У XIX – першай палове ХХ стагоддзя набываюць папулярнасць даматканыя ходнікі (дарожкі, палавікі, панамоснікі, хадуны). Сэнс назваў гаваркі: яны ляжаць на падлозе (на поле), па іх ходзяць, яны нагадваюць пратаптаныя (пракладзеныя) у пэўным накірунку сцяжынкі-дарожкі, мосцікі: да ложка, да куфра, да стала, да этажэркі ці інш.
Выраб ходнікаў з’явіўся адначасова са з’яўленнем ручнога ткацтва і вязання: ткалі на кроснах, плялі кручкаватым прыстасаваннем. Ад гэтага залежала іх форма. Вытканыя на кроснах, былі доўгія і вузкія. Звязаныя кручком, мелі, часцей, круглую форму.
Матэрыялам для ходнікаў служылі ніткі з пачосаў лёну (грубыя ніткі), баваўняныя ніткі, а таксама рыззё (палосы са старой вопраткі), салома (цыноўкі), каноплі, рагоз, лыка, крапіва. Значна пазней – сінтэтычныя ніткі.
Напачатку ходнікі выкарыстоўвалі, каб засцерагчы ад забруджвання вышараваныя да жаўцізны дзеркачом (венікам без лісця) палавіцы і для ўцяплення халоднай падлогі. З цягам часу яны сталі служыць для ўпрыгожвання хатняй прасторы.
Выкарыстоўвалі ходнікі і для другіх мэт. Часта засцілалі спальныя месцы на печах, сядзенні ў вазках. Падчас сямейных свят (хрэсьбіны, вяселле, Каляды і інш.) засцілалі лавы і нават пакрывалі куфры.
Нашы продкі лічылі, што ходнік мае аберагальную функцыю: выганяе зло з хатняй прасторы, таму сачылі за яго чысцінёй і стараліся заслаць падлогу ўздоўж палавіц. З такой жа мэтай некаторыя гаспадыні ў якасці абярэга клалі пад ходнік жалезны прадмет (нож). Летам ходнікі мылі на бягучай вадзе, пастукваючы пранікам, сушылі ў цянёчку (каб не выгаралі на сонцы). Зімой – выбівалі на снезе.
Сёння такі від ручнога ткацтва, як ходнік, запатрабаваны ў аматараў прыўнесці ў інтэр’ер каларыт сялянскага побыту. Адраджаецца ткацтва ходнікаў у ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці” народным майстрам Рэспублікі Беларусь Сільвановіч Валянцінай і майстрам Шылкоўскай Марыяй у тэхніцы двухнітовага і чатырохнітовага ткацтва. Ходнікі карыстаюцца попытам на ярмарках і ў сувенірнай краме аддзела рамёстваў.
Куратар праекта “Слоўка за слоўкам” навуковы супрацоўнік І. Клімовіч.
Ходнікі ў атмасферна-этнаграфічнай гасцёўні “Час. Традыцыі. Вобразы”
Часткова выкарыстаны інтэрнэтрэсурсы: