З успамінаў Трусава Алега Анатольевіча, 1954 г. н.
18 жніўня 2023 г., падчас адкрыцця выставы “Скарбы археалогіі”, была арганізавана сустрэча з археолагам, гісторыкам беларускай архітэктуры, які на парацягу 1977-1978 гг., 1980 г., 1985 г. займаўся даследаваннем Лідскага замка. Вельмі цікава было слухаць легендарнага чалавека.
Традыцыя пасвячэння ў археолагі пачалася з Ліды
Упершыню я сюды прыехаў у верасні 1976 г. разам з Багласавым С. Паўстала пытанне, дзе ўзяць людзей на раскопкі. Далі нам вучняў старэйшых класаў (з дзецьмі тут капаў яшчэ Ткачоў М.). Капаць было немагчыма, усюды камень. Дзеці пакапалі тры дні і ўцяклі. Тады я зразумеў, што з дзецьмі нічога не зробіш. І вырашылі мы стварыць першы ў БССР будаўнічы атрад. Для арганізацыі раскопак у Лідскім замку ў 1977 г. было прынята рашэнне стварыць будаўнічы атрад імя Пічэты (першага рэктара БДУ). Бралі туды толькі мужчын, бо праца была цяжкая. Жадаючых было многа – добра плацілі. У 1977 г. тут працавала больш трыццаці чалавек. Тры дзяўчыны памагалі мне мыць знаходкі. Сабранае каменне мы складалі, каб потым прымяніць на рэстаўрацыйных работах. Мы вярталі тое, што калісьці звалілася са сцен.
Традыцыя адзначаць Дзень археолага ў Беларусі таксама пачалася з Ліды. Пасвячэнне ў археолагі праходзіла праз цалаванне корда. У ваколіцах Ліды студэнты знайшлі корд, адзіны на ўсю Беларусь тады і сёння, які я перадаў на захаванне ў Лідскі музей.
“У 1977 годзе ў ваколіцах Ліды падчас меліярацыйных работ знойдзены кароткі лёгкі меч – корд – даўжынёй каля метра. Датуецца ён ХV стагоддзем. Зараз экспануецца ў Лідскім краязнаўчым музеі. На яго лязе ёсць два кляймы: г. Пасаў – “воўк” і крыжык на дузе. Хутчэй за ўсё меч паходзіць з Германіі, бо такія знакі, як пасаўскі “воўк”, сустракаюцца на зброі з тагачасных нямецкіх гарадоў. Падобнае кляймо стаіць на мячы пскоўскага князя Даўмонта. Корд знайшлі студэнты будатрада Гарадзенскага медінстытута і перадалі будатраду БДУ імя Пічэты, які вёў раскопкі замка”. [Трусаў, А. А. Мінулае і сучаснасць Лідскага замка // Лідскі летапісец. – 2007. – №2(38). – С. 18]
Сярод цікавых знаходак можна выдзеліць шахматную фігурку (ладдзю XIV- XVI стст.). Падобная – адзіная на тэрыторыі былога савецкага саюза. І пра яе пісалі нават у Маскве.
Паветраны ход
Прыходзіў да мяне адзін дзядок, які расказваў пра падземны ход у Лідскім замку. Казаў, што ў дзяцінстве ён лазіў па гэтаму ходу. Капаем мы, капаем. Адну вежу раскапалі, другую – няма ніякіх хадоў. Але потым аказалася, што быў ход, але не падземны, а паветраны. Ён ёсць і сёння ў паўднёвай сцяне. Яшчэ Ткачоў знайшоў яго апісанне ў летапісе. Калі немцы акружылі замак (мабыць, узгадваюцца падзеі 1392 г.), гарнізон вырашыў ўцячы. Па гэтаму ходу ў сцяне адкрывалася дзірка, спускалася вяровачная лесвіца, і праз балота ўсе паганцы ўцякалі. Калі крыжакі ўвайшлі ў замак, то тут ужо нікога не было.
“Другі раз набег быў зроблены зімой 1392 года, калі балоты вакол умацавання скаваў лёд. Захопнікі спалілі навакольныя будынкі, абрабавалі горад і аблажылі замак. Кіраўнік абароны, князь Карыбут, які меў нязначную колькасць воінаў, вырашыў не чакаць штурму і ноччу праз патаемны ход разам з залогай пакінуў цвердзь. Рыцары захапілі шмат вайсковага рыштунку і зброі” [Трусаў, А. А. Мінулае і сучаснасць Лідскага замка // Лідскі летапісец. – 2007. – №2(38). – С. 17]
Пра рэстаўрацыю
Вежа Гедыміна – муляж поўнасцю. Вежу Вітаўта патрэбна было будаваць на сапраўдных сценах. А гэта цяжэй. Паўночна-ўсходняя вежа адноўлена ў другой палове 1980-х гг. Падчас рэстаўрацыі выкарыстоўвалася вельмі якасная цэгла з Масквы.
Увогуле, пасля доўгіх зацвярджэнняў дакументацыі ў розных установах сюды прыходзяць будаўнікі і робяць па-свойму.
Запісана са слоў Трусава А. А. 18.08.2023 г.