлебная дзяжа на покуці чакала свайго часу, а ў “бабіным куце” – хлебная лапата, на якой “садзілі” ў печ сфармаванае ў круглыя боханы цеста. Прыціскаючы да грудзей бохан свежаспечанага хлеба, адразаў гаспадар над сталом скібу і падбіраў кожную крошачку. Была гэта не сквапнасць, а глыбокая павага селяніна да поля, да хлеба, да чалавека-працаўніка.